Знайсці
03.03.2024 / 16:598РусŁacБел

«Працэнтаў 20 купляюць сабе тут жыллё, каб легалізавацца». Беларусы пра плюсы і мінусы жыцця ў Грузіі

Грузія — адна з краін, куды масава з'язджалі беларусы пасля падзей 2020 і 2022 гадоў. «Наша Ніва» спытала, як ім жывецца ў гэтай краіне, чаму адныя вырашаюць асесці там надоўга, а іншыя разглядаюць Грузію хутчэй як часовы прыстанак. 

Тбілісі. Фота: vecteezy / felix960588

Народ гасцінны, а падаткі нізкія

Кірыла жыве ў Грузіі без малога год. У адрозненні ад большасці эмігрантаў, ён пасяліўся не на ўзбярэжжы або ў сталіцы, а ў невялікім горадзе ў 100 кіламетрах ад Тбілісі. Па словах мужчыны, калі ў яго ўзнікла патрэба з'ехаць з Беларусі, ён меў дзейны шэнген, але замест Еўропы адправіўся на Каўказ.

«Я меў магчымасць перабрацца ў Польшчу, але, каб не пазбаўляць сабе магчымасці бачыцца з роднымі і сябрамі, выбраў для рэлакацыі Грузію.

Нягледзячы на тое, што пералёт з Мінска таксама каштуе нятанна, гэта ўсё адно прасцей і танней, чым атрымаць візу і дабірацца да той жа Польшчы», — тлумачыць Кірыла.

Паколькі малады чалавек не жыве ў адным з гарадоў, куды прыехала шмат беларусаў і расіян, выдаткі на арэнду жытла і камуналку ў яго невялікія — каля 600 рублёў.

Столькі ён плаціць за арэнду двух пакояў у доме. Жыве разам з гаспадаром, але той можа не з'яўляцца дома цэлы тыдзень.

Сярод плюсаў Кірыла адзначае гасціннасць і добразычлівасць грузін, добрае стаўленне да беларусаў, а таксама нізкія падаткі.

«Як ІП, я плачу ўсяго 1% ад абароту. У Грузіі вельмі нізкія падаткі для дробных прадпрымальнікаў», — кажа Кірыла.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

З мінусаў ён адзначае слаба развітую інфраструктуру і перыядычныя перабоі з вадой, інтэрнэтам і электрычнасцю.

Кірыла не плануе з'язджаць у іншую краіну. Мужчына не выключае таго, што, калі сітуацыя ў Беларусі зацягнецца, Грузія стане яго другім домам.

«Адзін з сяброў, які тут жыве, таксама разважаў нядаўна над тым, што ўжо не ўпэўнены, што будзе вяртацца на радзіму, калі ў Беларусі настануць доўгачаканыя перамены».

Пражыў 2,5 года, а пасля з'ехаў у Літву

Раман правёў у Грузіі 2,5 года. Паколькі малады чалавек жыў у Батумі, то сярод плюсаў ён у першую чаргу вылучае клімат, прыгожую прыроду і мора.

«Там вельмі лёгка ў плане падаткаў. Дзяржава па мінімуму цябе чапае і кантралюе, адчуваецца свабода ад дзяржавы, быццам людзі існуюць самі па сабе, а дзяржава сама па сабе», — кажа Раман.

З мінусаў ён называе нізкі ўзровень сэрвісу і неабавязковасць грузін да выканання дамоўленасцей. Пры гэтым, як народ яны падабаюцца Раману сваёю адкрытасцю, гасціннасцю і дабрынёй.

«Яшчэ напружвае блізкасць Расіі і колькасць расіян. У 2021 годзе іх было мала, але пасля ледзь не траціна машын у Батумі была на расійскіх нумарах. Таксама напружвае, што нягледзячы на тое, што Грузія дэкларуе імкненне ў ЕС, паводзіны кіраўніцтва часам выглядаюць так, што яны імкнуцца ў СНД».

Яшчэ адзін мінус Грузіі для беларусаў — адсутнасць разумення, што будзе заўтра.

«Нікому не даюць прытулак, таму могуць быць вялікія праблемы з дакументамі, калі ты раптам згубіш пашпарт або скончыцца яго тэрмін дзеяння. Ведаю шмат прыкладаў, калі пасля таго, як Лукашэнка забараніў мяняць дакументы ў амбасадах, людзі былі вымушаны з'язджаць па гуманітарных падставах у Еўропу».

Са слоў Рамана, большасць такіх людзей рэлакавалася ў Польшчу. Сам малады чалавек пасля 2,5 года жыцца ў Грузіі перабраўся ў Літву.

