Знайсці
29.06.2024 / 14:3816РусŁacБел

Лукашэнка не паверыў Рыжанкову. Пяткевіч выглядае процівагай Крутому. А Круты — вялікая загадка

27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка зрабіў прызначэнні, якія адлюстроўваюць яго ўяўленні аб сённяшніх патрэбах і якія вызначаць курс дзяржаўнага карабля на бліжэйшы час, піша Мікола Бугай. Асаблівую ўвагу прыцягнула Наталля Пяткевіч і вялізная беласнежная брошка ў яе на шыі.

Максім Рыжанкоў (першы злева) і Наталля Пяткевіч (першая справа) у час кадравай аўдыенцыі ў Аляксандра Лукашэнкі 27 чэрвеня 2024 года. Фота прэс-службы Лукашэнкі

За пафасным белым лакіраваным сталом сядзелі Раман Галоўчанка і ўсё кіраўніцтва Адміністрацыі прэзідэнта. Максіма Рыжанкова пасадзілі насупраць прэм’ера і першым ад Лукашэнкі, але гэта ўжо была проста іронія. 

Рыжанкову не даверылі пасаду кіраўніка Адміністрацыі.

Многія меркавалі, што гэтае пытанне ўжо вырашанае, раз менавіта Рыжанкоў стаў выканаўцам абавязкаў кіраўніка пасля пераходу Ігара Сергеенкі на незаслужаны адпачынак у Палату прадстаўнікоў. Але чым больш зацягвалася гэтая паўза, тым больш станавілася ясна, што Рыжанкову шукаюць альтэрнатыву.

Рыжанкоў выхадзец з Міністэрства замежных спраў і мае рэпутацыю probusiness чалавека. Ён таксама вядомы сваёй наравістасцю і рэзкасцю. Кажуць, ён быў адзіным наверсе, хто процістаяў Наталлі Качанавай (дарэчы, Качанавай і Вальфовіча на цырымоніі абвяшчэння новых прызначэнцаў не было).

Падаецца, Рыжанкоў меў сваю пазіцыю па многіх пытаннях — досвед паказвае, што Лукашэнка такога не любіць. Сказалі адмываць кароў — адмывай кароў.

Ці азначае пераход Рыжанкова ў крэсла міністра замежных спраў узмацненне гэтага крэсла і гэтага міністэрства?

Сяргей Алейнік быў як міністр слабы — не ў сэнсе некампетэнтнасці, ён акурат-такі дасведчаны, прафесійны і працавіты дыпламат, але ў сэнсе асцярожнасці і безамбіцыйнасці.

Рыжанкоў жа будзе моцнай фігурай на пасадзе міністра. Пра яго кажуць, што ён здольны і Церцеля паслаць на тры літары.

«Адзінае, хачу папярэдзіць: Рыжанкова асабліва туды-сюды ганяць бессэнсоўна. І не толькі таму, што чалавек фактычна падпарадкаваны прэзідэнту, але яшчэ і таму, што ў яго ў характары гэтага няма, каб ім панукалі»,— сказаў сам Аляксандр Лукашэнка на кадравай аўдыенцыі.

Але ад Рыжанкова адначасова патрабуецца, каб тыя бясконцыя чысткі, якія ідуць у дыпламатычным ведамстве, рухалі ўжо не спецслужбы, а ён сам: «Шанс дайце ўсім. Ведаю, што там няпростая абстаноўка. Усім дайце [шанс], але той … хто мяне сёння не пачуе, яны працаваць не павінны».

Дзмітрыя Крутога характарызуюць як поўную супрацьлегласць Рыжанкова ў сэнсе адсутнасці пазіцыі. 

«Круты — гасудараў чалавек, без уласнага «я»,— так характарызуе яго эканаміст, які даўно яго назірае. —

У яго выпадку чыноўніцкая роля і логіка пераважае ўсе астатнія. Ён плоць ад плоці лукашэнкаўскай сістэмы і рухаецца па вызначаным сістэмай вектары. Рухаецца ў ролі выканаўцы, і з ёй ён у логіцы сістэмы, пэўна, спраўляецца, хоць і выканаўцы-менеджара. Здольнасці ж ці амбіцый самому фармуляваць сэнсы і вызначаць вектары дынамікі за ім не назіраў», — кажа эканаміст. 

На яго думку, уласныя эканамічныя ці ідэалагічныя пазіцыі для Крутога заўсёды былі другаснымі: яго паводзіны прадвызначаліся не імі, а логікай «партыя сказала трэба, камсамол адказаў «ёсць».

Дзмітрый Круты (стаіць) у час кадравай аўдыенцыі ў Аляксандра Лукашэнкі 27 чэрвеня 2024 года. Фота прэс-службы Лукашэнкі

Аматары могуць падлічыць, колькі разоў ён ківае ў час прамоў Лукашэнкі. Там касмічная лічба выходзіць.

І гэтае амплуа «чыстага выканаўцы, без уласнай пазіцыі», і салідны спіс пасадаў, праз якія ён прайшоў, і карані ва Усходняй Беларусі, на Магілёўшчыне, і, асабліва, наяўнасць у спісе пасады пасла ў Расіі робяць Крутога вельмі крутым па крытэрах таго рэжыму, які склаўся. У свой час Круты быў самым маладым міністрам, цяпер ён самы малады ў гісторыі кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. Гэта знакі даверу і патэнцыялу.

