Знайсці
31.03.2006 / 00:01РусŁacБел

Кроў на Дзень Волі

У Дзень Волі, едучы на плошчу, мы пачулі ў мэтро папярэджаньне: цягнік на станцыі «Кастрычніцкая» не спыняецца. На пытаньне маленькай дзяўчынкі «Чаму?» яе мама толькі змрочна пахітала галавой. Большасьць людзей у вагоне адказ ведал

У Дзень Волі, едучы на плошчу, мы пачулі ў мэтро папярэджаньне: цягнік на станцыі «Кастрычніцкая» не спыняецца. На пытаньне маленькай дзяўчынкі «Чаму?» яе мама толькі змрочна пахітала галавой. Большасьць людзей у вагоне адказ ведал

Скрыжаваньне праспэкту і вуліцы Леніна. З розных бакоў – каля ГУМу, каля Нацбанку, каля «Макдоналдсу» – стаіць па пару соцень людзей, «запакаваных» спэцназам у чорным. Міліцыянты, пашыхтаваныя ў некалькі шэрагаў, налягаюць на людзей, адціскаючы ў супрацьлеглы ад плошчы бок. Людзі час ад часу робяць спробы вырвацца на праспэкт, але ўсё ж патроху пасоўваюцца ў бок Паштамту. Крычалку «Міліцыя з народам» хтосьці перарабіў, замяніўшы «народ» на «ўрода». Невялікая аварыя, што здарылася непадалёк ад будынку КДБ, выклікала саркастычную ўсьмешку: «Столькі ДАІшнікаў – а толку?»

Праз тэлефоны разьбітая на часткі калёна дэманстрантаў каардынуецца: Мілінкевіч будзе ў Купалаўскім сквэры, усе кіруемся туды, абыходзячы спэцназ. На скрыжаваньні вуліц Маркса і Леніна давялося спыніцца: у аўтобусы вярталася ачапленьне з плошчы. Відовішча ўражвала – той колькасьці міліцыі з гакам хапіла б, каб спыніць людзей на праспэкце. А гэта ж былі далёка ня ўсе. За рогам вуліцы прыпаркаваныя новенькія «МАЗы», у якіх у ноч на 24 сакавіка вывозілі з плошчы мітынгоўцаў. «Карнікі! – выгукнула бабуля з гвазьдзіком, разглядаючы спэцтранспарт. – Вось такія і ў вайну людзей зь сьвету зжывалі»

З «карнікамі» ў чорным яшчэ раз сутыкнуліся на лесьвіцы, спускаючыся да вуліцы Багдановіча. Многія зь іх адводзілі позіркі.

«Мы з вамі!»

Вялікую калёну дэманстрантаў мы нагналі ля 2-й клінічнай бальніцы. Два маладзёны набылі ў шапіку па «Саўбелцы», са сьмехам парвалі газэціны на шматкі і трэсьлі імі астатні шлях да сквэру. З машыны, што спынілася на чырвонае сьвятло, жанчына пракрычала: «Мы ня можам прыйсьці сёньня на акцыю, але мы з вамі!»

Мітынг

Ад помніка Янку Купалу даносіліся выбухі: «Жыве Беларусь!» і «Разам!» – пакуль мы дабіраліся, мітынг пачаўся. Побач з намі сустрэліся студэнты і іх выкладчыкі. І тыя, і другія, мабыць, не чакалі ўбачыць тут адзін аднаго, але відавочна прыйшлі з аднолькавай мэтай.

Пульхны дзяцюк-прадпрымальнік скардзіўся на менчукоў: «Прас...лі Майдан! Мы хіба наезьдзімся з рэгіёнаў? Каб я, напрыклад, быў мянчук, то абавязкова прыйшоў бы на плошчу і ўсіх сваіх прывёў бы. І начаваць застаўся б!»

Народнае ДАІ

Пасьля выступу Аляксандра Казуліна людзі пачалі фармаваць калёну. Па натоўпе пранеслася: «Ідзём на Акрэсьціна, падтрымаем нашых!» Хто аўтар такой ідэі і колькі ісьці да Акрэсьціна, шмат хто даведаўся пасьля з інтэрнэту.

