Знайсці
15.04.2022 / 19:27

«Чакаем больш сур’ёзных крокаў». Крыніцы ў дыпкорпусе пра ліст Макея

Учора стала вядома пра ліст Уладзіміра Макея да еўрапейскіх краін, у якім міністр замежных спраў Беларусі абяцае, што наша краіна не будзе ўцягнутая ў вайну ва Украіне і гаворыць пра «нешчаслівую чараду падзей пасля 2020 года». Як гэта ўсё успрыняла мэтавая аўдыторыя паслання? 

Фота: Yury Kochetkov / Pool Photo via AP

«Чакаем больш сур’ёзных крокаў. Калі гаворыцца, што вы ў вайне не ўдзельнічаеце, то расійскія войскі павінны быць выведзеныя», — так адказаў «Нашай Ніве» еўрапейскі дыпламат, які даўно займаецца Беларуссю і ўдзельнічае ў вызначэнні кірункаў палітыкі адносна Беларусі.

Як збіраецца адказаць на ліст Еўропа?

«Мы нічога не будзем рабіць. Пачыталі, цікава. Чакаем далей», — кажа ён.

«Пакуль ніякіх крокаў Мінск не зрабіў, таму мы працуем над яшчэ адным пакетам санкцый. Гэта зноў будуць істотныя меры. Раз Лукашэнка і Макей нас не чуюць, мы будзем рабіць так, каб яны нарэшце пачулі», — дадае ён.

«Вывад расійскіх войскаў з Беларусі — гэта абавязковая ўмова для пэўнага паслаблення рэжыму санкцый, — кажа дыпламат. — Другая ўмова — вызваленне палітвязняў. А для поўнага зняцця санкцый патрэбны план дэмакратызацыі. Пакуль не будзе рэалізоўвацца план дэмакратызацыі, частка санкцый застанецца», — дадае дыпламат.

У гэтым трэцім пункце — адрозненне ад 2015 года, тады такога пункту не было.

«У лісце спадара Макея шмат хлусні і абсурду, з аднаго боку, але гэта таксама спроба ўвайсці ў кантакт з некаторымі краінамі ЕС, — кажа дыпламат з адной з вялікіх еўрапейскіх краін. — Гэта можа быць як спроба падарваць адзінства краін ЕС па беларускім пытанні, так і праява сур’ёзнай занепакоенасці тым, у якой сітуацыі Беларусь апынулася адносна Расіі», — дадае ён.

Якая будзе рэакцыя на ліст?

«Да той пары, пакуль афіцыйны Мінск глыбока ўцягнуты ў незаконную вайну Расіі супраць Украіны — а Мінск уцягнуты! — асабіста я не бачу ніякай прасторы для манеўру для нікога адносна афіцыйнага Мінска, — кажа дыпламат і з доляй сарказму дадае. — Лукашэнка з Пуціным у аўторак знаходзіліся на касмадроме «Восточный». Тады ад імя каго гаворыць у сваім лісце Макей? Аднак, я таксама лічу, што і мы, і грамадзяне Беларусі зацікаўленыя ў захаванні таго, што ад суверэнітэту Беларусі засталося», — дадае ён.

Дыпламаты адзначаюць, што ліст з'явіўся на фоне разгулу антызаходняй прапаганды ў Беларусі і ўсё новых арыштаў. «Пачакайце, мы ўвялі санкцыі, бо вы пасадзілі 200 палітвязняў. Цяпер у вас іх 1200. Вы думаеце, што 200 нас трывожылі, а пра 1200 мы скажам «ну, цяпер ок»? Вы нас лічыце ідыётамі або ў вас саміх нешта не так з логікай?» — іранізуе адзін з суразмоўцаў «Нашай Нівы». 

«Гэты ліст — пустая ракавіна. Ты бярэш яе ў рукі, а там нічога няма: Макей нічога не прапануе», — кажа яшчэ адзін дыпламат.

«Лісты дыялогу не дапамогуць. Патрэбныя канкрэтныя крокі: вывад войскаў, вызваленне палітычных зняволеных, усё сказана сто разоў. Але набіраць лісты прасцей, чым рэальна рабіць», — думка прадстаўніка адной з балтыйскіх краін.

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», пад шосты пакет санкцый, які будзе прыняты, калі Мінск працягне варожыя дзеянні, падпадзе, у прыватнасці, частка дзяржаўных прадпрыемстваў хімічнай галіны, а таксама фізічныя асобы — напрыклад, дзеці лукашэнкаўскага фаварыта Алексіна. 

«Мы спрабавалі па-добраму, Мінск гэтым не скарыстаўся. Лукашэнка не разумее Захаду і не хоча разумець. Што ж, яго выбар», — дадае высокапастаўлены дыпламат, які раней быў паслом у Беларусі.

Усе апытаныя еўрапейцы сыходзяцца ў меркаванні, што да вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі з лукашэнкаўцамі гаварыць ніхто не будзе. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
216
Панылы сорам
5
Ха-ха
11
Ого
1
Сумна
10
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31