Знайсці
02.07.2024 / 10:412РусŁacБел

Як дапамагатары зарабляюць на польскіх візах з новай сэлфі-верыфікацыяй

Сэлфі-верыфікацыя на сайце VFS, выглядае, зрабіла паслугі «памочнікаў» даражэйшымі. У чатах пішуць нават пра 2000 рублёў за «хутка і з гарантыяй», паведамляе Devby.

«Без чаргі і запісы праз сайт, але кошт — ад 2000 рублёў»

У чаце лоўлі дат на польскую візу заўсёды жывое абмеркаванне: слотаў на розныя тыпы віз мала (і рэдка), з верыфікацыяй складанасці, не ўсе жадаюць марнаваць на гэта час, у шматлікіх «памочнікаў» за 300—500+ рублёў, але гэта таксама дапамагае не ўсім. Адзін з карыстальнікаў цікавіцца, «ці ок, калі дапамагатар не можа запісаць 4 месяцы». 

Некаторыя ў пошуках тых, хто зробіць «хутка і з гарантыяй» — мяркуючы па паведамленнях у чаце, такія таксама ёсць (дорага). Адзін з карыстальнікаў напісаў, што яму агучылі лічбу ў 2000 рублёў. Правяраць інфармацыю ён не стаў, бо яму «не патрэбна віза па такім кошце». 

Іван расказвае, што яму два тыдні таму ў іншым чаце рэкамендавалі чалавека, які «дапаможа за 1500+ рублёў». Да таго моманту малады чалавек ужо супрацоўнічаў з іншымі «дапамагатарамі», яны выставілі рахунак у 550 рублёў за запіс — 2 месяцы ніякага выніку. Іван стаміўся чакаць, ужо гатовы быў раскашэліцца — і яму далі кантакт. Ён патэлефанаваў сваім «памочнікам», каб разарваць дамову. 

— Але нечакана поспех: у той жа дзень яны запісалі мяне на падачу ў Гомелі (можа спалохаліся, што грошы сыдуць, і кінулі на гэта ўсе сілы). Гэта было два тыдні таму. 

Віталь кажа, што напрыканцы траўня змог з дапамогай запісаць на візу дзяцей — «хутка, таму што дзецям не трэба праходзіць верыфікацыю». 

— Па 300 рублёў за кожнага: перадплата — 50%, астатняя сума пасля. 

А вось яго жонку ўсё не могуць ніяк запісаць, «варыянту паскорыць працэс цяпер няма». 

Сябры Віталя падаваліся «без чаргі і запісы праз сайт, але там кошт — ад 2000 рублёў, для нас гэта дорага». 

— Яны скінулі «памочніку» фота пашпартоў і пералічылі грошы, а на наступны дзень ім паведамілі дату, час і месца падачы. Ні верыфікацыі, ні талона на падачу не было. 

Інструментарый такога «дапамагатара» (як і факт яго існавання) не зусім зразумелы: па словах Віталя, яго сябры далі абяцанне «не расказваць пра яго». 

«У многіх расцэнкі выраслі на 150-200 рублёў»

Невялікае параўнанне паказвае, што паслугі некаторых агенцтваў сапраўды падаражэлі. 2 гады таму расцэнкі на запіс на сайце сеткі візавых цэнтраў VisaVisa (яны называюць сябе «нумарам 1 у Беларусі») складалі 500 рублёў, цяпер — ад 700 да 1050 рублёў. На сайце ёсць удакладненне, што па ніжняй мяжы плацяць тыя, хто сам рыхтуе дакументы. 

Абмеркаваць нюансы, напрыклад, тэрміны і гарантыю выніку, журналісту devby.io не ўдалося — у чаце на сайце супрацоўнікі агенцтва, на жаль, не адказваюць, па тэлефоне таксама не датэлефанавацца. 

Далейшы сёрфінг паказаў, што ў цэлым расцэнкі ў агенцтваў пачынаюцца ад 500 рублёў, калі запрашэнне ад працадаўцы дае кліент, і даходзяць да 800 — калі яго робіць агенцтва. Тэрміны — ад 2 тыдняў і больш. 

Чытачы кажуць, што «ў многіх, хто займаўся запісам на візы, расцэнкі выраслі на 150-200 рублёў». 

Яўген сваіх «памочнікаў» называе «праверанымі»: раней малады чалавек двойчы запісваўся з іх дапамогай на візу, прычым у дзень звароту. 

