Знайсці
02.12.2021 / 15:47

Судзілі Бабарыку, Знака і Калеснікаву, ліквідавалі «Вясну». Хто з суддзяў трапіў пад санкцыі ЕС

2 снежня ўступае ў сілу пяты пакет санкцыяў Еўрасаюза супраць беларускага рэжыму. У спісе асобаў, якія трапілі пад забарону, некалькі суддзяў і пракурор. Расказваем, што пра іх вядома.

Ігар Любавіцкі

Павялічыць

Пад санкцыі трапіў адзін з самых маладых суддзяў Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі. Раней быў вайсковым суддзём, працаваў у Барысаве, а калі вайсковыя суды расфармавалі, перайшоў у Мінскі гарадскі суд, гэта адбылося ў 2014 годзе. Прызначэнне ў Вярхоўны суд атрымаў у 2020-м, ужо пасля выбараў. Ён сын былога вайсковага пракурора Беларусі Вячаслава Любавіцкага.

Найбольш вядомым Любавіцкі стаў пасля «справы Белгазпрамбанка», экс-банкіру Віктару Бабарыку ён прысудзіў 14 год калоніі. Той працэс адразу ж пачаўся з кур’ёзу.

Справа ў тым, што жонка суддзі, Аляксандра Любавіцкая, была партнёрам у адвакацкім бюро, якое абараняла аднаго з фігурантаў справы.

Грошы, якія абвінавачаны плаціў за юрыдычныя паслугі, ішлі на рахунак бюро і размяркоўваліся, у тым ліку, паміж партнёрамі.

Навідавоку — канфлікт інтарэсаў: суддзя атрымлівае грошы з бюджэту за тое, што разглядае крымінальную справу, а ягоная жонка па гэтай жа справе магла атрымліваць грошы як партнёр бюро ад аднаго з фігурантаў. Адвакаты Бабарыкі заявілі пра гэта на пачатку судовага працэсу, аднак суддзя Любавіцкі нікуды не сышоў.

Былі і іншыя кур’ёзы ў яго кар’еры. У 2019 годзе суддзі даручылі разглядаць «макавую справу» аб незаконнай сетцы распаўсюджвання наркотыкаў.

Працэс ішоў па стандартнай схеме, як нечана высветлілася, што Любавіцкі не мае права разглядаць справу. Адзін з абвінавачаных заявіў, што раней ужо быў асуджаны за незаконны абарот наркотыкаў (ч. 3 арт. 328 КК).

Пракуратура спрабавала абскардзіць прысуд, настойваючы на ​​ч. 4 арт. 328 КК (распаўсюджванне наркотыкаў у складзе арганізаванай групы), але Мінгарсуд дзяржабвінавачванню адмовіў.

У складзе судовай калегіі тады быў суддзя Ігар Любавіцкі, той самы, якога пазней прызначылі разглядаць «макавую справу».

Высветлілася, што некаторыя абставіны справы яму былі вядомыя яшчэ да пачатку працэсу. Як ён рыхтаваўся да новай судовай справы, што не заўважыў, што ўжо судзіў аднаго з фігурантаў, застаецца незразумелым. Але ў выніку ўзяў самаадвод. 

У 2016 годзе Ігар Любавіцкі судзіў па першай крымінальнай справе блогера Эдуарда Пальчыса, якога прызнаў вінаватым у распальванні варожасці, распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў. Тады дзевяць артыкулаў з яго блога былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Эдуард атрымаў год і дзевяць месяцаў «хатняй хіміі» і выйшаў на свабоду ў зале суда. 

У 2018 годзе за распальванне варожасці на нацыянальнай глебе Любавіцкі судзіў трох аўтараў расійскага сайта REGNUM. Прысуд — пяць гадоў пазбаўлення свабоды з адтэрміноўкай на тры гады, то-бок таксама выйшлі на свабоду пасля агалошвання рашэння. У абвінавачванні адзначалася, што ў тэкстах фігурантаў «дэманструецца пагардлівае стаўленне да беларускай гісторыі і мовы», а ў заключэнні псіхолага-лінгвістычнай экспертызы публікацый адзначаецца, што «аўтары цынічна абазначаюць бел-чырвона-белы сцяг, як калабарацыянісцкі». 

