Знайсці
26.05.2022 / 19:23РусŁacБел

«Мы «павінны» дзяржаве? Тады і дзяржава мне павінна». Сныціна — пра чыноўнікаў, сваю краму мерчу і тое, чаму верыць у перамогу

Сярод усіх спартсменаў, што выступаюць за перамены ў Беларусі, голас Кацярыны Сныцінай — адзін з самых гучных. Славутая баскетбалістка і былы капітан нацзборнай цяпер гуляе за турэцкі «Нэсібэ Айдын». Пасля заканчэння баскетбольнага сезона ў Турцыі мы сустрэліся з Кацярынай. Чым яна цяпер жыве і што дае ёй веру ў лепшае — у інтэрв'ю «Нашай Нівы».

«У мяне ёсць гульні, у якіх спачатку мы гулялі проста непраглядна, а потым выйгравалі — так і ў жыцці»

«Наша Ніва»: Чым цяпер жыве Кацярына Сныціна?

Кацярына Сныціна: Беларускімі навінамі. Мне здаецца, і я, і людзі навокал — усе мы пастаянна ў гэтай тэме, бо мы ўсе жадаем вярнуцца дадому, у вольную краіну. А яшчэ гуляла ў баскетбол да адпачынку, і гэта быў адзін з самых цяжкіх маіх сезонаў. Не магла дачакацца, пакуль ён скончыцца, бо вельмі хацела хутчэй прыехаць у Вільню і рабіць нарэшце нешта яшчэ акрамя таго, каб проста даваць з Турцыі інтэрв’ю.

«НН»: Сезон быў цяжкі ў маральным плане?

КС: Не толькі. Яшчэ зімой, пасярэдзіне сезона, у мяне здарыліся дзве траўмы, і пасля вяртання на пляцоўку я ўжо не мела такой добрай статыстыкі, як звычайна. А потым бахнула вайна, і мяне зусім накрыла. Ішла на трэніроўку, калі трэба, але было адчуванне, што з мяне нібыта дэментары высмакталі энергію, як у «Гары Потэры». Неяк дацягнула да канца сезона, мая каманда ў выніку заняла чацвёртае месца ў чэмпіянаце.

Калі ў нас пачаліся гульні плэй-оф, сказала сабе: Сныціна, трэба нешта змяняць! Кожную раніцу пачала выходзіць на вуліцу без тэлефона на 20 хвілін, займалася дыхальнай гімнастыкай і практыкавала ўдзячнасць. Такім чынам трохі перавяла сябе на станоўчы настрой і хаця б у канцы сезона гуляла больш-менш падобна да сябе.

«НН»: Калі вы практыкуеце ўдзячнасць, то за што вы цяпер удзячныя?

КС: Пачынаю гэты рытуал вось з чаго: я ўдзячная свайму целу за тое, што маю магчымасць гуляць у баскетбол і раніцай уставаць з ложка. Я ўдзячная сваім бацькам за тое, што яны ў мяне ёсць, удзячная за тое, што свеціць сонца і я магу дыхаць гэтым чыстым і свежым паветрам.

Здаецца, гэта паўсядзённыя моманты, але яны часта праходзяць міма нас. Думаеш: за што мне быць удзячным? А потым пачынаеш шукаць і разумееш, што нават калі ў цябе ўсё ідзе дрэнна, усё роўна ёсць рэчы, за якія ты можаш і павінен быць удзячны проста таму, што яны ёсць у тваім жыцці. Вельмі шмат людзей у маёй краіне цяпер не могуць дыхаць свежым паветрам і смачна снедаць, і шмат хто ва Украіне ўжо ніколі не здолее гэта адчуць.

«НН»: Вы прыхільніца пазітыўнага мыслення?

КС: Так, я такая. А яшчэ як пагляджу, колькі маіх сяброў працягваюць рабіць нешта для Беларусі, кажу сабе: Сныціна, хопіць адпачываць, ну давай ужо! Мяне вельмі натхняе Святлана [Ціханоўская], не ўяўляю, як яна працуе ў такім графіку ўжо другі год. Гэта адзін з тых людзей, хто мяне матывуе.