— Умовы былі такімі: 50% — перадплата, яшчэ столькі ж — пасля запісу, уся сума складала 450 рублёў. Дапамагалі з анкетай і раздрукоўкай/ксеракопіямі ўсё, што неабходна. 

На жаль, у тыя абодва разы Яўген атрымаў адмовы. Матывіроўка — праславуты пункт 10, які гучыць так: «Маюцца абгрунтаваныя сумневы з нагоды дакладнасці зробленых Вамі заяў аб мэце Вашага знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Польшча ў сувязі з наяўнымі доказамі ці абʼектыўнымі абставінамі, якія паказваюць на тое, што мэта паездкі можа быць іншай, чым было заяўлена». Падобныя адмовы маглі быць звязаныя з візавым скандалам. 

Яўген зрабіў некалькі спробаў запісацца самастойна — і зноў прыйшоў да «памочнікаў». Даведаўся, што з увядзеннем новых правіл верыфікацыі на сайце VFS іх паслугі падаражэлі — і каштуюць ужо 600 рублёў. 

— Кожны тыдзень на сайце нешта мянялася — і боты ад «дапамагатараў» відавочна не паспявалі за зменамі. Я бачыў вольныя даты ў ботах — але пакуль праходзіў праз горы памылак вельмі крывога сайта, іх ужо не было. 

Некалькі разоў Яўген быў блізкі да мэты — заставаўся ўсяго адзін крок, апошні, але за ім малады чалавек зноў апыняўся на старонцы ўваходу ў акаўнт. 

— На мінулым тыдні — зноў новыя змены: 4 спасылкі верыфікацыі — і бан. І паколькі ўсё прывязана да нумара пашпарта, змена акаўнта нічога не дае. Лічы — яшчэ адзін тыдзень у пралёце. 

Яўген кажа, што рады б неяк паскорыць працэс — «але такі варыянт не прапаноўваўся». 

«Тыдзень можна самому спрабаваць — а потым даты зноў за хвіліну сыходзяць»

У чаце лоўлі дат ёсць паведамленні ад тых, каму ўдалося самастойна запісацца. Хутчэй за ўсё, большасць такіх карыстальнікаў проста не дае справаздачу ў чаце. 

30 чэрвеня нехта падзяліўся поспехамі: «Учора свякроў запісалася сама — але я кантраляваў па фэйстайме. У мамы быў пашпарт заблочаны, але прайшло 24 гадзіны — і сёння мы пракруцілі тое ж самае. Вядома не з першага разу». 

Крыху вышэй у гэты ж дзень яшчэ паведамленне: дзяўчына запісалася на падачу ў Гомель, верыфікацыю прайшла з другога разу — а да гэтага было «амаль 4 месяцы спроб». 

За 29 чэрвеня цэлых 8 паведамленняў ад шчасліўчыкаў, якія змаглі запісацца. 

«Не без прыколаў, вядома, — дзеліцца адзін з іх. — Спачатку не прайшоў верыфікацыю, але калі паспрабаваў нанова, зʼявілася паведамленне, што яна пройдзена. У календары не было слотаў, але я праматаў на пару месяцаў наперад і вярнуўся на ліпень — і даты зʼявіліся. На этапе пацверджання запісу выскачыла памылка — я зайшоў паўторна і ўбачыў, што верыфікацыя захавалася. Астатнія крокі прайшоў хутка». 

1 ліпеня адзін з карыстальнікаў падсумаваў, што ў апошнюю «раздачу больш людзей самі запісаліся, чым з «памочнікамі». Па яго назіраннях, так бывае, калі распрацоўшчыкі выкочваюць на сайт абнаўленні — «тыдзень можна самому спрабаваць, а потым даты зноў за хвіліну сыходзяць».

Чытайце таксама:

Польшча працягнула спрошчаны парадак выдачы беларусам праязнога дакумента іншаземца

Ізраіль памяняў правілы бязвізавага ўезду ў краіну

Новы ўрад Польшчы значна скараціў колькасць віз іншаземцам

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
4
02.07.2024
Это просто циничное издевательство над белорусами! Где все эти офисы, штабы, координационные рады? Почему не ставят вопрос ребром о прекращении визового глумления?
02.07.2024
Поляки и их конторы прослойки рубят гроши по полной.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031