Знайсці
04.06.2024 / 09:2520РусŁacБел

«Лепш назад на завод ці ёсць варыянт вярнуцца ў Беларусь». Як айцішнікі ў Польшчы жывуць на мінімалку

Айцішнікі ў Польшчы распавялі каналу Dzik Pic, як яны жывуць на сярэдні польскі заробак (8-8, 5 тысячы злотых брута або $2025-2150+), або нават мінімалку ($1065 брута).

Ілюстрацыйнае фота

«Застаецца 50 злотых на непрадбачаныя выдаткі»

— Я Full-Stack распрацоўшчык на пазіцыі Junior+ у адной з аўтсорс-кампаніі з каранямі ў РБ. Да красавіка атрымліваў 4300 злотых ($1089), цяпер мой заробак блізу 6000 злотых брута ($1520).

Пасля выплаты падаткаў на руках застаецца 4400 злотых ($1114). На арэнду жылля з аплатай камуналкі сыходзіць яшчэ 2800 злотых, на мабільную сувязь і інтэрнэт — 150 злотых. На руках застаецца каля 1450 злотых. Да павышэння заробку заставалася каля 150 злотых.

Я жыву разам з жонкай, на ежу ў нас сыходзіць яшчэ 1400 злотых ($355). Застаецца яшчэ 50 (амаль $13) злотых на непрадбачаныя выдаткі. Да павышэння заработнай платы жылі на зберажэнні, якія ўдалося зрабіць яшчэ ў Беларусі.

Забавы — альбо за кошт зберажэнняў, альбо бясплатныя. У Польшчы шмат мерапрыемстваў з бясплатным уваходам.

Пакуль ні аб якім аднаўленні ашчаджэнняў гаворкі не ішло, хоць бы перастаць жыць у мінус. Памяняць працу пакуль не магу, бо ў кампаніі, у якой працую, я прайшоў стажыроўку і абавязаны адпрацаваць як мінімум 18 месяцаў з моманту падпісання працоўнай дамовы.

За час пасля пераезду жонка вывучыла польскую да камунікатыўнага ўзроўню і нядаўна ўладкавалася на працу. У мяне расце досвед, а час да заканчэння дамовы памяншаецца. Таму з асцярожным аптымізмам глядзім у будучыню, хоць разумеем, што будзе нялёгка.

«Адкладаць дакладна не атрымліваецца»

— Мой заробак — 5400 злотых ($1367). Пачала працаваць HR яшчэ да пераезду (рэлакавалася з-за вайны). Нейкіх бонусаў па пераездзе кампанія не прапаноўвала, заробак з пачатку вайны таксама не павышалі.

Атрымліваецца, з гэтых грошай 1/3 сыходзіць на падаткі, 1/3 на арэнду пакоя ў Варшаве (я здымаю са знаёмай добрую двушку ў адным з цэнтральных раёнаў), трохі сыходзіць на іпатэку, якая засталася там. Адкладаць дакладна не атрымліваецца. У выпадку неабходнасці бяру нешта з падушкі бяспекі.

У цэлым, на ежу і бытавыя штукі (тыпу для мыцця, уборкі і іншага), арэнду, сёе-тое з адзення, часам забавы (канцэрт, кафэ) хапае. У нейкія месяцы даводзіцца эканоміць больш. Працу шукаю павольна, бо яшчэ чакаю ДНЖ.

Планую пераехаць у іншы горад, дзе арандаваць кватэру будзе танней. Ну і знайсці працу хаця б з сярэднім польскім заробкам. Напэўна, дзяўчатам трохі прасцей жыць на такі заробак, бо я не так шмат ем.

«Сказалі, што вілка ў $1300-1800 для Польшчы — шмат»

— Я Data Engineer, жыву ў Беластоку, атрымліваю 5000 злотых брута ($1265).

Па адукацыі я эканаміст. У Польшчу прыехаў у пачатку 2021 года, працаваў на будоўлях, на заводах. ІТ зацікавіўся гадоў 7 таму. Але гэта было, хутчэй, хобі. Паволі вучыўся, чытаў кнігі, праграмаваў. І прыкладна паўтара года таму ўбачыў вакансію ў тэлеграме, што кампанія з Беларусі шукае Data Engineer. Прайшоў сумоўе і з тых часоў працую ў іх.

На двушку ў Беластоку сыходзіць 1300 злотых, з камуналкай — 2100-2200 у месяц. Астатняе — на жыццё. У самым пачатку сума задавальняла, але чым далей, тым больш разумею, што, па-мойму, лепш назад на завод.

Але завод — гэта мінус лёгкія, рукі і ногі, шмат мінусаў. А мне ўжо не 20, ёсць жонка, сын, і я разумею, што змагу атрымліваць добрыя грошы на заводзе ў моманце. Але што са мной будзе гадоў праз 15 — гэта пытанне.

@nashaniva Колькі атрымліваюць на аршанскім заводзе «Легмаш» #зарплата#орша#беларусь#беларусьновости#нашаніва#навіны#беларускаямова#лукашенко♬ Crime Scene - Avery Alexander

Я шукаю працу ў ІТ, праходжу сумоўі, але ў мяне не вельмі добрая англійская і польская. Нядаўна спрабаваў сумоўе ў адну кампанію на мідл-распрацоўншчыка Golang. Не прайшоў аб'ектыўна па скіл. Але яшчэ да «сабесу» мне сказалі, што вілка ў $1300-1800, на якую я разлічваю, для Польшчы шмат. Бо тут куча народа з СНД, гатовага працаваць за ежу.

