Знайсці
16.11.2021 / 15:57

«Некаторыя чакаюць у гатэлях, пакуль мяжу адкрыюць». Пагаварылі з курдам, які адсядзеў за арганізацыю незаконнай міграцыі

«Мяне абвінавацілі ў кантрабандзе людзей. Але цяпер ваша ўлада сама адчыніла дзверы гэтым людзям». Выхадзец з Курдыстана Алан Сміт правёў два гады ў беларускай турме па абвінавачанні ў арганізацыі незаконнай міграцыі. Мы паразмаўлялі з ім пра гэту гучную гісторыю і пра тое, чаму мігранты едуць на беларуска-польскую мяжу, нягледзячы на холад і калючы дрот.

Павялічыць

Алан Сміт. Фота: асабісты архіў героя

«Знаёмая папрасіла мяне арганізаваць візіт для лячэння»

Алан Сміт нарадзіўся ў Курдыстане, але практычна ўсё жыццё правёў у Лондане і мае брытанскае грамадзянства. У Ірак ён раней прыязджаў па працоўных пытаннях — вёў бізнэс, звязаны з прыцягненнем інвестыцый і будаўніцтвам.

У Беларусі ён упершыню аказаўся ў 2016 годзе, таксама з працоўным візітам, які скончыўся непрыемнай гісторыяй працягласцю ў два гады. Мужчыну асудзілі за арганізацыю незаконнай міграцыі (артыкул 371/1 КК).

Па версіі абвінавачання, Алан спрабаваў пераправіць у Еўропу праз лясы шэсць грамадзян Ірака. Ён дапамог людзям прыляцець у Беларусь па турыстычных і дзелавых візах, сустракаў іх у аэрапорце, пасля шукаў жыллё для іх і купляў квіткі на цягнік Брэст-Цярэспаль. Але іракцаў не пусцілі праз польскую мяжу, паколькі ў іх не было візы.

Затрымалі «турыстаў» падчас іншай спробы выезду, у Браслаўскім раёне, калі яны на машыне спадзяваліся ў абыход афіцыйнага пункта пропуску трапіць у Літву. Двух чалавек, якія арганізоўвалі перавоз іракцаў, затрымалі. Пасля арыштавалі Сміта. Абвінавачанне расцаніла выпадак як дзейнасць у складзе групы (яе кіраўнік быў не ўстаноўлены).

Алан з абвінаваннем не быў згодны — ні тады, ні цяпер. Вось што ён расказвае пра той свой прыезд у Беларусь:

«У мяне была сервісная кампанія ў нафтагазавай сферы ў Курдыстане. У Мінску мусіла адбыцца дзелавая сустрэча, але яна адклалася. Я застаўся там ненадоўга.

У гэты час знаёмая папрасіла мяне арганізаваць візіт для лячэння. Яна была часткова паралізавана пасля аўтамабільнай аварыі. Беларускія медыцынскія цэнтры былі ў дзясятцы лепшых з даступных ёй, таму я прапанаваў жанчыне прыехаць сюды. Гэта (пералёты, пражыванне, кансультацыі дактароў) каштавала каля 20 тысяч даляраў для яе і сям’і.

Мы наведалі з ёй некалькі бальніц у Беларусі, але яны нічога не маглі зрабіць, каб дапамагчы. Мы вырашылі пашукаць клініку ў Літве. Жанчына заставалася ў Мінску, бо спадзявалася атрымаць візу. Я не ведаў, што яна з сям'ёй будзе спрабаваць трапіць у Еўропу нелегальна.

Калі я браў квіткі ім на цягнік, пра візу не пыталіся. Сям’я думала, што яны змогуць падацца на візу на польскім баку.

Калі іх потым арыштавалі ў машынах і спыталі, хто ім дапамагаў падчас спынення ў Мінску, яны назвалі мяне. Я насамрэч купляў ім квіткі, арэндаваў апартаменты, але ніколі не дапамагаў ім перасекчы мяжу нелегальна. 

Расследаванне і суд занялі 14 месяцаў. Мне не дазволілі выйсці. Вы лепш за мяне ведаеце, што ў Беларусі менш за працэнт апраўдальных прысудаў.

Мяне абвінавацілі ў кантрабандзе людзей. Але цяпер ваша ўлада сама адчыніла дзверы гэтым людзям».

«Не выйшаў раней, бо не паставіў подпіс пад прызнаннем віны»

Тэрмін мужчына адбываў у калоніі «Віцьба».

«Я не выйшаў раней, бо не паставіў подпіс пад прызнаннем віны. Разам са мной у камеры быў японец (размова пра Даічы Ёшыду, якога асудзілі за незаконнае перамяшчэнне зброі праз дзяржаўную мяжу. — «НН»). Ён атрымаў 4,5 года пазбаўлення волі. Але напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, і быў выпушчаны праз амаль два гады. Калі да мяне прыходзіў брытанскі амбасадар, ён казаў: я магу выцягнуць цябе проста зараз, калі паставіш подпіс. Я адказваў: без шанцаў, я не прызнаюся, бо я не вінаваты.

