Беларус рызыкнуў сваім Lexus — і прайграў: аўто з кантрабандай затрымалі памежнікі
pasienis.lt.
Выпадак адбыўся ў мінулую пятніцу. Літоўскія памежнікі спынілі аўтамабіль Lexus RX300 на ўездзе ў вёску Сіруцішкес Віленскага раёна, на дарозе Шумскас — Вільня, паведамляе Рэгіянальная газета са спасылкай на Памежную службу Літвы.
Кіроўца, 37-гадовы грамадзянін Беларусі, быў у Літве законна і меў пры сабе дакументы. Памежнікі ўсё ж вырашылі праверыць аўтамабіль у пункце пропуску «Мядзінінкай», дзе ёсць памяшканне і абсталяванне, неабходныя для пільнай праверкі.
Рэнтгенаўскае абследаванне паказала, што аўтамабіль абсталяваны хованкамі. У прыватнасці, у паліўным баку была адмысловая адтуліна, у даху таксама знайшлі тайнік. Памежнікі выцягнулі 964 пачкі цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.
У сувязі з парушэннем правілаў перамяшчэння акцызных тавараў у дачыненні да грамадзяніна Беларусі распачалі адміністрацыйную справу. За такое парушэнне яго пакараюць штрафам у памеры ад 5200 да 6000 еўра.
Пасля допыту беларуса вызвалілі да суда. Аўтамабіль і кантрабандны груз захоўваюцца ў памежнай службе Кяна.