Знайсці
30.11.2021 / 20:30РусŁacБел

«Пытанне Крыма было казырнай картай. Лукашэнка выклаў яе, каб заплаціць Пуціну за важную паслугу». Палітолаг пра схаваныя сэнсы гучнай заявы

У інтэрв'ю Кісялёву Аляксандр Лукашэнка прызнаў Крым расійскім і расказаў пра планы на візіт у Севастопаль. Што стаіць за гэтай палітычнай заявай? Разважае палітолаг Валер Карбалевіч.

Скрыншот з канала «Пул першага»

«Калі раней, прынамсі да прэзідэнцкіх выбараў, Беларусь імкнулася захоўваць пазіцыю нейтралітэту, Лукашэнка прапаноўваў сябе на ролю міратворца, медыятара і абяцаў Украіне, што з нашай тэрыторыі ніякіх пагрозаў ваенных ёй не будзе, то цяпер сітуацыя рэзка памянялася, — кажа Валер Карбалевіч. — Найперш таму, што Лукашэнка ўпісаўся ў агульны канфлікт Расіі з Захадам. Па ўнутрыпалітычных прычынах — паколькі Захад яго не прызнаў, падтрымаў апанентаў.

Важнейшым элементам гэтага супрацьстаяння ёсць канфлікт Расіі з Украінай. Таму логіка палітычнага працэсу няўхільна штурхала Лукашэнку на тое, каб у гэтым канфлікце перастаць быць нейтральным. Што ён паступова і рабіў.

Фота rbc.ru

У гэтым сэнсе вельмі важная заява была ўчора на нарадзе з Міністэрствам абароны, дзе ён сказаў, што ў выпадку вайны Расіі з Украінай Беларусь не застанецца ў баку і будзе на пазіцыях Расіі. І сёння бачым працяг гэтай лініі.

Я думаю, што пытанне Крыма было казырнай картай Лукашэнкі, якую ён выклаў на стол у крытычны момант, каб заплаціць Пуціну за нейкую вельмі важную паслугу. Якую — можна толькі здагадвацца. Выкажу гіпотэзу, што гэта плата за падтрымку Пуціным таго варыянта транзіту ўлады або рэферэндуму, які Лукашэнка хоча правесці.

Цяпер галоўнае для Лукашэнкі не крэдыты, а тое, як утрымацца ва ўладзе і ажыццявіць свой варыянт транзіту, адносна якога ў Пуціна ёсць нейкія пярэчанні».

Фота: atorus.ru

Як на такія заявы адрэагуе Зяленскі і ці акажуцца пад пагрозай эканамічныя кантракты? 

«На ўзроўні рыторыкі Украіна будзе жорстка пратэставаць. Але я думаю, што больш моцная рэакцыя будзе не на словы, а на меркаваны візіт у Севастопаль, пра які казаў Лукашэнка. Гэта ўжо будзе канкрэтны палітычны ход, і Украіна будзе рэагаваць больш рашуча.

Пытанне ў тым, ці будзе гэта рэакцыя толькі на словах альбо ў дзеяннях. Для Украіны эканамічныя адносіны з намі вельмі важныя. Бо Беларусь для іх — гэта крыніца і бензіну, і бітуму. І чым можа Украіна замяніць гэта, я з цяжкасцю ўяўляю.

Таму думаю, што паміж рыторыкай і рэальнымі дзеяннямі будзе даволі вялікая дыстанцыя», — мяркуе палітолаг.

Чытайце таксама:

Лукашэнка ў інтэрв'ю прапагандысту Кісялёву прызнаў Крым расійскім. Што ён раней казаў пра паўвостраў?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930