Знайсці
08.03.2024 / 19:1027РусŁacБел

«А Латушка сам сябе будзе люстрыраваць за тое, што чыноўнікам працаваў?» Споведзь былога супрацоўніка БелТА

Што адбывалася ў БелТА пасля 2020-га, за што пісалі тлумачальныя пры Жуку і пра што прасіла Акуловіч? Некаторымі дэталямі падзяліўся былы супрацоўнік. А таксама паразважаў, як самі журналісты ўспрымаюць сваю працу ў дзяржагенцтве і чаму многія не звальняліся.

Па просьбе суразмоўцы мы не называем яго імя і пол. Адзначым толькі, што гэта не фатограф.

Дзяржаўнае агенцтва БелТА. Фота: Tut.by

«Пры Жуку даў навіну пазней за Тутбай — пішы тлумачальную»

У БелТА наш суразмоўца прыйшоў, бо дасягнуў столі на папярэднім месцы працы.

«Хацелася нечага новага паспрабаваць у сваёй кар’еры. А там якраз з’явілася месца. У прынцыпе, заўсёды была мара там працаваць — на той момант лепш нічога не было і гэта здавалася не такой запалітызаваная арганізацыя, як «Саўбелія».

З кім канкуруе БелТА, складана сказаць, разважае былы супрацоўнік. Пры Жуку (кіраваў агенцтвам да 2018-га) адным з галоўных канкурэнтаў лічыўся Тутбай: людзі маглі пісаць тлумачальныя запіскі, калі далі навіну пазней на 5 хвілін, чым Тутбай. Пры Акуловіч такіх тлумачальных ён не памятае.

«Ніхто асабліва не жыраваў. Заробкі — 1400—1700 рублёў. Не завоблачныя грошы», — згадвае суразмоўца пра заробкі звычайных работнікаў у 2020-2021 гады.

Калі працуеш у дзяржагенцтве, у цябе дзейнічае самацэнзура, тлумачыць. 

«Было такое, што давалі накірунак, у якім рабіць тэкст. Але мяне не прымушалі нешта пісаць. «Вы самі ўсё разумееце» — гэта ўніверсальная беларуская фраза. Маглі заметку міжнародную не прыняць, калі там была непажаданая інфармацыя ці персоны. І сказаць у апраўданне, што гэта не тычыцца Беларусі.

У рэдактароў свой спіс забароненых тэм, таго, што можна ставіць у загаловак, што нельга, і не заўсёды ты пра гэта ведаеш».

У непажаданых персонах пасля 2020-га былі, напрыклад, тыя, хто падпісаў лісты супраць гвалту.

«Дзіўна, калі чалавек на хвалі пратэстаў пераходзіць з БелТА ў «Спутнік» ці «Саўбелію»

Сярод супрацоўнікаў БелТА былі тыя, хто хадзіў на мітынгі ў 2020-м і звальняўся па ўласным жаданні. «Каля дзясятка чалавек», — кажа суразмоўца пра тых, хто сышоў з агенцтва адразу пасля выбараў. Некаторых «нелаяльных» звольнілі пазней.

«Былі, напэўна, і тыя, хто вырашаў на гэтай хвалі свае праблемы. Згадзіцеся, дзіўна, калі чалавек пераходзіць з БелТА ў «Спутнік» ці «Саўбелію», напрыклад. Пабачыў чалавек, што «Спутнік» — не беларускае дзяржаўнае СМІ, і пайшоў туды. Я б на гэту ватную прапаганду працаваць, напрыклад, не стаў. Тут ужо на гэту працуючы — ну ладна… 

Але я не лічу сябе нейкай зброяй прапаганды ці карнікам. Хапае тых, для каго гэта проста праца. Думаю, калі б такі чалавек працаваў у «Нашай Ніве» ці «Радыё Свабода», ён з такім жа запалам выкрываў бы антыбеларускую палітыку Лукашэнкі.

Напрыклад, чалавек спрабуе ўладкавацца ў незалежныя медыя, але яго ніхто не бярэ. Чаму ён як прафесіянал павінен закопваць свой талент?»

Суразмоўца кажа, што некаторыя не спяшаліся звальняцца, бо лічылі, што калі на іх месца возьмуць расіян, то будзе яшчэ горш.

«Самі разумееце, як яны будуць працаваць і якая будзе ў іх грамадзянская пазіцыя.

Акрамя гэтага, успомніце, як у 2021 годзе былі настроі, што перамога блізка. А тады які сэнс сыходзіць? Усё адно людзі патрэбныя будуць. Чалавек, можа, патрыёт, а яму няма дзе больш працаваць. Шмат каго абставіны сямейныя трымалі».

Пасля выбараў і жорсткіх разгонаў пратэстоўцаў гендырэктарка БелТА Ірына Акуловіч збірала калектыў на размову.

«Тлумачыла, што такія крокі як падпісанне ліста супраць гвалту, з ёй трэба ўзгадняць. Блытана разважала, што ў яе сям’я і гэтак далей. Прафілактычная такая размова адзін раз была, па-мойму. «Вы разумееце сітуацыю, разумееце, што да чаго», — казала яна нам.

Ірына Акуловіч у цэнтры. Фота: БелТА

Ірыну Акуловіч былы супрацоўнік агенцтва характарызуе коратка: «Любіць парадак. Яна старалася. Хоць для яе гэта справа была новая, яна раней працавала на тэлебачанні. Можа, і далей хацела там працаваць, але лёс склаўся па-іншаму».

Аддзел, які асвятляе дзейнасць Лукашэнкі, стаіць у агенцтве асабняком.

