Знайсці
11.02.2011 / 19:2340РусŁacБел

Мубарак сыходзіць без шанцаў для сына

Паводзіны сілавікоў мяняюцца, як толькі дыктатар пачынае залежаць ад іх.

18 дзён пратэстаў спатрэбілася, каб змусіць яго да адстаўкі. Мубарак быў псеўдадэмакратычна абраным прэзідэнтам. На апошніх выбарах ён быў напісаў сабе 88% галасоў.

Вестку пра сыход Хосні Мубарака агучыў на егіпецкім тэлебачанні віцэ-прэзідэнт краіны, былы кіраўнік егіпецкіх спецслужбаў Амар Сулейман.

Ён абвесціў, што Мубарак перадае ўладу Галоўнаму камандаванню Узброеных сілаў краіны.

Гэта здарылася ў 18-ы дзень масавых пратэстаў. Каб дабіцца права на мірныя дэманстрацыі, першыя дні егіпцяне пераадольваліся супраціў паліцыі і спецназа. У сутычках першых дзён загінулі дзясяткі чалавек.

Мільёны людзей святкуюць на вуліцах Каіра, Александрыі, меншых гарадоў.

Мубарак сыходзіць у няславе, без шанцаў для сына. Паводзіны сілавікоў мяняюцца, як толькі дыктатар пачынае залежаць ад іх. Але змены ўлады не было б без вуліцы.

10 лютага, у дзень калі кар’ера Хосні Мубарака, прыйшла да фінала, прычым бясслаўнага, «Советская Белоруссія» у чарговай рэдакцыйнай калонцы, прысвечанай падзеям у Егіпце, нагадала, што беларускі спецназ 19 снежня разагнаў рэвалюцыю за 7,5 хвілін. Гэтую слаўную лічбу лукашэнкаўскія СМІ паўтараюць не першы раз.

У рэальнасці беларускаму спецназу спатрэбілася на «ачыстку» Плошчы паўтары гадзіны, бо на Плошчы было ўсяго 30 тысяч чалавек, і з іх толькі 3 тысячы былі гатовы да негвалтоўнага супрацьстаяння, сабатавання дзеянняў сілавікоў. Імаверна, каб на Плошчы было 60 тысяч чалавек і з іх 10 тыс. было гатова да стаяць да канца, сітуацыя магла б развівацца іначай.

Егіпецкаму спецназу таксама было не прывыкаць да разгону апазіцыйных акцый. Але і егіпецкай апазіцыі было не прывыкаць да арганізацыі іх. І тыя, і другія мелі вопыт.

У аўторак 25 студзеня ў Егіпце адбылася энэргічная акцыя пратэсту, але яна не выходзіла за рамкі звыклага для гэтай краіны сцэнару. Сутычкі, разгон — плюс улады паспрабавалі прэвентыўна расправіцца з актывістамі егіпецкага інтэрнэта.

Апазіцыя прызначыла чарговы мітынг не на наступны, працоўны дзень, а праз 3 дні — на выхадны дзень 28 студзеня. Яна ведала, што пры кантролі ўладаў над СМІ аднаго дня мала, каб распаўсюдзіць інфармацыю і падрыхтавацца.

Улады зноў зрабілі стаўку на тых, на каго рабілі стаўку заўжды — егіпецкіх Яўсеевых і Паўлічэнак. Яны перакрылі інтэрнэт і мабільную сувязь, вывелі на вуліцы паліцыю. Аднак у той дзень аказалася, што крытычная маса пераадоленая. Спецназ не здолеў стрымаць народу, а калі стала ясна, што людзі такі прарываюцца на цэнтральную плошчу Тахрыр — сцэны на вуліцах нагадвалі менскія падзеі 25 сакавіка 2006 года, але народу было нашмат больш, — Мубарак зрабіў фатальную памылку. Ён дазволіў адкрыць па людзях агонь.

Людской масы гэта не спыніла — людзей было столькі, што яны захоплівалі ў паліцыянтаў зброю і мірная дэманстрацыя ператварылася ў хаос. Пасля перастрэлак вуліца стала некантраляванай, а нянавісць да фальшывага рэжыму — бясконцай.
Дэманстранты спалілі зненавіднае ЦК кіроўнай партыі, і толькі вывад войска на вуліцы спыніў штурм наступных будынкаў улады.

Аднак войска было войска і ва ўласны народ не страляла, бо не на тое яго вучылі, а дэманстранты таксама аказаліся мудрымі і кідалі ў БТРы не камяні, а словы братання.

Крытычная маса была пяройдзена і ў тым сэнсе, што падзеі 28 студзеня разгарнуліся не толькі ў сталіцы, але і ў іншых гарадах разлеглай краіны.

Егіпецкая апазіцыя і надалей чаргавала тактыку малых і вялікіх акцый. Гэта давала іх удзельнікам магчымасць займацца сваімі жыццёвымі справамі.

Рухавіком егіпецкай апазіцыі выступілі грамадскія арганізацыі, што абапіраліся на падтрымку ЗША. У гэтым сэнсе пракляцці «Советской Белоруссіі» трапляюць па адрасе.

Яны вылучылі вельмі памяркоўную праграму, каб далучыць да пратэстаў мусульман і хрысціян, рэлігійнае брацтва «Браты-мусульмане» і прафесійныя суполкі суддзяў, адвакатаў, медыкаў.

Лідар апазіцыі Махамед эль-Барадэі не пабаяўся вярнуцца ў краіну, дзе яго маглі чакаць рэпрэсіі.