Першы раз пабачыла яе на мерапрыемствы ў Лукішскай турме ў мінулым годзе. Для мяне яна — увасабленне Беларусі: спакойная, моцная жанчына. У той жа час, як мне паказалася з нашай камунікацыі, яна вельмі простая. Думаю, шмат у каго ёсць такія людзі, каго ты ведаеш пяць хвілін, але разумееш, што гэта — твой чалавек, у мяне так са Святланай.

«НН»: Што плануеце на адпачынак?

КС: Цяпер я збіраюся паездзіць па Еўропе і завітаць да розных дыяспар, гутарыць з беларусамі, якія працягваюць змагацца за ўсіх нас. Хачу браць у іх маленькія інтэрв’ю, каб гэтыя гутаркі паказвалі беларусам унутры краіны, што пра іх не забыліся.

Мы тут усё роўна павінны працягваць асвятляць падзеі ў краіне, бо беларусам у той цемры здаецца, што пра іх забылі і нічога не рухаецца. Гэта мы бачым, што то нейкая краіна выдзеліць дапамогу, то яшчэ недзе пралабіруюць інтарэсы беларусаў, а знутры краіны ўсё гэта выглядае нашмат больш непраглядна.

Але насамрэч, пра Беларусь не забыліся і не забудуцца, пакуль ёсць людзі звонку краіны, і не абавязкова гэта нядаўнія эмігранты. У Вене, дзе я была нядаўна, няма нікога з выехаўшых пасля 2020 года, бо там вельмі цяжка легалізавацца. І ўсё роўна гэта актыўныя людзі, тыя, хто будзе змагацца да перамогі.

У мяне ў кар’ёры ёсць гульні, у якіх спачатку мы гулялі проста непраглядна, а потым выйгравалі — так і ў жыцці. Не маю адказу на тое, што трэба зрабіць, каб перамагчы. Але мая вера базуецца на тым, што прывыкла ва ўсіх рэчах бачыць хоць нешта станоўчае, і на тым, што бачу: людзі не здаюцца. Маю веру мне даюць беларусы.

І я бачу прасвет. Калі нашы дзеці будуць вучыць гісторыю, яны будуць пралістваць за два-тры ўрокі апісанні ўсіх гэтых падзей, якія для нас цягнуцца бясконца доўга. А што тычыцца найгоршага варыянта, то я вырашыла, што перажыву двух дзядоў (усміхаецца).

«Мне не сорамна за тое, што я беларуска, бо ведаю, колькі раблю, каб супрацьстаяць рэжыму»

«НН»: Ваша былая каляжанка па зборнай Ліндсей Хардынг распавяла ў нядаўнім інтэрв’ю, што вельмі расчараваная сваім беларускім пашпартам, бо не думала, што гуляла з тымі, хто здольны падтрымліваць вайну. Разумееце яе?

КС: І ў мяне ёсць лёгкае расчараванне, але яно мне не перашкаджае жыць. Не ведаю, колькі людзей з маёй нацыянальнай каманды падтрымліваюць вайну. Але думаю, што тыя, хто маўчаць, для мяне хутка пяройдуць у разрад прыхільнікаў вайны, бо менавіта праз маўклівую згоду сітуацыя ў нашай краіне дайшла да такога трэшу.

Мне здаецца, ябацькі не зразумелі б Ліндсей. Маўляў, чаму яна яшчэ нешта кажа, калі мы ёй далі пашпарт, у яе атрымалася паехаць з беларускай зборнай на Алімпіяду і яна ўвогуле павінна нам ногі цалаваць? Не! Зборнай быў патрэбны плэймэйкер, баскетбалістка шукала сабе еўрапейскую каманду. Вы сышліся, падпісалі кантракт і павінны адно аднаму толькі тое, што там прапісана. Таму ў мяне няма пытанняў да яе.

«НН»: Дзяржава дазваляе сабе такую рыторыку да шмат каго са спартсменаў.

