Знайсці
21.05.2012 / 16:0110РусŁacБел

Грамадства Comedy club

Cпектакль Купалаўскага тэатра «Людзі на балоце»: публіка настроілася ржаць там, дзе трэба плакаць.

Мы жывём у грамадстве Comedy club. Неяк незаўважна менавіта Comedy стала кодам, які задае ракурс глядацкага ўспрымання спектакля (ды і любога іншага мастацкага твора) і дыктуе рэакцыю на яго.

Менавіта гэтым, як мне здаецца, тлумачыцца ніколі не бачаная мной раней рэакцыя залы на падзеі на сцэне

— апладысменты шторазу, як мяняюцца дэкарацыі ці заканчваецца мізансцэна, апладысменты, неабходныя, калі адзін клоўн змяняецца другім, але абсалютна недарэчныя ў драматычным тэатры.

Уласна,

Comedy публіка і чакае ад акцёраў. Гэта, відавочна, фармуе рэпертуарную палітыку тэатра.
Але не толькі.

Мележаўскія «Людзі на балоце» — ключавы тэкст беларускай літаратуры.
Уласна, тэкст пра тых нас, якімі мы былі стагоддзе таму, нас, аб’яднаных беларускай марай, нас, падуладных зямлі, нас-тутэйшых.
«Палеская хроніка» — твор пра руйнаванне гэтай самай мары, пра страчаныя ілюзіі, даследаванне працэсу паступовага знішчэння беларусаў як сялянскай нацыі.

Вельмі смачны тэкст. Але зусім не смешны.

Той факт, што вялікая колькасць гледачоў была здзіўленая фіналам класічнага тэксту, каментароў не патрабуе.

А вось настроенасць на Comedy, здольнасць бачыць і рэагаваць выключна на плоска-камічнае, палохае.

Палохае нежаданне, няўменне ўспрымаць трагічнае, суперажываць яму, жаданне з любой трагедыі зрабіць фарс.
Палохае жаданне рэжысёра задаволіць падобныя чаканні публікі.

Першы акт «Людзей на балоце», мякка кажучы, здзіўляе разуменнем народнасці.

Багата ў гэтым ад савецкага «ідыятызму вясковага жыцця», сталінскага сацрэалістычнага прымітывізму/сучасных дажынак, якога абсалютна няма ў Мележа.
Гэта такая сабе лубковая, малахольная Беларусь. А мележаўскія глыбокія характары ператварыліся ў карыкатуры-пярэваратні, плыткія і прэсныя. Думаю, Іван Паўлавіч перавярнуўся б у труне, убачыўшы, што зрабілі, напрыклад, з ягоным такім цудоўным Хонем.
П’яная, люмпенізаваная Беларусь з’явілася акурат у выніку працэсаў, апісаных Мележам у «Палескай хроніцы».

Другі акт больш глыбока паказвае характары. І ты раптам прыгадваеш, што прыйшоў у найлепшы беларускі тэатр.

Вось толькі публіка ўжо настроілася ржаць там, дзе трэба плакаць.
І прымусіць яе не рабіць гэтага — надта складаная задача.

Марына Казлоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031