Знайсці
04.07.2022 / 10:5916РусŁacБел

«Я сам выйшаў на КДБ і прапанаваў ім супрацоўніцтва». Сябра Сойма Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч прызнаўся ў супрацоўніцтве са спецслужбамі

У сярэдзіне красавіка праваабаронцы паведамілі аб затрыманні ў Мінску сябра Сойма Партыі БНФ, прадпрымальніка Змітра Каспяровіча. Калі карэспандэнт «Свабоды» задаў у сярэдзіне чэрвеня пытанне праваабаронцам, чаму Змітра не абвяшчаюць палітвязнем, яны адказалі, што той на волі.

Сябры Каспяровіча нефармальна расказвалі, што яго статус незразумелы. Маўляў, Зміцер на волі, але не зусім. Некаторыя нават казалі пра хатні арышт. На паведамленне ў сацсетках сам Зміцер нечакана адказаў па-руску, што яму неўласціва: «Я немного приболел».

Толькі 30 чэрвеня Каспяровіч змог выехаць у Літву, дзе падрабязна расказаў сваю гісторыю «Свабодзе».

«Я вырашыў скакаць з другога паверху»

Змітру Каспяровічу 40 гадоў. Ён мінчук. На працягу 20 гадоў уваходзіў у патрыятычныя арганізацыі — быў у «Маладым фронце», потым у партыі БНФ. У 2006 годзе атрымаў паўгода арышту за спробу вывесіць бела-чырвона-белы сцяг над Мінгарвыканкамам. Быў прызнаны палітвязнем.

Вазіў экскурсіі па Беларусі. Зміцер — заўзяты падарожнік, ён наведаў больш за 70 краін свету. Пасля ўзмацнення рэпрэсій жыў у Варшаве, але вярнуўся ў Мінск у першыя дні сакавіка.

«Мне здалося, што пасля рэферэндуму можа быць пэўная адліга, людзей пачнуць выпускаць з турмаў, — расказвае Каспяровіч. — Былі пэўныя сігналы… Хаця не выключаю, што ўсё гэта я проста сам сабе прыдумаў, хутчэй за ўсё, што так і было. Я прыехаў у Мінск часова. Трэба было вырашыць пэўныя юрыдычныя праблемы. Літаральна праз паўтара дня пасля прыезду ў маю кватэру на вуліцы Бяды а дзясятай раніцы спрабавалі ўварвацца людзі з аўтаматамі, шчытамі, у масках».

Зміцер па сёння дакладна не ведае, хто гэта быў, ГУБАЗіК ці «Альфа». Спачатку, па словах мужчыны, яны званілі ў дзверы, а потым пачалі іх выломваць.

«Ува мне нешта спрацавала. Калісьці я займаўся скалалажаннем; можа, збоку гэта выглядае нейкім вар’яцтвам, але мне дастаткова проста спусціцца з кватэры на ніжнія паверхі. Ніякага адмысловага абсталявання ў мяне не было. Спачатку пагрукаў у кватэру на трэцім паверсе — там нікога не было. А вось на другім мяне пусцілі. Праўда, хутка папрасілі сыходзіць. Я вырашыў скакаць з другога паверху. Скокнуў на плітку, зламаў пятку», — расказвае Зміцер.

«Я набраў на Whatsapp і прапанаваў сустрэчу»

Па словах Каспяровіча, ніхто з сілавікоў не чакаў, што ён зможа спусціцца з чацвёртага паверху, таму ўнізе нікога з іх не было. Зміцер расказвае, што ў мароз −2 градусы ён быў басанож. Спачатку звярнуўся да таксіста. Расказаў, што да яго прыйшоў ГУБАЗіК, але той не дапамог. Толькі потым падвезці Змітра да Зялёнага Лугу пагадзілася нейкая жанчына.

«Мне званілі, звярталіся на вы: «Вяртайцеся, вам нічога не будзе». Ага, вы толькі што выбілі дзверы ў кватэры — і мне нічога не будзе. Я прыбег да свайго сябра А., ён мне даў абутак, швэдар. Пяць дзён я хаваўся ў яго. У мяне быў варыянт нелегальна пераходзіць мяжу праз лес, але як гэта зрабіць з паламанай нагой? У той час я перасоўваўся на вазку, а ў прыбіральню хадзіў на карачках. У выніку я вырашыў сам выйсці на КДБ, з кантактам дапамаглі знаёмыя. Мне далі нумар, я набраў яго на Whatsapp і прапанаваў сустрэчу».

Зміцер кажа, што сустрэча адбывалася на Паўночных могілках. Ён прыехаў туды на аўтамабілі, супрацоўнік КДБ — таксама на аўто.

«У тым месцы шмат усялякіх развязак, каб хутчэй паспрабаваць уцячы. Усё трымалася на чэсным слове. Ён сеў у маю машыну і мы крыху ад’ехалі. Фактычна, я сказаў, што не супраць супрацоўніцтва. Нічога тады канкрэтнага не прагучала. Праз нейкі час мне прызначылі сустрэчу ля колішняга кінатэатра «Змена». Супрацоўнік КДБ выйшаў з блізкага ўпраўлення і зноў сеў у машыну да мяне. Ён сказаў, што не давярае мне. І ў любы момант яны могуць здаць мяне ГУБАЗіКу, але прапанавалі прайсці размову на дэтэктары хлусні».

