Кіраўнік украінскай разведкі: Дзяніса Кірэева забілі ў машыне СБУ і выкінулі на вуліцу, гэта факт
Украінскага банкіра, выведніка і ўдзельніка перамоў з Расіяй Дзяніса Кірэева забілі ў аўтамабілі СБУ, пасля чаго ягонае цела выкінулі на вуліцу Кіева. Пра гэта ў інтэрв'ю Украінскай службе «Радыё Свабода» заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Кірыла Буданаў.
Дзяніс Кірэеў (справа) з Кірылам Буданавым
Па словах Буданава, Кірэеў быў не проста агентам ГУР:
ён шмат гадоў супрацоўнічаў з разведкай, быў у штаце ўстановы і праходзіў праверкі.
На пытанне, ці падзяляе ён версію пра тое, што разведчыка забілі супрацоўнікі СБУ, Буданаў адказаў станоўча:
«Я падзяляю меркаванне і веру фактам, што спадар Кірэеў быў забіты ў аўтамабілі СБУ, калі яны правялі [аператыўнае] мерапрыемства па гэтай асобе. Гэты факт зафіксаваны, гэта ў матэрыялах расследавання. Усё астатняе — расследаванне вядзе Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны. Я не маю права каментаваць гэтую інфармацыю.
Тое, што яго забілі ў гэтым аўтамабілі супрацоўнікі, — гэта факт».
Прадстаўнік Мінабароны таксама расказаў, што пасля забойства Кірэева размаўляў з тагачасным кіраўніком СБУ Іванам Баканавым, і той не змог яму растлумачыць смерць разведчыка.
Расказаў Буданаў і пра тое, якая місія была ўскладзена на Кірэева падчас перамоў з Расіяй:
«Паколькі чалавек ужо загінуў, мы можам пра гэта казаць:
галоўная задача, якую мы яму паставілі — гэта зацягнуць працэс для таго, каб выйграць час.
Бо спадар Кірэеў асабіста ведаў двух чалавек з таго перамоўнага працэсу, якія прадстаўлялі расійскі бок».