Знайсці
07.09.2022 / 19:50 1

Слуцк прыняў выклік Капыля і таксама хоча дадаць сабе гадоў. Але ёсць нюансы

Старшыня Слуцкага райвыканкама Уладзімір Гога расказаў раённай газеце «Слуцкі край», чаму датай заснавання Слуцка трэба лічыць 1005 год, а не 1116-ы. Чыноўнікам заўсёды хочацца, каб на іхняй тэрыторыі падчас іхняга кіравання ўсяго прырастала, у тым ліку і гадоў у гарадской біяграфіі. Тым больш калі суседскі Капыль яшчэ ў 2016 годзе пайшоў гэтым самым шляхам і валявым рашэннем дадаў сабе аж 268 гадоў, апярэдзіўшы Слуцк больш чым на 100 гадоў. Чаму б не ўзяць рэванш? Але насамрэч тут вертыкальшчыкі залазяць не ў сваю парафію. 

Слуцк XV стагоддзя. Малюнак Ігара Ермакова

Раённы вертыкальшчык сказаў наступнае:

«Нам вядома, што Слуцк упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1116 годзе. Але археалагічныя раскопкі, якія неаднойчы праводзілі ў нашым горадзе, сведчаць пра больш ранняе яго ўзнікненне, ужо ў X—XI стагоддзях.

Мы вырашылі звярнуцца да іншых крыніц. У Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пацвердзілі больш ранні ўспамін Слуцка: у Устаўной Грамаце аб утварэнні кіеўскім князем Уладзімірам епіскапіі ў Тураве 6513 года (1005/1006 гадоў). Устаўная грамата захавалася ў складзе «Пячэрскага пацерыка». Яе арыгінал захоўваецца ў Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве ў зборы Троіца-Сергіевай лаўры.

Наяўнасць археалагічнага матэрыяла X—XI стагоддзяў, выяўленага пры раскопках Слуцка, і згадка дадзенага населенага пункта як горада ці пагоста ў статутнай грамаце 1005 года аб утварэнні Тураўскай епархіі дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што 1005 год — дата першага ўпамінання Слуцка ў пісьмовых крыніцах. Такім чынам, летазлічэнне Слуцка неабходна весці пачынаючы з 1005 года».

Увогуле ідэя перанесці больш чым на стагоддзе дату заснавання Слуцка не новая. Яшчэ ў 1990-я гады краязнаўца Рыгор Родчанка прапаноўваў перагледзець узрост Слуцка і лічыць такім не 1116 год, а 1005-ы. Ён таксама грунтаваўся на вышэйзгаданай статутнай грамаце. Прапанову краязнаўца падзялялі і некаторыя грамадскія дзеячы. Але акадэмічная навука тады не падтрымала іх энтузіязму.

Рэч у тым, што ў навукоўцаў у дачыненні да крыніц куды больш крытычны погляд, чым у краязнаўцаў і раённых вертыкальшчыкаў. Пісьмовых крыніц па старажытнай гісторыі нашых земляў захавалася мала, таму яны вельмі грунтоўна даследуюцца з усіх магчымых бакоў. Навукоўцам можа быць важна не толькі тое, што напісана, але і як, і на чым напісана. А галоўнае — калі напісана, што можа вызначацца паводле ўскосных сведчанняў. 

Тую грамату, якую згадвае слуцкі вертыкальшчык, яшчэ ў 1960-я гады даследаваў вядомы маскоўскі навуковец Яраслаў Шчапаў, які на падставе вельмі грунтоўнага аналізу зрабіў наступную выснову:

«Відавочна, шэраг палажэнняў граматы, якія адносяцца да заснавання Тураўскай епіскапіі, у тым ліку імя першага епіскапа і нават год яе заснавання, мог быць унесены ў яе на падставе мясцовай пісьмовай традыцыі, але сама гэта грамата не належыць ХІ стагоддзю. Трэба пагадзіцца з А. С. Грушэўскім, што «вызначэнне межаў Тураўскай епіскапіі ў гэтым артыкуле ўяўляе ўскосную згадку на час складання артыкула: у цяперашнім сваім выглядзе ён узнік толькі ў літоўскі перыяд». У грамаце сярод крыніц забеспячэння епіскапіі на першае месца пастаўленыя «сёлы» і «вінаграды», а дзесяціны «ад жыта» на апошняе, што адрознівае гэты помнік ад статута Уладзіміра і адпавядае, відавочна, умовам XIV стагоддзя». 

З таго часу навукоўцы не знайшлі ніякіх новых звестак, якія дазволілі б паставіць гэтую выснову Шчапава — а ў ягонай кваліфікацыі сумнявацца не даводзіцца — пад сумнеў. Але гісторыкі-аматары, а следам за імі і начальнікі, прапануюць не слухаць навукоўцаў і проста разумець тое, што напісана ў крыніцы, літаральна. Навукоўцы, натуральна, супраць такога падыходу, каб дзеля рэгіянальнага патрыятызму ў нішто ставілі навуку.

Наяўнасць у горадзе археалагічных пластоў, старэйшых за афіцыйную дату яго заснавання, ніякім аргументам за яе перанос у дадзеным выпадку не з'яўляецца. Бо Слуцк тут ніякі не унікум, тое самае можна сказаць фактычна пра любы горад у свеце, за афіцыйную дату заснавання якога прынятая дата згадкі ў гістарычнай крыніцы. Прыняцце менавіта такой даты як умоўнай даты заснавання — агульнапрынятая практыка, якая дазволіць пазбягаць непатрэбнай блытаніны. Тое ж, што насамрэч горад старэйшы, чым фармальна лічыцца, заўсёды трымаецца ў галаве і маецца на ўвазе.

Зрэшты, гэтым разам кіраўнік Слуцкага раёна апелюе да аўтарытэта Інстытута гісторыі НАНБ, што нібыта ён пацвердзіў новую дату. Цікава, аднак, у якой форме гэта адбывалася? Магчыма, што супрацоўнікі акадэмічнага інстытута проста пацвердзілі, што ўвогуле такая крыніца фізічна ёсць і ў ёй пазначаная гэтая дата. Але гэта не раўназначна таму, што яны афіцыйна падтрымалі мэтазгоднасць змены даты заснавання горада. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Верасень / адказаць
07.09.2022
Есць інфа, што Рэм і Ромул родам з-пад Капыля... Ваўчыца таксама капыльская.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4
5 6 7 8 9 10 11
12 13 14 15 16 17 18
19 20 21 22 23 24 25
26 27 28 29 30 31