Знайсці
02.04.2024 / 23:2046РусŁacБел

«Вам тут у Варшаве добра сядзець на тэлебачанні!» Як у эфіры Белсата пасварыліся Рымашэўскі і вядучы Падсасонны

Што паслужыла прадметам спрэчкі?

Сяргей Падсасонны і Віталь Рымашэўскі. Скрын відэа: belsat_news / YouTube

У эфіры Белсата абмяркоўвалася пытанне выбараў у Каардынацыйную раду трэцяга склікання. Сярод запрошаных быў дзейсны сябра Рады Віталь Рымашэўскі.

Рымашэўскі расказаў пра тое, што збіраецца ўдзельнічаць у выбарах і адзначыў, што галоўнай мэтай працы яго разам з камандай стане лозунг «Не — жалезнай заслоне паміж Беларуссю і цывілізаваным светам». Гэта адзначае «магчымасць вучыцца, вандраваць, працаваць, весці бізнес у Еўрапейскім Звязе для простых беларусаў».

Па словах палітыка, сёння 90% санкцый дзейнічае супраць простых беларусаў.

«Цягнікамі, якія не ходзяць, Лукашэнка не ездзіць. Самалётамі, што не лятаюць, Лукашэнка не лятае. Ад гэтага пакутуюць беларусы», — сказаў Рымашэўскі і заўважыў, што санкцыі павінны ўводзіцца і дзейнічаць супраць беларускага рэжыму і тых людзей, якія здзяйснялі злачынствы.

Але сёння санкцыі не дзейнічаюць, і прычына гэтага, на погляд Рымашэўскага, у тым, што «беларускія палітыкі займаюцца папулізмам, гаворачы пра санкцыі і падтрымліваючы тыя санкцыі, якія ўводзяцца супраць простых беларусаў».

Палітык заўважыў, што за апошнія два гады інвестыцыі еўрапейскіх краін у Беларусь павялічыліся.

«І грошы за абыход санкцый таксама павялічыліся. Гэта ж не Латушка гандлюе з Лукашэнкам і не Ціханоўская. А гандлююць заходнія палітыкі і дазваляюць гэта рабіць», — дадаў Падсасонны.

У гэты момант Рымашэўскі спытаў у Падсасоннага: «А вы, хіба, супраць санкцый?»

«Я за тое, каб гэтыя санкцыі запрацавалі», — адказаў вядучы і пацікавіўся, як Рымашэўскі збіраецца гэтага дасягнуць.

«Адчыніць памежныя пераходы для беларускіх грамадзян. Зменшыць колькасць адмоваў у візах, якія, напрыклад, выдае польскае консульства. Аднавіць турыстычныя візы для простых беларусаў, якія не ўдзельнічалі ў рэпрэсіях», — патлумачыў Рымашэўскі.

«А што перашкаджала Вам за чатыры гады гэта зрабіць? Пайсці ў польскае Міністэрства замежных спраў, паехаць у Літву», — пацікавіўся Падсасонны.

Рымашэўскі запэўніў, што яны гэта рабілі, але для дасягнення мэты не хапае сваіх сілаў. «Вельмі шмат галасоў, якія падтрымліваюцца часам беларускімі незалежнымі СМІ. Якія кажуць, што беларусаў трэба ізаляваць і хай яны там зрынаюць Лукашэнку. Павыязджалі ў Польшчу».

«Гэта не мой голас», — заўважыў Падсасонны.

Рымашэўскі яму запярэчыў: «Чаму не ваш? Вы сёння дэ-факта кажаце, што выступаеце за санкцыі супраць простых беларусаў. Вам тут у Варшаве добра сядзець на беларускім тэлебачанні і выступаць за тое, каб простыя беларусы сюды не прыязджалі».

«Таксама, як і вам. Беларусы сюды прыязджаюць. Не маніпулюйце, калі ласка. Не, спадар Віталь. Маніпуляцыям кажу — не. І на гэтым стаўлю кропку», — парыраваў Падсасонны.

«Гэта Вы маніпулюеце. У мінулы раз вы наўмысна абвінавацілі кіраўніцтва Каардынацыйнай рады, што яны атрымліваюць грошы. Скажыце, адкуль у Вас такія звесткі?», — працягнуў Рымашэўскі.

«Паставім на гэтым кропку. Ідзіце ў польскі суд. І калі вы дакажаце гэтую віну, то тады мы будзем з вамі размаўляць. А я выбачуся ў эфіры», — адказаў Падсасонны.

«Я вас вельмі заклікаю перастаць ганьбіць Каардынацыйную раду — адзіны орган, які сёння прапануе беларусам аб'ядноўвацца», — сказаў Рымашэўскі.

На гэта Падсасонны адказаў, што ніхто так не ганьбіць Каардынацыйную раду, як яна сама. «Спадзяюся, што ў новым складзе не будзе ніякай ганьбы, скандалаў, а будуць практычныя рашэнні. А беларусы паедуць, атрымаюць візы, і санкцыі будуць працаваць супраць рэжыму».

«Ну калі Вы не пралабіруеце», — не супакоіўся Рымашэўскі.

«Я ніякім лобінгам не займаюся», — скончыў размову Падсасонны.

Чытайце таксама:

Разборкі ў БХД: перасвараныя партыйцы выганяюць адно аднаго з арганізацыі

Ці павінны дзеці чыноўнікаў адказваць за бацькоў? 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
21
Панылы сорам
70
Ха-ха
16
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
14
0
Кастусь/адказаць/
03.04.2024
Сказ о том как поссорились Иван Иванович и Иван Никифорович
0
Праўда/адказаць/
03.04.2024
[Рэд. выдалена]
0
Алег./адказаць/
04.04.2024
абпол, Чаму ня сядзеў, сядзеў пасля 2010, пазней напісаў прашэне на лу., ну і напэўна падпісаў нейкія паперкі з КДБ, пасля гэтага яго ніхто не кранае.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031