Падазраюць рабочага, які будаваў царкву? Новыя падрабязнасці забойства жонкі святара
2 кастрычніка ў Азарычах знайшлі забітай 42-гадовую Таццяну Агіевіч, жонку мясцовага праваслаўнага святара. У той жа дзень у якасці падазраванага затрымалі яе мужа, настаяцеля храма святых апосталаў Пятра і Паўла, іерэя Георгія Агіевіча.
Таццяна Агіевіч
Праўда, увечары 3 кастрычніка святара ўжо адпусцілі.
Высветлілася, што затрыманы іншы падазраваны, 23-гадовы хлопец, ураджэнец суседняга аграгарадка Ліпаў. Хлопца завуць Віктар Марозаў.
«У Ліпаве ён не жыве. Зарэгістраваны тут, але пастаянна ездзіў на заробкі», — распавялі ў сельсавеце.
Апошнім часам Марозаў разам з напарнікам працаваў на будоўлі царквы ў Азарычах, дзе іерэй Георгій перабудоўваў былую краму ў праваслаўны храм.
«Усімі справамі па царкве займаўся айцец Георгій з жонкай. Яна вяла бухгалтэрыю, адказвала за царкоўную лаўку. Будоўля ішла павольна, бо святар рабіў яе за свае грошы. Людзі дапамагалі час ад часу, але прыход у нас маленькі, грошай у людзей няшмат, — расказвае сяброўка загінулай Таццяны. — А гэты хлопец, якога затрымалі, займаўся аздабленнем».
Атрымліваецца, што падазраванага ў забойстве сваёй жонкі запрасіў на працу сам святар. Як кажуць мясцовыя, рабочыя на будоўлі перыядычна мяняліся. Марозава і яго напарніка на працу і з працы вазіў сам іерэй Агіевіч.
Увечары 3 кастрычніка міліцыянты прывозілі затрыманага Марозава ў Азарычы, праводзілі следчы эксперымент.
Айца Георгія ў Азарычы ўвечары 3 кастрычніка таксама прывезла міліцыя. Святара сустрэў сын. Пасля яны паехалі ў вёску Рубель, што ў Столінскім раёне. Адтуль родам і Таццяна, і Георгій, там яны і пазнаёміліся ў маладосці. 4 кастрычніка там прайшло пахаванне забітай.