«Гэта такая БелТА ў БелТА. Там людзі прывеліяваныя. Калі навіна-пераклад з Бі-бі-сі каштавала 1 рубель, аўтарская заметка — 3 рублі, то ў гэтых ганарары былі па 7-8 рублёў за заметку.

У два разы даражэй, чым звычайна. Праца гэтага аддзела звонку выглядае так. Умоўна, вам прыйшла з Адміністрацыі прэзідэнта тэма будучай нарады і прамова. Яны робяць чарнавікі, пасля дасылаюць на рэдактуру. І потым пасля таго, як Лукашэнка сустрэўся з кімсьці, журналісты тэлефанавалі і казалі: выпускайце. Або карэктавалі тэкст па ходзе дзеянняў. 

Часам калегам бывала крыўднавата, што працуеш з імі на нейкім адным мерапрыемстве, яны цытуюць Лукашэнку, у іх ганарар большы, а ты апытваеш іншых удзельнікаў нарады і за гэта плацяць інакш».

«Павеяла 1937 годам: Адзярыха быў і раптам знік»

Суразмоўца згадвае адну з кібератак на сайт БелТА.

«Трохі абцяжарыла гэта працу, але не скажу, што моцна. Ну, паклалі бухгалтэрыю. Толькі людзей раззлавалі. А які сэнс? Я разумею, залезці ў Мінабароны, МУС. А вось гэтыя атакі на СМІ, газеты — больш рэклама, чым эфект», — лічыць. 

Восенню 2021 года затрымалі намесніка гендырэктара БелТА па ідэалогіі Сяргея Адзярыху. Яго пазней асудзілі на 5 гадоў за злівы прадстаўніку Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і тэлеграм-каналу «Нік і Майк». Размова ішла пра закрытую інфармацыю аб працоўным графіку Аляксандра Лукашэнкі.

Сяргея Адзярыху асудзілі на 5 гадоў калоніі. Скрын відэа «Беларусь 1»

«Я памятаю, што прыходзіш на працу — Адзярыхі няма. Дзе ён, ніхто нічога не казаў. А потым такія: самі ўсё разумееце. Павеяла 1937 годам: чалавек быў і раптам знік. Нам, простым работнікам, не дакладвалі, што здарылася. Многія здзіўлены былі — ён абсалютна не быў падобны да апазіцыянера».

Да відных прапагандыстаў, кажа былы белтавец, у яго коле піетэту не было.

«Ну, як можа падабацца Азаронак? Гэта нават не прапаганда. Прапаганда павінна быць мастацтвам. Хаця некаторыя не паважалі, не паважалі, а цяпер у іх у інстаграме ўмоўны Ігар Тур у сябрах».

Сам суразмоўца чытаў і дзяржаўныя медыя, і незалежныя. Згадвае, як на Дзень Волі ў 2021-м яго спыніў сілавік у горадзе і папрасіў паказаць тэлефон.

«У мяне тэлефон узялі праверыць, але батарэя скончылася, міліцыянт не паспеў. Таму сказаў: дзякуй, ідзіце».

«А Пал Палыч Латушка сам сябе будзе люстрыраваць?»

Былы супрацоўнік агенцтва тлумачыць сваё бачанне, што рабіць тым, хто не падтрымлівае рэжым, але застаўся ў дзяржаўных медыя, што займаюцца прапагандай.

«Я так лічу: калі ты не даеш альтэрнатывы, патрабаваць ад чалавека зрабіць такі адказны ўчынак нельга. Гэта амаральна, я лічу. Шмат хто, можа, і звольніўся б з дзяржаўных СМІ, калі б яму сказалі: вось, прыходзь да нас. Так, некаторых бралі, але неахвотна.

Што да люстрацый. Калі ён прапагандыст адкрыты, прыхільнік рэжыму, то тады так, трэба каб ён у будучыні адказаў за свае ўчынкі.

А вось, возьмем, чалавек у культурніцкім выданні працуе, піша пра балеты, спектаклі, выставы — чым ён шкодзіць беларускай справе? А Пал Палыч Латушка сам сябе будзе люстрыраваць за тое, што чыноўнікам працаваў?

Сярод прыхільнікаў дэмакратычных перамен ёсць нямала былых супрацоўнікаў дзяржаўных органаў… З аднаго боку яны, а з іншага — дзяўчына з фатаапаратам: яе рэдактар паслаў, яна сфоткала тое, што прасілі, рэдактар падпісаў. І цяпер з яе робяць слугу рэжыму.

Калі патрабуеш — трэба даваць альтэрнатыву».

Чытайце таксама:

Стала вядома, колькі зарабляюць Ірына Акуловіч і іншыя кіраўнікі БелТА

Намесніка гендырэктара «БелТА» па ідэалогіі асудзілі на пяць гадоў калоніі за «злівы» тэлеграм-каналу «Нік і Майк»

Былая фатографка БелТА, якая пераехала ў Варшаву: Вы змагаецеся не з тым злом

Што вядома пра таямнічы ўзлом БЕЛТА, пасля якога арыштавалі намесніка дырэктара па ідэалогіі?

Дырэктар Інстытута сацыялогіі патрабуе выбачэнняў ад БелТА, бо ад яго імя апублікавалі фэйк

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
22
Панылы сорам
24
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
12
Абуральна
32
2
Раксалана/адказаць/
09.03.2024
Марыля, дык сам Латушка толькі 17 жніўня звольніўся! Атрымліваецца, і ён зло?
1
хохма/адказаць/
09.03.2024
Пацан, ты опять всё перепутал. Не "кастрация" а "люстрация". Люстрация - это не наказание. Это - разбирательство, изучение, дознание. 
Не волнуйся, вам с Протасевичем будет хорошо, очень хорошо.
0
Woodoo Cult/адказаць/
12.03.2024
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031