17 дзён пратэстаў спатрэбіліся, каб сыход гаранта егіпецкай канстытуцыі стаў непазбежнасцю. Ён адчайна чапляўся за ўладу, думаў, што вулічная актыўнасць схлыне, а ён застанецца.

Долю Мубарака перакрэсліла сама сістэма псеўдадэмакратыі з псеўдавыбарамі, якую ён стварыў. Ягонае жаданне перадаць уладу сыну выклікала маўклівае непрыманне егіпецкага грамадства і палітычнай эліты — гэтаксама як у Беларусі і генералы, і настаўніцы з аднолькава маўклівым асуджэннем назіраюць кар’еру Міколкі.

Мубарак пераседзеў у сваім крэсле.
Пры дэмакратыі прэзідэнт сыходзіць у рамках сістэмы. Пры дыктатуры наступны дыктатар найчасцей выдаляе папярэдніка і ягоную сям’ю. Проста стабільнасць сістэмы таго патрабуе.

Напэўна, калі б Мубарак сышоў раней, падрыхтаваўшы запасныя аэрадромы, яму было б лягчэй кантраляваць сітуацыю. А зараз у новай сістэме ягоная сям’я страціць уплывы стопрацэнтова, а сам ён будзе вагацца між эміграцыяй і рызыкамі новага існавання.

Хоць Мубарак быў верным саюзнікам ЗША і Ізраіля, замежныя партнёры зацікаўлены ў захаванні адносінаў, а не фігураў. Нешта падобнае праглядаецца ў цяперашняй палітыцы Масквы ў Беларусі.

Падзеі ў Егіпце запіша сабе на замежнапалітычны рахунак прэзідэнт Абама. Ён без ужывання сілы рэалізуе на Блізкім Усходзе задачы, якія прэзідэнт Буш спрабаваў дасягнуць вайной. У чацвер Абама сказаў, звяртаючыся да студэнтаў: «Што абсалютна ясна — гэта тое, што мы назіраем гістарычны паварот. Народ Егіпта патрабуе перамен. Гэта людзі розных узростаў і сацыяльных груп — але найперш маладыя людзі — новае пакаленне, ваша пакаленне, якое хоча, каб іх галасы былі пачуты — а мы хочам, каб гэтая моладзь ведала: ЗША будуць падтрымліваць арганізаваны пераход да дэмакратыі».

Змена ўлады ў Егіпце сапраўды адбываецца арганізаваным шляхам, і хоць ужыццё сілы Мубаракам прывяло да некалькі дзясяткаў ахвяраў, аднак гэта няшмат, улічваючы памер краіны, тэмперамент і гвалтоўныя палітычныя традыцыі (папярэдні прэзідэнт загінуў у тэракце, значная частка насельніцтва застаецца непісьменнай).

Амерыканцы працавалі з егіпецкімі сілавікамі, свецкай чынавенскай элітай і рознымі сіламі апазіцыі, каб стрымаць усіх іх ад ужыцця сілы і каб не дапусціць радыкалізацыі апазіцыі.

Паводзіны сілавікоў мяняюцца, як толькі дыктатар пачынае залежаць ад іх.
Дыктатар ці псеўдадэмакратычна абраны прэзідэнт — розніца тут невялікая.

«Арганізаванай» змены ўлады ў Егіпце не адбылося б без вулічных пратэстаў. Яе не адбылося б і без гатоўнасці дэманстрантаў шукаць кропкі судакранання з сілавікамі, гатоўнасці апазіцыі прыняць сілавікоў як частку будучага раскладу сілаў.

Фактычна, карыстаючыся вулічным ціскам, сілавікі вырашалі, хто стане кіраваць краінай наступны. каб захаваць стабільнасць. Мубарак і прызначаны ім афіцыйны пераемнік Сулейман былі толькі кансультантамі пры гэтым, нароўні з апазіцыяй.

Егіпет — 80-мільённая махіна, частка рэгіёна з крохкім балансам сілаў.

Самы знакаміты егіпецкі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат

Нагіб Махфуз у сваім рамане-прыпавесці «Паданні нашай вуліцы» апісаў Егіпет у вобразе вуліцы на краі пустыні, падзеленай на кварталы-кланы, дзе пануюць сіла і грошы. Героі ўзнімаюць паўстанні, прыходзяць да ўлады, але толькі на іх асабістым этасе трымаецца справядлівасць, і пасля іх смерці ўсё вяртаецца на рэйкі дыктатуры. Карацей, гэта не «Каласы пад сярпом тваім», гэта прыпавесць з нееўрапейскім пачаткам і канцом.

І тым не менш, падзенне яшчэ аднаго псеўдадэмакратычна абранага прэзідэнта вымушае турбавацца ягоных калег-дыктатараў і натхняе ўсіх прыхільнікаў свабоды. Французскі філосаф Андрэ Глюксман з гэтай нагоды працытаваў другога філосафа: «Што б там ні адбылося, давайце вітаць перамены «з сімпатыяй, якае мяжуе з энтузіязмам», як казаў Кант аб Французскай рэвалюцыі».

На апошніх прэзідэнцкіх выбарах Мубарак напісаў сабе 88% галасоў, а суперніку-лібералу — 7. Тыя самыя працэнты атрымлівалі на сваіх «выбарах» прэзідэнты Бакіеў і бэн Алі.

У выніку цяпер увечары плошча Тахрыр у Каіры спявае егіпецкі дзяржаўны гімн, і яго чуваць за кіламетр. Некалі і беларуская Плошча здольна заспяваць: «Слаўся, зямлі нашай светлае імя!» Хоць цяпер тое цяжка ўявіць і пацярпелым на снежаньскай Плошчы, і тым, хто іх разганяў.

Андрэй Дынько

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031