Знайсці
22.09.2022 / 19:551РусŁacБел

«У чаканні лістоў Мацвей мог коламі хадзіць па камеры». Сукамернік расказаў пра 19-гадовага студэнта, яшчэ адну невядомую ахвяру лукашыстаў

Пра яго затрыманне стала вядома яшчэ ў лістападзе мінулага года, але толькі днямі праваабаронцы даведаліся, што ён застаецца за кратамі. А ўчора стала вядома, што яму прысудзілі два гады і два месяцы пазбаўлення волі. «Нашай Ніве» ўдалося знайсці яго сукамерніка.

Фота: сацсеткі

Мацвею Гранкевічу цяпер 21 год. Ён нарадзіўся ў непрыкметнай вёсцы Нёманіца Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. У 2018 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт на гістарычны факультэт. Паспеў правучыцца там два з паловай года.

Мацвей Гранкевіч на першым курсе. Фота: сайт БДПУ

Вядома, што Мацвей удзельнічаў у пратэстах у 2020 годзе. Яго затрымлівалі 23 верасня 2020 года падчас пратэстаў супраць «тайнай інаўгурацыі» Лукашэнкі. Тады яму прысудзілі штраф.

Першае паведамленне пра затрыманне Мацвея з'явілася 16 лістапада на невялікім канале «Салідарнасць БДПУ». Там прыводзіцца скрыншот з відэа яго допыту і паведамляецца, што хлопца затрымалі за каментары і ўдзел у адзінаццаці розных акцыях, а таксама што ў яго ў тэлеграме было шмат інфармацыі. З таго часу след хлопца фактычна згубіўся.

Пра яго стала вядома толькі зараз. Мацвея ўключылі ў гэтак званы «тэрарыстычны» спіс КДБ. Стала вядома, што яго вінавацяць па двух артыкулах крымінальнага кодэксу — 342 («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і 130 («Распальванне варожасці або варажнечы»). Пры канцы жніўня яму прысудзілі 2 гады і 2 месяцы турмы, а цяпер перавялі ў Магілёўскую турму.

Скрыншот з відэа, змантажаванага на аснове допыту

Вядома, што ў Мацвея добрая сям'я, ёсць сястра Марыя, старэйшая за яго на сем гадоў. Мы знайшлі сяброўку Мацвея, якая расказала нам пра яго:

«Мацвей добры хлопец. Вучыўся на гістарычным факультэце, глядзеў серыялы, кіно. Звычайны чалавек. Звычайны хлопец, якіх мільёны. Пазітыўны, глядзіць на жыццё з гумарам. Аніякім «тэрарыстам» я назваць яго не магу».

Мацвей. Фота: сацсеткі

Мы знайшлі мужчыну, які сядзеў з Мацвеем на Валадарцы ў адной камеры.

«Мацвей — прыстойны, начытаны і прыемны ў зносінах хлопец. Па характары ён сарамлівы, сціплы і зусім неканфліктны. Ён добра ведае гісторыю і шмат чым цікавіцца, нават выкладаў яе, хоць толькі вучыўся.

Хлопец мае праблемы з дыкцыяй, заікаецца і невыразна прамаўляе некаторыя гукі. Не магу сказаць, ці было ў яго гэта да затрымання, але ў хвалюючыя моманты гэтая праблема больш выразна праяўляецца. 

У чаканні навінаў, лістоў, сустрэч Мацвей мог коламі хадзіць па камеры і рэфлексаваць. І ў гэты момант ён быццам замыкаўся ўнутры сябе. Але так ці інакш за ўвесь час усе сукамернікі, уключаючы мяне, падтрымлівалі з ім пастаянны кантакт: размаўлялі, жартавалі, спачувалі, бо разумелі, што для яго гэтыя ўмовы невыносныя. Ён не быў гатовы да пазбаўлення волі. 

Пра яго справу я ведаю няшмат, толькі тое, што звязаная яна з рэпостамі і каментарамі, а таксама з удзелам у маршах пратэсту. Я не любіў гаварыць пра тое, за што чалавек сядзіць, бо па мне гэта залішняе: уганяе ў дэпрэсію і выклікае сумневы і падазрэнні ў чалавека. І ўвогуле ў такіх месцах не прынята распытваць пра тое, хто за што сядзіць. Мы ўсёй камерай моцна спадзяваліся, што яму пакінуць толькі 342-гі артыкул, але аказалася, што яму прыпісалі яшчэ 130-ы.

Родныя яго падтрымлівалі: пісалі лісты, прыходзілі на спатканні і адпраўлялі перадачкі, з гэтым праблем не было. Мацвей не быў у баку ад сукамернікаў, наадварот, ён заўсёды ўдзельнічаў ва ўсіх актыўнасцях.

Нічога дрэннага пра Мацвея я сказаць не магу дакладна, толькі ўсё самае добрае. Гэта сапраўды добры і светлы чалавек, месцамі наіўны, але ўсё ж прыстойны і разумны, якому жыццё дало вельмі цяжкае выпрабаванне».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
79
Абуральна
50
1
Геноцид/адказаць/
22.09.2022
Российская оккупационная администрация проводит геноцид на оккупированной территории Беларуси. Это не слова - это конкретный и дословный факт, российская администрация проводит целенаправленную политику геноцида на оккупированной территории
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930