Таксама Любавіцкі вядомы працэсамі па карупцыйных справах. Напрыклад, па «справе медыкаў» судзіў бізнэсмэна Сяргея Шакуціна, гэта родны брат набліжанага да Лукашэнкі бізнэсмэна Аляксандра Шакуціна, які дарэчы, таксама трапіў пад заходнія санкцыі. 

Сяргей Гіргель

Павялічыць

Таксама ў санкцыйны спіс трапіў супрацоўнік Генеральнай пракуратуры Сяргей Гіргель, які быў абвінаваўцам па «справе Белгазпрамбанка».

Вядомы працэсамі па асабліва цяжкіх злачынствах. Напрыклад, карупцыйная справа супраць былога намесніка сакратара Рады бяспекі Андрэя Уцюрына (атрымаў 12 гадоў калоніі), акадэміка Аляксандра Бялецкага па «справе медыкаў» (атрымаў 7,5 гадоў калоніі, але сёлета датэрмінова выйшаў на свабоду).

Ён жа быў дзяржабвінаваўцам па справе Уладзіслава Казакевіча, асуджанага за напад з бензапілой на наведвальнікаў гандлёвага цэнтра «Новая Еўропа». Гіргель выступаў па яго другой справе — аб нападзе на кантралёра шклоўскай калоніі (прысуд — 22 гады пазбаўлення свабоды).

Таксама пракурор быў дзяржабвінаваўцам па справе аб забойстве немаўляці — маці захоўвала труп у маразілцы. Прысуд — 19 гадоў калоніі.

Адметным працэсам, на якім працаваў пракурор Гіргель, была карупцыйная справа супраць былога супрацоўніка Следчага камітэта Андрэя Качуры, які за грошы абяцаў знаёмаму станоўча вырашыць пытанне з яго крымінальным пераследам.

Гіргель увесь час прасіў зрабіць працэс закрытым, аднак суддзя Аляксандр Воўк толькі часткова закрыў працэс, так што некаторыя дэталі грамадскасці ўсё ж сталі вядомыя.

Так, Качура пераканаў знаёмага бізнэсоўца даць хабар у 25 тысяч долараў, каб пазбегнуць пакарання. А ў выніку таго не вызвалілі, а адправілі на «хімію». Качуру судзілі за падбухторванне да дачы хабару, дагэтуль незразумела, а хто ж атрымаў грошы ў выніку і якое панёс за гэта пакаранне. Следчы камітэт упарта адмаўляўся каментаваць абставіны справы. 

Валянціна Кулік

Павялічыць

ЕС прымяніў санкцыі не толькі да суддзяў, якія займаюцца крымінальнымі і адміністрацыйнымі справамі, ёсць у спісе і суддзі з калегій па грамадзянскіх справах.

Напрыклад, суддзя Вярхоўнага суда Валянціна Кулік, якая адхіліла скаргу Віктара Бабарыкі, які быў нязгодны з рашэннем Цэнтрвыбаркама, які адмовіў яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты.

Палітыка была даўно ў жыцці суддзі Кулік. У 2003 годзе яна разглядала справу аб ліквідацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» (Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў гэтае рашэнне незаконным).

У 2005 годзе яна палічыла законным папярэджанне Мінюста ў адрас Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў. У 2008-м вырашыла, што Мінюст законна адмовіў «Руху «За Свабоду» ў рэгістрацыі.

У 2010-м заявіла, што Мінюст меў рацыю, што адмовіў прыхільнікам БХД у рэгістрацыі партыі. У 2012-м адмовіла ў задавальненні скаргі палітыка Аляксандра Мілінкевіча, якога не хацелі рэгістраваць кандыдадам у дэпутаты. Яшчэ ў 2013-м Валянціна Кулік за плённую працу атрымала ордэн ад Лукашэнкі.