Павялічыць

Я, напэўна, адзін з нямногіх у беларускай турме, хто не прызнаў віну і не быў адпраўлены ў ШІЗА».

На волю Алана выпусцілі ў 2018 годзе. Цяпер ён жыве ў Лондане і па-ранейшаму вядзе бізнэс.

«Бедныя людзі з Курдыстана не паедуць у Еўропу, бо ў іх няма на гэта грошай»

Ён шмат кантактуе з курдамі — і тымі, хто ў Беларусі, і тымі, хто застаецца дома — і сцвярджае, што з краіны яны бягуць не праз эканамічныя прычыны.

«Ірак — адна з багатых краін у рэгіёне па запасах нафты. Людзі, якія цяпер спрабуюць бегчы, робяць гэта не праз недахоп грошай ці працы. Сем’і, якія прыязджаюць у Беларусь, трацяць па 5-10 тысяч даляраў, каб патрапіць у Еўропу. У іх палітычная прычына. Людзі не ў бяспецы ў сваёй краіне. Гэта амаль як у Беларусі. Гэтыя людзі едуць у Еўропу не для забавы, а таму, што шукаюць больш бяспечнае месца.

Канечне, у іх ёсць маёмасць. Сярод мігрантаў, напрыклад, уладальнікі ювелірных крам. Так, у людзей ёсць добрае адзенне, мабільныя тэлефоны. Бедныя людзі з Курдыстана не паедуць у Еўропу, бо ў іх няма на гэта грошай. Толькі за пералёт і гатэль яны аддаюць каля 3000 даляраў.

Але людзі не разумеюць, што адбываецца, што іх выкарыстоўваюць».

Па словах мужчыны, у большасці сем’яў у Курдыстане ёсць сваякі ў Еўропе. Мігранты імкнуцца патрапіць не толькі ў Германію — яны называюць гэту краіну толькі таму, што яна мяжуе з Польшчай і гэта іх наступны прыпынак. Адтуль многія спадзяюцца дабрацца да Швецыі ці Вялікабрытаніі.

Павялічыць

Мігранты на польска-беларускай мяжы ставяць намёты. 15 лістапада 2021 г.

«Цяпер бачу шмат каментароў у інтэрнэце: чаму курды не атрымаюць візу [шэнген], чаму яны едуць нелегальна? Гэта дурное пытанне! Ніхто не можа атрымаць яе, таму рызыкуюць жыццём.

Калі летам гэта сітуацыя пачалася, людзі вырашылі ёй скарыстацца, бо іншымі авіялініямі не маглі лётаць. Я размаўляў з курдамі, якія ў жніўні і верасні ўжо перасеклі мяжу. Яны расказвалі, што беларускія сілавікі дапамагалі ім зрабіць гэта нелегальна.

Сотні людзей патрапілі ў Еўропу, і навіны пра гэта распаўсюдзіліся. Таму курды спрабуюць зноў і зноў трапіць у Беларусь і знайсці гэты шлях».

«Гутарыў з хлопцам на мяжы, які хацеў бы вярнуцца ў Мінск, але яму не дазваляюць гэта зрабіць»

Але чаму іракцы працягваюць ехаць на беларускую мяжу нават пасля навін пра тое, што мігрантаў не прапускаюць і яны вымушаны жыць у палатках?

«У 2001-2002 гадах падобная сітуацыя адбылася паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй. Шмат мігрантаў, якія хацелі патрапіць у Вялікабрытанію, захраслі на мяжы. Брытанскі ўрад у выніку вырашыў прыняць іх. Вось на што людзі спадзяюцца, на той жа сцэнар. Спадзяюцца, што Германія ці адна з еўрапейскіх краін вырашыць: гэтыя людзі цяпер мерзнуць на мяжы, давайце іх упусцім.

Я чуў гісторыю хлопца, які цяпер не на мяжы, а ў Мінску, у цёплым гатэлі — ён чакае гэтага моманту. Тады ён возьме таксі і паімчыцца на мяжу».

Павялічыць

Пры гэтым некаторыя курды ўсё ж вырашаюць вярнуцца дадому пасля няўдалай спробы.

«Там ёсць хлопцы з багатых сем’яў. Яны ніколі не бачылі голад, холад — у іх была добрая машына, забяспечанае жыццё. І для іх усё будзе гатова, калі яны вернуцца да сям’і. А тут трэба змагацца. Некаторыя думаюць: навошта мне ўсё гэта трэба?

Але ёсць і іншыя гісторыі. Я гутарыў па тэлефоне з адным з хлопцаў на мяжы. Ён кажа, што хацеў бы вярнуцца ў Мінск, але беларуская армія не дазваляе яму гэта зрабіць. Людзям не даюць выбрацца.

Я думаю, гэта сітуацыя не можа цягнуцца доўга, бо людзі не вытрымаюць халоднага надвор’я».

«Нас вельмі шмат, і ідуць яшчэ». Што расказаў курд з лагера мігрантаў на беларуска-польскай мяжы

«Браце мой, клянуся Богам, ёсць навіна, што … адкрыюць адзін бок». Што распавядаюць пра шлях на Захад мігранты, якія ідуць туды і якія дайшлі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
снежань студзень люты
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
31