«Пыталіся, ці ведаю я супрацоўнікаў замежных спецслужбаў»

Пасля гэтага, па словах Каспяровіча, ён разам з двума супрацоўнікамі КДБ, якія былі прыстаўленыя да яго ў якасці ахоўнікаў, паехалі да яго дадому. Ніхто не прапаноўваў падпісаць паперку аб супрацоўніцтве. Каспяровіч кажа, што прагучала ідэя запісацца на відэа, але ён адмовіўся, ніхто больш не настойваў.

«Дома ў мяне было два ці тры допыты, якія запісваліся на аўдыя. Потым уначы мы бухалі разам з прыстаўленымі да мяне супрацоўнікамі. Думаю, у кватэры таксама стаяла праслухоўванне. Я калісьці ўжо знаходзіў у хаце «жучок», яшчэ раней. Думаў, што ён маленькі, а там такая здаровая штука, яе закінулі ў такое месца, куды я ніколі не зазіраў. Зразумела, я мог нешта сказаць, але нічога істотнага дакладна не гаварыў. Я ратаваў сваё жыццё. Як там у ізраільскай арміі: калі трапляеш у палон, то маеш права на любыя дзеянні з мэтай захавання жыцця».

Праз колькі дзён пасля гэтага адбыўся допыт на паліграфе. Як сцьвярджае Зміцер, ён праходзіў у гатэлі «Манастырскі», што ў Верхнім горадзе. Падчас гэтай працэдуры супрацоўнікаў КДБ найбольш цікавіла, ці меў мужчына кантакты з замежнымі спецслужбамі.

«Я прайшоў паліграф. Я шмат з кім камунікую, у мяне шмат знаёмых, адкуль я магу ведаць, ці хтосьці з іх працуе ў спецслужбах. Праз пару дзён з кватэры з'ехалі супрацоўнікі КДБ, якіх да мяне прыставілі. Куды я магу ўцячы з паламанымі нагамі? Адзінае патрабаванне да мяне было — паведамляць пра ўсе выхады з кватэры. Я так ад гэтага стаміўся, што пачаў нават груба адказваць, ці трэба мне паведамляць, калі я захачу памастурбаваць не ў хаце? Кажуць, не, пра такое не трэба. А вось з кім сустракаюся і размаўляю — абавязкова. У той час я свядома абмежаваў усе свае кантакты, каб нікога не падставіць».

«Лепш гаварыць праўду»

Тым не менш вядома пра затрыманне двух чалавек, якія дапамагалі Каспяровічу хавацца ад сілавікоў. Некаторыя мяркуюць, што менавіта паказанні Зьмітра маглі быць вырашальнымі ў тых арыштах. Сам мужчына гэта абвяргае.

«У мяне ёсць версія, чаму затрымалі Б. Там магла быць эканамічная гісторыя, дзе фігуруюць вялікія грошы. А. проста быў разам на кватэры з Б. (У рэдакцыі ёсць імёны затрыманых. — РС), калі другога прыйшлі затрымліваць, знайшлі ў тэлефоне фоткі з пратэстаў. Ніякага дачынення да гэтага затрымання я не маю».

Зміцер кажа, што супрацоўнікаў спецслужбаў найбольш цікавілі розныя прадстаўнікі палітычнай эміграцыі.

«Мяне ўвесь час распытвалі пра Варшаву — Латушку, Лявончыка, чамусьці Дзіянава. Як я зразумеў, у іх няма нармальных агентаў там, таму і вырашылі — раптам са мной атрымаецца. Калі б мяне пасадзілі паводле 342 артыкула, то нічога асабліва б не было, а тут з'явіўся шанец, што я буду сачыць за рознымі людзьмі», — кажа Зміцер.

Калі Каспяровіч выязджаў аўтобусам у Літву, то яго затрымалі на мяжы.

«Я быў у спісах на арышт. У мяне атрымалася патэлефанаваць чалавеку ў КДБ, які паабяцаў, што мяне «адмажуць». Праз 2,5 гадзіны мяне адпусцілі. Калі я перасек мяжу, то адразу быў гатовы расказаць сваю гісторыю журналістам. Гаварыць праўду — гэта найлепшая абарона».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Cекс.сот./адказаць/
04.07.2022
Пётр,это реклама?))
0
Ляснічы/адказаць/
04.07.2022
Сакрэт Полішынэля. Ён носіць даносы ў КДБ ужо 25 гадоў! Тым самым прыкрывае сваю нелегальную дзейнасць па продажы віз шэнген і карт паляка. Так ён зарабіў сабе на кватэру за 200 тыс. даляраў, у Менску. Яго інтэрв'ю проста выдумка яго куратара з КДБ
0
Вася/адказаць/
05.07.2022
Мутная история
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031