Знайсці
25.11.2021 / 11:15РусŁacБел

«Я ўжо не думаў, што гэты дзень прыйдзе». Праз 43 гады з амерыканскай турмы вызвалілі чалавека, які быў памылкова асуджаны

У гэты аўторак суддзя вынес рашэнне скасаваць прыгавор 62-гадоваму Кевіну Стрыкланду. 43 гады таму яго прыгаварылі да пажыццёвага тэрміну без права на датэрміновае вызваленне за злачынства, якое, як ён казаў, ён не здзяйсняў. Як праз столькі год выявілі, што ён невінаваты, расказвае CNN.

Скрыншот з відэа Kansascity.com 

Усе крымінальныя абвінавачванні са Стрыкланда знятыя. Атрымліваецца, ён адбыў самае доўгае памылковае заключэнне ў турме ў гісторыі штата Місуры. Яго несправядлівае зняволенне таксама трапіла ў спіс самых доўгіх у гісторыі ЗША.

«Усё яшчэ не магу паверыць, — кажа Стрыкланд. — Я ўжо не думаў, што гэты дзень прыйдзе».

Ён даведаўся пра сваё вызваленне з навін, што перапынілі серыял, які ён глядзеў.

За што яго пасадзілі?

У красавіку 1978 года ў Канзасе былі расстраляныя чатыры чалавекі, трое з іх памерлі. Сінція Дуглас, адзіная, хто выжыў, апазнала Стрыкланда як аднаго з забойцаў.

Сінція апазнала дваіх забойцаў у той жа дзень. Стрыкланда, а яго яна ведала асабіста, яна апазнала толькі на наступны дзень, калі ў паліцыі ёй падказалі, што валасы Стрыкланда падобныя да валасоў трэцяга забойцы, згодна з яе апісаннем. Дуглас патлумачыла, што адразу не змагла апазнаць яго, бо ўжывала ў той дзень каньяк і марыхуану.

Але цягам наступных 30 год Дуглас казала, што памылілася і памылкова ідэнтыфікавала Стрыкланда як забойцу. Яна нават спрабавала вызваліць яго праз арганізацыю Midwest Innocence Project. Дуглас памерла ў 2015 годзе, але перад гэтым шмат разоў казала сябрам пра сваю памылку ў сведчаннях 1978-га года.

Двое забойцаў, якіх Дуглас апазнала адразу, прызналі сваю віну і ў выніку атрымалі па 10 год зняволення кожны.

Як апраўдалі Стрыкланда праз 43 гады?

Пракурор акругі Джэксан Пітэрс Бэйкер напісаў у жніўні гэтага года: «Мы ўсе чулі вядомы выраз пра тое, што праяўленне несправядлівасці ў адным месцы — гэта пагроза справядлівасці паўсюль».

Гэтая цытата з Марціна Лютэра Кінга, напісаў пракурор, ілюструе і выпадак з нявінна асуджаным Стрыкландам.

Пракурор Бэйкер прыклаў шмат намаганняў, каб несправядлівыя абвінавачванні былі знятыя з Кевіна Стрыкланда. Гэта ён расшукаў доказы таго, што Дуглас прызнавалася публічна ў памылковасці сваіх сведчанняў 1978 года, і ўрэшце змог давесці справу да вызвалення Кевіна.

На пачатку гэтага месяца Стрыкланд даваў паказанні падчас 3-дзённага слухання. Юрысты з каманды па яго вызваленні прадставілі неабходныя сведчанні і аргументы на карысць апраўдання Кевіна.

Стрыкланд пасля вызвалення, седзячы ў інвалідным вазку, падзякаваў суддзі за перагляд «сведчання, якога не было» супраць яго і сказаў, што цэніць час, які суддзя выдаткаваў, каб выслухаць яго і зразумець, што сапраўды адбылося ў 1978 годзе.

Таксама Стрыкланд заявіў, што будзе спрабаваць паўплываць на змены ў заканадаўстве. У яго ёсць ідэі, як не дапусціць, каб нешта падобнае здарылася з іншымі.

Ці будзе кампенсацыя?

На платформе GoFundMe пачаўся збор грошай для Кевіна Стрыкланда, каб дапамагчы яму пачаць жыццё наноў. Фандрэйзінг ініцыявала тая ж арганізацыя, што дабівалася вызвалення Стрыкланда, Midwest Innocence Project. У арганізацыі сцвярджаюць, што штат Місуры не прадставіць ніякай кампенсацыі Стрыкланду за 43 гады турмы па несправядлівым абвінавачванні.

Як часта пераглядаюць абвінавачванні і апраўдваюць нявінных людзей?

У 2020 годзе ва ўсім ЗША апраўдалі 129 чалавек. Людзі, чые справы былі перагледжаныя і каго апраўдалі ў мінулым годзе, правялі ў сукупнасці 1737 гадоў у турме.

У 30% выпадкаў несправядлівыя прыгаворы былі звязаныя з памылкамі сведак.

Герою фільма «Гатэль «Руанда» далі 25 гадоў турмы за сувязі з тэрарыстамі

Канец легендзе крымінальнага свету. Расследавальнікі ЗША сцвярджаюць, што ідэнтыфікавалі серыйнага забойцу Задыяка

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930