КС: Вы пра тое, што мы ўсе «павінны» дзяржаве? Тады і дзяржава мне павінна, павінна спакойнае жыццё ў краіне, дзе я не буду баяцца арышту за тое, што выказала сваё ўласнае меркаванне. Гэта двухбаковая гульня.

Ніколі раней у гэта не ўнікала, а цяпер думаю: хто вам даў права так лічыць? Ведаю, што людзі ў міністэрстве [спорту] так і лічаць, бо калі і я з гэтым расла, то яны пражылі з гэтым яшчэ больш часу, яны прызвычаіліся так лічыць. Прапускала такія размовы міма вушэй, але ў нейкі час прачнулася.

Я лічу, што нікому нічога не павінна. Мы мелі кантракт, вы мне плацілі, а я гуляла, рабіла што магла на пляцоўцы, атрымлівала траўмы і разбівала сабе ў кроў калені і локці. Канечне, калі ты гуляеш за нацыянальную каманду, гэта больш эмацыйна, чым выходзіць на пляцоўку ў нейкім чэмпіянаце. Але насамрэч, мы проста працавалі разам, вось і усё.

Успомніла цяпер усе гэтыя размовы, маўляў, хто ты такая. А хто вы такія? Чаму вы ставіце маё жыццё і мае спартовыя якасці на другое месца, а я павінна толькі глядзець на вас і паўтараць, як усё цудоўна ў маёй краіне? Што, калі ў мяне і ў большасці людзей іншае меркаванне?

«НН»: Думаеце, гэтыя чыноўнікі не разумеюць, што краіна ў нас адна?

КС: Так. Іншая справа, калі б мы жылі ў краіне, дзе бабулям не трэба лічыць кожную капейку, дзе людзі з інваліднасцю маглі б у любым горадзе Беларусі самі хаця б наведаць аптэку. Бачу на былым Tut.by шмат нататак пра тое, што трэба сабраць дзіцёнку грошы на ўкол, але чаму гэта робяць людзі, калі гэта праца дзяржавы?

Але ж мы не такая краіна, і таму трэба змяняцца. Лічу, што калі б цяпер была той жа баскетбалісткай, якой была 15 гадоў таму, то не дасягнула б нічога, што маю цяпер. Але на працягу кар’еры я развівалася, у кагосьці сцягвала трэніроўкі, займалася дадаткова, і гэта нармальна. Калі б я не змянілася, для мяне гэта было б жудасна.

І тое ж самае з дзяржавай. Калі ў вас усё добра — окей, але калі ўсё ідзе не туды, хіба вы не можаце падумаць пра тое, што варта нешта змяняць?

«НН»: Міжнародная федэрацыя баскетбола адхіліла беларускую зборную ад усіх сваіх турніраў. Што для вас гэта значыць?

КС: Ведаеце, у каманду з майго чэмпіянату нядаўна прыехалі дзве ўкраінкі. Калі пачалася вайна, яны не маглі вярнуцца дадому, і наш клуб прапанаваў ім гуляць у сябе. У выніку мы спісаліся з імі, і я зрабіла з імі эфір у Instagram.

Спытала ў іх, што яны думаюць пра санкцыі. Мне сказалі: «Мы цяпер не можам гуляць і нават знаходзіцца дома, дык як каманды краін, што на нас напалі, могуць спакойна гуляць? Гэта несправядліва». І я згодная. Таксама спытала ў іх пра тое, што будзе, калі здымуць санкцыі, дык дзяўчаты адказалі, што санкцыі здымуць тады, калі мы ім адбудуем усе [баскетбольныя] залы. Не кіруюся помстай, проста ведаю, што ёсць баскетбалісткі, якія пацярпелі ад дзеянняў рэжымаў.

Мне пісалі, маўляў, спартсмены па-за палітыкай і таму невінаватыя. Разумею, што гэтыя людзі не наводзілі гарматы на Украіну, але дзе справядлівасць? Мая краіна напала на Украіну, таму наша зборная не можа спакойна гуляць, пакуль украінскія дзяўчаты не могуць вярнуцца дадому ці сядзяць пад бамбардзіроўкамі.