Сяргей Епіхаў

Павялічыць

У санкцыйны спіс трапіў і старажыл Мінскага абласнога суда, суддзя Сяргей Епіхаў, які на закрытым працэсе разглядаў справу супраць Марыі Калеснікавай і Максіма Знака.

Першыя палітычныя працэсы ў яго кар’еры былі яшчэ ў 2008-м, але тады яшчэ адміністрацыйныя.

Таксама Епіхаў вядомы ўдзелам у гучным працэсе аб забойстве настаўніцы і вучня ў Стоўбцах — асуджаны падлетак атрымаў 13 гадоў калоніі.

У 2018 годзе Сяргей Епіхаў разглядаў справу аб дзедаўшчыне ў вайсковай частцы ў Печах, дзе памёр Аляксандр Коржыч. Камандзір роты Павел Сукавенка атрымаў 6 гадоў калоніі, старшына Артур Вірбал — 4 гады. 

У 2021-м суддзя адзначыўся смяротным прысудам — на расстрэл быў асуджаны жыхар Слуцкага раёна, які з сябрамі жорстка забіў некалькі пенсіянераў. Цікава, што выключную меру пакарання яму прызначалі двойчы. Першы прысуд Мінскага абласнога суда ў Вярхоўным судзе адхілілі, накіравалі справу на разгляд паўторна, але і другі раз прыгавор быў той жа. 

Сяргей Епіхаў быў і галоўным на працэсе адміністратараў і ўдзельнікаў тэлеграм-канала «Армія з народам», іх абвінавачвалі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, фігуранты, сярод якіх была сямейная пара, атрымалі ад 4,5 да 6 гадоў зняволення. 

Ганна Сакалоўская

Пад санкцыі трапіла заслужаны юрыст Беларусі, суддзя Вярхоўнага суда Ганна Сакалоўская. У 2017 годзе яна была лаурэаткай найвышэшай юрыдычнай прэміі ў Беларусі ў намінацыі «Правасуддзе».

Сёлета Сакалоўская прызнала законнымі дзеянні Мінюста па ліквідацыі найстарэйшай правабарончай арганізацыі — Беларускага Хельсінкскага камітэта. Раней удзельнічала ў працэсах, накіраваных на прыпыненне дзейнасці Партыі БНФ, Партыі камуністаў беларускай.

Дзмітрый Карсюк

Павялічыць

У санкцыйным спісе значыцца адзін з рэкардсменаў па справах, звязаных з палітычнай пазіцыяй. Гаворка пра Дзмітрыя Карсюка, які ў кастрычніку 2020 года стаў суддзём у судзе Цэнтральнага раёна, да гэтага працаваў у пракуратуры.

На рахунку Карсюка штрафаў на суму больш за 50 тысяч рублёў і пад 2,5 тысячы «сутак» (маем на увазе справы, звязаныя з выказваннем палітычнай пазіцыі).

Што да крымінальных справаў з палітычным складнікам, то і тут Дзмітрый Карсюк ідзе на рэкорд — як мінімум 20 чалавек атрымалі ад яго прысуды. 

***

Па падліках праваабаронцаў, за апошнія два гады больш за 40 тысяч беларусаў прайшлі праз палітычна матываваныя рашэнні судоў па адміністратыўных справах, па крымінальных справах палітвязнямі прызналі 888 чалавек (на 2 снежня праваабаронцы ведаюць не пра ўсе кейсы, таму рэальная лічба можа быць вышэйшай).

Колькасць аператыўнікаў, следчых, экспертаў, пракурораў і суддзяў па гэтых справах ідзе на тысячы. Фактычна ў судах не засталося суддзяў, якія працуюць па адміністрацыйных і крымінальных справах і якія б не мелі дачынення да справаў, звязаных з выказваннем палітычнай пазіцыі.

Еўрасаюз не тлумачыць, па якой прычыне ў санкцыйны спіс уключаныя менавіта пэўныя сілавікі і суддзі. 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31