І яшчэ я грамадзянін Расіі, нам цяпер вельмі складана з дазволамі на працу. Не кожны працадаўца будзе заганяцца з ваяводскім дазволам на працу. Так што мне трэба не толькі знайсці працу, але яшчэ і працадаўцы, гатовага заняцца дакументамі. Планую праз год падавацца на карту рэзідэнта ЕС, там ужо павінна быць лягчэй.

«Не абмяжоўваю сябе ні ў чым»

— Працую ў польскай фірме аўтсорс, PHP Developer. Атрымліваю 5800 злотых брута ($1470).

З выдаткаў: 1800 ($460) злотых за кавалерку ў Беластоку, яшчэ ±500zł ($130) камунальныя. На ежу, забавы — ±1000zł ($260). Астатняе альбо адкладаецца, альбо ідзе на розныя хацелкі або падарожжы.

Не абмяжоўваю сябе ні ў чым. Але заўсёды хочацца больш, таму чакаю рашэння па грамадзянстве і шукаю лепшую працу.

Жывуць на сярэдні заробак

«У параўнанні з Беларуссю нечакана шмат сыходзіць на ўсё»

— Працую ў ІТ без малога два гады на пазіцыі распрацоўшчыка як JDG у Польшчы. Кампанія кампенсуе падаткі, ZUS, бухгалтара. Нета выходзіць каля $1800.

За еўратройку сыходзіць каля $800 (з усімі чыншамі, тэлефонамі, інтэрнэтам). Яшчэ $400 — на харчаванне (выключна прадукты + раз у тыдзень дастаўку чаго-небудзь), каля $50 на бар, яшчэ $50-100 на адукацыю, $50 на крэдытку, столькі ж — на ўсякага роду падпісачныя сэрвісы і лічбавыя забавы. Што застаецца, з'ядае стаматалогія, куплі нейкага хатняга начыння, адзення.

Часам атрымоўваецца выдаткаваць менш і нешта ўмоўна адкласці. Але ў асноўным боўтаюся «каля нуля». У бліжэйшы час да мяне павінны пераехаць жонка з немаўлём. Таму «падушка бяспекі» будзе раставаць хутчэй.

У параўнанні з Беларуссю нечакана шмат сыходзіць на ўсё: арэнда, прадукты, медыцына, eating out. Без свайго жылля жыць на польскую сярэднюю і ўжо тым больш мінімалку на аднаго даволі сумна. А калі ёсць сям'я, дык гэта зусім становіцца падобна на чэлендж.

На прыкметны перагляд заробку найбліжэйшым часам не разлічваю. Пазіраю на польскі рынак працы, аднак трэба падцягваць веданне польскай.

«Ёсць варыянт вярнуцца ў РБ»

— Я айцішнік, які жыве акурат на 8900 злотых брута ($2253). Я адзін працую ў сям'і зараз, гэтая сума — на чацвярых.

Мы жывём у прыгарадзе Варшавы, месца выбіралі, каб трохі сэканоміць на арэндзе, што ў цэлым напачатку спрацавала. Але праз паўгода гаспадар пачаў павышаць кошт. Зараз за ўсё (арэнда+медыя) атрымліваецца амаль 4000 ($1012). То бок, кватэра з’ядае палову сямейнага бюджэту.

Падыход просты: намагацца эканоміць. Закупы толькі ў Lidl, Biedronka на зніжках і па купонах (часам на кірмашах). Але, на жаль, гэта не спрацоўвае. Усё адно пад’ядаюцца рэзервы. Таму зараз галоўная стратэгія — пошук новай працы. Ну і плюс чакаем карту побыту вельмі доўга, і тады можна будзе нарэшце падацца на дзіцячыя выплаты (па 800 злотых на дзіця), што было б істотнай падтрымкай.

Ну і, на жаль, гэты сцэнар таксама цалкам нельга адмаўляць. Ёсць варыянт вярнуцца ў РБ. Гэта на выпадак, калі рэзервы цалкам скончацца і з працай будуць праблемы.

Чытайце таксама:

Айцішнікі з Беларусі знялі палову офіснай Вільні — але цяпер трацяць цікавасць

«На старце айцішнік будзе зарабляць $300-500 на месяц». Наколькі складана ўвайсці ў ІТ у 2024 годзе?

Дыстанцыйшчык плаціць 6500 рублёў падаткаў у Беларусі, але ўсё роўна стаў «дармаедам». Як так?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
13
Ха-ха
12
Ого
4
Сумна
26
Абуральна
20
0
Индеец/адказаць/
04.06.2024
[Рэд. выдалена]
0
Моторолька/адказаць/
04.06.2024
Индеец, Дизайнер, пеши под своим никам. Индеец из тебя никакой. 
0
Ленин на разливе/адказаць/
06.06.2024
Не хотели брать власть в Беларуси - работайте за минималку в Польше.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031