Асабліва хочацца спыніцца на пасадзе пасла ў Расіі. У любой іншай краіне пасол — гэта пасол, у якой бы краіне ён ні быў паслом. Але для Беларусі пасол у Расіі ў табелі аб рангах, як бачым, роўны пасадам віцэ-прэм’ера і намесніка кіраўніка Адміністрацыі. Так, гэта сімптом поўнай залежнасці і падкантрольнасці Беларусі, але як ёсць. Круты між гэтымі агнямі прайшоў, гэты ярлык атрымаў.

Аляксандр Лукашэнка ў пасланых у СМІ кадрах падкрэсліў, што Круты застаецца адказны за расійскі кірунак: энергарэсурсы і гандаль з Расіяй. А гэта самае важнае ў сістэме. Без расійскіх датацый яна не пражыве.

Што да Наталлі Пяткевіч, то ў свой час яна была ўвасабленнем рэакцыйнай лініі, супрацьстаяла Уладзіміру Макею. Але менавіта ёй у 2008 годзе былі даручаныя перамовы з амерыканцамі, якія мелі вынікам першае аддаленне Беларусі ад Расіі.

Спакусліва пабачыць нейкую сімволіку ў тым, што кіраўніком робяць чалавека, які працаваў апошнія гады ў Маскве, а яго першай намесніцай — чалавека, які адпачываў у Нью-Ёрку.

Але гэта супадзенне. На маю думку, Пяткевіч ставяць з вельмі канкрэтнай мэтай: забяспечыць паспяховае пераабранне Аляксандра Лукашэнкі ў наступным годзе. Бо гэта яна прыдумляла піяр-стратэгіі, якія спрацавалі ў 2006-м і 2010-м.

Толькі ці гэта ўсё яшчэ тая самая Пяткевіч, ці гады і досвед жыцця не ва ўладзе яе змяніў? Вялізная беласнежная брошка з тканіны на шыі, якую яна надзела на цырымонію мірапамазання, дае падставы думаць: яна тая самая. 

У кожным разе, хтосьці такі амбіцыйны і напорысты можа быць і процівагай «правільнаму» Крутому, як у свой час яна была процівагай Макею.

Гісторыя з вяртаннем Пяткевіч нагадвае і яшчэ пра адну асаблівасць палітычнага стылю Аляксандра Лукашэнкі.

У 2014 годзе «Наша Ніва» пісала:

«Памочніца прэзідэнта Наталля Пяткевіч 1 кастрычніка была адпраўленая ў адстаўку «па згодзе бакоў». Дагэтуль нікога з найвышэйшых эшалонаў улады не выпраўлялі «на адпачынак» з такой інтрыгоўнай фармулёўкай. Гэта не пакідае шанцаў на вяртанне ў Адміністрацыю. Але і пасадка не пагражае. Наталля Пяткевіч можа знайсці сябе ў бізнэсе. Ёй застаецца дом у Драздах і шматлікія ўспаміны».

І вось… Не прайшло і 10 гадоў. Ніколі не кажы ніколі, калі гаворыш пра чалавека, які хоча кіраваць вечна, а пасля гэтай вечнасці пакінуць уладу малодшаму сыну.

Чытайце таксама:

Кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі стаў Дзмітрый Круты

З ЗША вяртаецца Наталля Пяткевіч — і адразу першай намесніцай кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта

Пяць фактаў пра Наталлю Пяткевіч — самую ўплывовую чыноўніцу Беларусі да з'яўлення Качанавай і Эйсмант

«Дэмакратыі хлябнула, пара вяртацца дамоў». Лукашэнка даў наказ Пяткевіч

Чаму кіраўніком сваёй Адміністрацыі Лукашэнка паставіў Дзмітрыя Крутога? Ён можа стаць пераемнікам?

Якая маёмасць ёсць у Дзмітрыя Крутога — новага кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі?

«Добры лесаруб, але са звязанымі рукамі». Дыпламаты падсумоўваюць вынікі працы звольненага міністра Алейніка

Мікола Бугай

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
14
0
Джэймс Б/адказаць/
29.06.2024
Мне больш цікава, хто яго інваліднве крэсла будзе на публіцы вазіць, калі ногі адымуцца- Качанава, Пяткевіч ці Эйсмант?? Вашы стаўкі, спадарства
0
двор лукашенко/адказаць/
29.06.2024
Поймите, перестановка кроватей в борделе и стульев на кухне, не поменяют ни качество услуг борделя, ни качество готовки на кухне. Да, личные интриги, возможность личного обогащения, возможность упаковки детей, внуков, новыми должностями, коттеджами и квартирами, участвующих в перестановке кроватей и стульев, будут распределены по-другому, но это всё не имеет никакого отношения к изменению правил и устройства того, что НН называет государственным кораблём беларусов. Поймите, правила и поведение скотного двора, построенного лукашенком на месте государственного корабля беларусов, определяются узаконенным беззаконием и структурами проводящими в жизнь узаконенное беззаконие, а не фамилиями назначенцев, они, как и их фамилии, могут быть любыми.
0
даведка/адказаць/
29.06.2024
Джэймс Б, явно Светлана Коношенко, которая уже подрабатывала рикшей у Умки.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031