Знайсці
11.11.2021 / 13:42РусŁacБел

Разбітая падлога і страшная столь — студэнты гістфака паказалі, куды пераехалі. БДУ: «Гэта тэхнічныя памяшканні»

Гістарычны факультэт БДУ на Чырвонаармейскай закрылі на рамонт. Студэнты пераехалі на вуліцу Мендзялеева, 36. Па словах студэнтаў, новы будынак выглядае, мякка кажучы, не асабліва добра. Многія аўдыторыі патрабуюць рамонту. Маладыя людзі даслалі «Нашай Ніве» фотаздымкі ўмоваў навучання. Між тым, прэс-служба БДУ адзначае: у гэтых аўдыторыях студэнты не займаюцца.

«Будынак звонку выглядае яўна занядбаным і аварыйным. Унутры сітуацыя лепшая, ёсць святло і ацяпленне.

Аднак вокны там усе старыя, і што з ацяпленнем будзе зімой, можна толькі здагадвацца, — расказваюць студэнты. — Прыбіральні ёсць, іх стан не крытычны, але яны вельмі старыя і дзе-нідзе няма пліткі.

Фота: чытачы «НН».

Падлога — гэта асобная гісторыя. Там, дзе падлога з граніту, — яна цэлая, а дзе паркет — там выбоіны.

Фота: чытачы «НН».

Сярод аўдыторый ёсць і такія, дзе адклейваюцца шпалеры, праблемы са столлю. Раней гэты будынак належаў БДЭУ, а да таго тут была ці школа, ці дзіцячы дом».

Фота: чытачы «НН».

«Наша Ніва» звярнулася ў Белдзяржуніверсітэт. Там адзначылі, што студэнты распаўсюджваюць «загадзя ілжывую інфармацыю».

«У інтэрнэце распаўсюджваюцца фота тэхнічных кабінетаў БДУ, якія выдаюцца за навучальныя аўдыторыі, — напісана на сайце БДУ. — Быць студэнтам і супрацоўнікам БДУ — гэта ганарова і адначасова адказна. Гэтую ісціну даводзіцца нагадваць яшчэ раз нашым студэнтам, якія замест «дзякуй» мэтанакіравана і спецыяльна распаўсюджваюць загадзя лжывую, шкодную для рэпутацыі БДУ інфармацыю.

Фота: прэс-служба БДУ.

Фота навучальных аўдыторый БДУ, якія распаўсюджваюцца ў тэлеграм-каналах, адносяцца да нежылых тэхнічных кабінетаў і тых, што не выкарыстоўваюцца. Яны знаходзяцца на чацвёртым паверсе корпуса па вул. Мендзялеева, 36 і выкарыстоўваюцца для захоўвання будаўнічага, бытавога інвентару і розных рэчаў гістарычнага факультэта.

Заняткі вядуцца на першых трох паверхах гэтага будынка. Аўдыторыі поўнасцю адпавядаюць усім санітарна-эпідэміялагічным патрабаванням. Рабочыя і навучальныя месцы абсталяваныя неабходнымі мэбляй і тэхнікай. Корпус ацяпляецца, працуюць санітарныя пакоі.

Па гэтым адрасе гісторыкі пераехалі ў пачатку лістапада гэтага года з прычыны правядзення ў іх корпусе на Чырвонаармейскай, 6 капітальнага рамонту. Гэты будынак з’яўляецца № 1 у архітэктурнай спадчыне ўніверсітэта. У першыя гады тут некаторы час жыў і працаваў першы рэктар БДУ Уладзімір Іванавіч Пічэта.

Пасля рамонту будынак стане факультэтам-музеем, дзе адкрыюцца ўнікальныя археалагічная, этнаграфічная і нумізматычная экспазіцыі. У планах узнавіць працоўны кабінет Пічэты, выкарыстоўваючы захаваныя здымкі.

Аб’ёмныя работы па пераездзе факультэта праведзены сіламі студэнтаў, выкладчыкаў і работнікаў факультэта.

Адміністрацыя БДУ і факультэта шкадуе, што ў калектыве гісторыкаў ёсць нядобрасумленныя студэнты, якія сваю энергію і сілу накіравалі на шкоду БДУ, а не ў дапамогу па добраўпарадкаванні і пераездзе факультэта».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930