Мне таксама пісалі, што ЗША таксама на некага нападалі, і санкцыі тады не ўводзілі. Але, як бы страшна гэта ні гучала, для мяне ўсё гэта было недзе далёка і мяне не закранула. А гэтая вайна адбываецца проста перада мной, і ў гэтым выпадку я лічу, што санкцыі патрэбныя.

«НН»: Чаму лічыце для сябе неабходным гаварыць яшчэ і пра Украіну?

КС: Таму што гэта і мая вайна. Не магу паехаць туды ваяваць, але магу дапамагаць праз свой Instagram. Арганізавала збор для валанцёрскай арганізацыі «Пячэрскія коцікі», таксама для валанцёраў, што дапамагаюць украінскім жывёлам.

Мне самой важна хоць капейкай дапамагчы людзям і жывёлам, і тое ж самае я раблю ў дачыненні да Беларусі. Часам дапамагаю непублічна, бо бывае небяспечна заклікаць да дапамогі некаму ў Беларусі, да каго праз гэтую капейку потым могуць прыйсці.

«НН»: Чаму ўспрымаеце гэтую вайну як сваю?

КС: Таму што з краіны, дзе я вырасла і пашпарт якой маю, ляцяць ракеты на тэрыторыю Украіны, і я не ведаю, колькі жыццяў забралі гэтыя ракеты. Адчуваю і сваю адказнасць. Мне не сорамна за тое, што я беларуска, бо ведаю, колькі раблю, каб супрацьстаяць рэжыму. Думаю, гэта спрыяе таму, каб у нашай гісторыі такое больш ніколі не здарылася.

«Часам трэба стаць чалавекам, які лічыць, што ўсё магчыма»

«НН»: Што рабіць з тымі, хто расчараваў у гэты цяжкі час?

КС: Нічога. Калі кіберпартызаны прадставілі спісы людзей, хто званіў у міліцыю і скардзіўся на пратэстоўцаў, думаю, кожны беларус глядзеў, ці ёсць там яго знаёмыя і суседзі. У той час я падумала: як мы будзем з імі жыць у адной краіне?

А потым зразумела, што такіх людзей — меншасць. Гэтыя людзі могуць быць гучнейшымі за іншых, таму толькі здаецца, што іх больш. Пытанне ў тым, як ім жыць з намі ў новай краіне, дзе будуць законы і правы чалавека, дзе нармальна размаўляць на беларускай і рускай мове і быць тым, кім хочаш? А такая краіна будзе, бо мы да гэтага мэтанакіравана ідзём.

«НН»: Вы кажаце пра новую краіну, але ж яе пакуль што не бачна.

КС: І што? Ёсць шмат спосабаў пераадолець адлегласць да яе, пытанне ў тым, рабіць нешта ці не. Мне здаецца, вельмі важна падтрымліваць тых, хто спрабуе захоўваць актыўнасць. Крытыкаваць рашэнні, напрыклад, Святланы — гэта нармальна, але пасля крытыкі павінен быць абзац з альтэрнатыўнай ідэяй. Калі вы не верыце ў пратэст — проста не перашкаджайце іншым, і тады тыя, хто хоча дабіцца перамогі, атрымаюць яе.

Здаецца, гэта ў мяне з баскетбола. Калі адчуваеш негатыў — не перашкаджай іншым людзям, якія прыйшлі на гэтую гульню і жадаюць яе выйграць.

Магчыма, мы яе прайграем, але потым будзе наступная гульня, і пасля кожнага месяца, у які мы не скінулі рэжым, прыходзіць наступны. І мы будзем змагацца, бо для нас не норма, што людзі гніюць у турмах і што бабулю-пенсіянерку судзяць у клетцы. Што наступнае, гільяціна?

«НН»: Як маецца ваш анлайн-магазін адзення?