Калёна ўвесь час папаўнялася за кошт мінакоў і пасажыраў грамадзкага транспарту, што, пабачыўшы людзей пад сьцягамі, з кветкамі і балёнікамі, далучаліся да шэсьця. Людзі ішлі па ходніках, настроеныя былі выключна мірна. Толькі аднойчы ў раёне перасячэньня з вуліцай Гарадзкі вал адбыўся інцыдэнт: вадзіцель адной з машынаў, незадаволены тым, што яму не даюць праехаць, выйшаў і пачаў лаяцца на дэманстрантаў. Тады нехта ўзяўся кіраваць рухам, па чарзе прапускаючы групы людзей і аўто.

Першыя перасьцярогі

Удзельнікі шэсьця пачалі атрымліваць sмs-кі пра магчымы разгон. Знаёмыя, што сядзелі ў Інтэрнэце, паведамлялі пра высоўваньне ў раён праспэкту Дзяржынскага вялікіх сілаў міліцыі і вайскоўцаў. На людзей гэтыя паведамленьні мала дзейнічалі – колькі ўжо такім спосабам ім манілі пра «выбухі» і «праліцьцё крыві». Калёна працягвала рух. Аўто, што праносіліся побач з дэманстрантамі, вітальна сыгналілі. На сыгнал салідарнасьці наважыўся нават вадзіцель сустрэчнага тралейбуса.

Сутычка

Каля тэатру Музкамэдыі па натоўпе пранеслася: «Кардон!» Дэманстранты пачулі застрашвальны грукат дубінак па шчытах. Дасьвечаныя пазнавалі па форме СОБРаўцаў і вайскоўцаў унутраных войскаў. Калёны параўняліся. З-за шчытоў наперад выступіў Паўлічэнка ў суправаджэньні двух ахоўнікаў. Яны перашкодзілі Казуліну, што разам зь сьвятарамі выйшаў з натоўпу дамовіцца, як высьветлілася пазьней, аб мірным сыходзе мерапрыемства. Перамоваў ня выйшла. Пачаўся брутальны разгон. Паўсюль званілі тэлефоны, людзі нэрвова крычалі: «Нас разганяюць! Нешта выбухнула!» Па гуку гэтыя выбухі нагадвалі вайсковыя выбуховыя пакеты. Пачалі зьяўляцца першыя ахвяры калатнечы – з пабітымі насамі, сінякамі. Нехта, кульгаючы, спрабаваў ускараскацца на схіл, але скаціўся акурат пад ногі «праваахоўнікам», каторыя ўчацьвярох пачалі біць яго хто чым. Некалькі чалавек ляжалі паблізу ходнікаў нерухомыя.

Зачыстка тэрыторыі

Пачулася сырэна «хуткай». Нейкі час яна не магла прабіцца да месца, дзе проста на асфальце ляжаў нерухомы сталы мужчына з акрываўленай галавой. Па натоўпе там-сям пачало праносіцца: «Тут забітыя!» Мэдыкі не маглі прабіцца праз ачапленьне. У розных месцах працягвалася зьбіцьцё дэманстрантаў: білі ўсіх – дзяўчат, жанчын, пажылых і маладых. Пры гэтым амапаўцы брудна лаяліся.

Побач нехта закрычаў: «Казуліна б’юць!» Калі я падбег да месца падзеяў, экс-кандыдата ў прэзыдэнты ўжо зацягвалі ў аўтобус. «Касманаўты» ў гэты час білі сьвятароў, што хацелі заступіцца за Казуліна.

Натоўп рассыпаўся па вуліцы. Дэманстранты пачалі зьбірацца ў невялічкія групы. Дзе-нідзе працягвалі скандаваць лёзунгі. Нехта прапанаваў вяртацца ў цэнтар.

Па дарозе на ўдзельнікаў шэсьця распачалася сапраўднае паляваньне. Асабліва лютавалі людзі ў форме на скрыжаваньні вуліцаў Нямігі і Караля.

Спэцназаўцы ўварваліся нават на другі знадворны паверх «Гандлёвага дому на Нямізе» – зьбівалі ўсіх, хто меў хоць нейкія адзнакі мітынгоўцаў: значкі, джынсавыя стужкі – альбо прыкметы нядаўняга кантакту з «праваахоўнікамі» на праспэкце Дзяржынскага.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930