КС: Распрацоўваем новыя дызайны. Калі мы яго запусцілі, у мяне было дзіўнае адчуванне: маўляў, я распавядаю пра палітвязняў і суды, і паралельна з гэтым прапаную купляць свой мерч. Здаецца, гэта ў мяне яшчэ з тых часоў, калі лічыла, што не маю права нешта разумець пра палітыку, калі я спартсменка.

А потым падумала, што магу і быць спартсменкай, і змагацца за Беларусь, і яшчэ і прадаваць мерч. Магу быць усім, кім пажадаю, як мінімум за мяжой (усміхаецца).

«НН»: Гэтая ідэя, што спартсмен нічога не разумее ў палітыцы — гэта чыста беларуская з’ява?

КС: Напэўна, не. Калі ў нас пачаліся пратэсты, гутарыла з турчанкамі, і памятаю, што яны даволі павярхоўна распавядалі пра падзеі ў сваёй краіне. Таксама падпісаная на многіх турчанак, і ніколі не бачыла ад іх палітычнага кантэнту ў сацсетках.

Калі гутару з турчанкамі са сваёй каманды, тлумачу ім, што ім не абавязкова выказвацца пра палітыку, але раю хаця б унікнуць у тэму — маўляў, гэта вам спатрэбіцца, бо вы не разумееце, што ў вас ёсць голас. Да 2020 года я пра гэта не задумвалася, не разумела, што магу і што павінна выказваць сваю пазіцыю. Павінна, бо за мной сочаць людзі, у тым ліку мае балельшчыкі, і ім важна ведаць, што я думаю. Магчыма, калі б я і раней абмяркоўвала ў сябе ў сацсетках сітуацыю ў краіне, іншыя людзі таксама б пра яе задумаліся. Гэта да таго, што спартсмены нібыта «па-за палітыкай».

«НН»: Што дапамагае вам цяпер падтрымліваць сувязь з Беларуссю?

КС: У мяне нядаўна спыталі, дзе я цяпер сябе адчуваю як дома, а я не здолела адказаць. Не лічу, што ў мяне ёсць дом недзе акрамя Мінска. Але потым я прыехала ў Вільню, дзе жывуць мае сябры, у тым ліку і найлепшая сяброўка. Зразумела, што і ў гэтым выпадку можна хаця б на некалькі гадзін адчуваць сябе як дома, калі ты разам з блізкімі людзьмі.

«НН»: Што б вы цяпер сказалі беларусам?

КС: Трэба сябе берагчы, і фізічна, і маральна, бо ў гэтым выпадку ў нас будуць сілы змагацца далей. Заўсёды ў вашым акружэнні будуць людзі, якія лічаць, што нічога немагчыма, і тыя, хто верыць, што магчыма ўсё. Часам трэба хаця б праз сілу волі стаць чалавекам, які лічыць, што ўсё магчыма, і быць прыкладам для іншых людзей.

Мне пашчасціла: вакол мяне ёсць людзі, якія са жніўня 2020 года змагаюцца без перапынку. Але разумею, што і сама цяпер стала такім жа чалавекам для іншых людзей, і гэты ланцужок не спыніцца. Проста будзьце сабой, будзьце беларусамі і падтрымлівайце людзей навокал вас.

Як і ў любой спартсменкі, у мяне ёсць на камп’ютары запісы маіх найлепшых гульняў, і цяпер, падчас цяжкага сезона, я вырашыла іх пераглядзець. Пабачыла, як класна я магу гуляць! І цяпер, калі нехта адчувае сябе адзінокім у Беларусі, проста адкрыйце відэазапісы з 2020 года і паглядзіце, як мы ўсе падтрымлівалі адно аднаго. Нас жа тысячы, сотні тысяч! Проста ў гэтай цемры часам здаецца, што ты адзін, і што яна непраглядная, але гэта не так, і за кожнай ноччу надыходзіць світанак.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Беларускія спартоўцы разам выступілі супраць вайны. Хто падпісаў зварот?

Беларус-пастар выйграў вялікі забег у Польшчы. Пасля гэтай гутаркі вы яго дакладна палюбіце

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031