Вільня. Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

З Грузіі ў Польшчу па перспектывы для дзяцей

Канстанцін пражыў у Грузіі амаль паўгода. Як і многія беларусы, абраў гэтую краіну праз тое, што туды можна было трапіць без візы. Малады чалавек спадзяваўся, што сітуацыя ў Беларусі хутка зменіцца і ён зможа вярнуцца дадому.

«Досвед жыцця ў Батумі быў больш падобны на працяглы адпачынак, які даводзілася сумяшчаць з работай, якая дазваляла працаваць дыстанцыйна».

Косця прызнаецца, што праз вайб жыцця на курорце ў яго пачыналі ўзнікаць думкі набыць там жыллё і асесці, але, даведаўшыся больш аб нюансах жыцця ў гэтай краіне, вырашыў з'ехаць у Польшчу.

Варшава. Ілюстрацыйны здымак. Фота: Jacek Kadaj / Getty Images

«Да таго ж, дзецям хутка трэба было ісці ў школу, таму мы з жонкай падумалі, што «адпачынак» трэба прыпыняць і планаваць пераезд у Польшчу, бо ў Еўропе перспектыў для будучыні дзяцей будзе значна больш».

«Праз кавідныя абмежаванні варыянтаў выезду з Беларусі было не шмат»

Андрэй жыве ў Грузіі разам з сям'ёй са жніўня 2021 года. Згадвае свой тэрміновы ад'езд з Беларусі:

«У пятніцу я даведаўся, што на панядзелак мяне выклікалі адначасова ў некалькі спецслужбаў, таму давялося хутка збірацца.

Паколькі тады дзейнічалі кавідныя абмежаванні, выехаць з Беларусі наземнымі шляхамі было не проста, але абмежаванні не тычыліся палётаў на самалёце, таму варыянтаў было не шмат. Першым рэйсам суботы мы выляцелі ў Грузію, у той сітуацыі выбіраць даводзілася толькі паміж Тбілісі і Батумі», — згадвае Андрэй.

Журналіст жыве ў Батумі разам з жонкай і дзвюма дачкамі. Жонка працуе намеснікам дырэктара ў школе. Малодшая дачка ходзіць у садок пры школе, у якой працуе жонка Андрэя, а старэйшая вучыцца ў школе анлайн.

Восенню 2021 года мужчына прыязджаў у Беласток, дзе знаходзіцца рэдакцыя, у якой ён працуе. Тады яму сказалі, што журналістаў у Польшчы і без яго шмат і іх колькасць толькі расце. Там яго спыталі, ці не хоча ён стаць кіраўніком карэспандэнцкага пункту на Каўказе. Паколькі на той момант жыць у Грузіі было значна танней, чым у Польшчы, журналіст пагадзіўся на прапанову застацца працаваць у Грузіі.

Батумі. Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Пасля вайны розніца, канешне, нівеліравалася, але цяпер жыць у Грузіі практычна ў два разы танней, чым у Польшчы. Да таго ж на той момант было не зразумела, ці знойдзе мая жонка там працу. У Грузіі яна працуе намесніцай дырэктара адукацыйнага цэнтра Inter School».

На арэнду жытла ў сям'і з чатырох чалавек сыходзіць 300 даляраў у месяц. Столькі яны плацяць за арэнду цэлага паверха ў прыватным доме.

Тым не менш, сям'я не выключае, што цягам года яны ўсё ж такі перабяруцца ў Польшчу.

«На перспектыву мы разглядаем пераезд у Беласток — гэта горад, у які пераехала шмат гарадзенцаў, якія дапамагаюць адзін аднаму.

Таму калі не адбудзецца нічога надзвычайнага, то менавіта Беласток мусіць стаць наступным пунктам, куды плануе пераехаць наша сям'я. Я хачу, каб дзеці атрымалі нармалёвую еўрапейскую адукацыю», — прызнаецца Андрэй.

У яго атачэнні хапае тых, хто вырашае застацца ў Грузіі.

Батумі. Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Працэнтаў 20 купляюць сабе тут жыллё, каб легалізавацца і атрымаць ДНЖ, бо інакш атрымаць яго амаль немагчыма. У той жа час, каля паловы беларусаў, з якімі даводзіцца стасавацца, разглядаюць Грузію як часовы прыстанак, плануюць з'ехаць адсюль або ўжо з'ехалі».

Што тычыцца новых мігрантаў з Беларусі, то, па назіраннях суразмоўцы, цяпер у Грузію ў асноўным прылятаюць ужо тыя беларусы, якія вызваліліся з турмы. У Грузіі яны не затрымліваюцца, робяць візу і з'язджаюць далей. У асноўным у Польшчу і Літву.

Чытайце таксама:

Беларусам у Вільні звоняць і просяць пакінуць Літву. Што адбываецца? 

«Літва дакладна трымае лінію падзелу паміж дэмакратычнымі беларусамі і саўдзельнікамі рэжыму» — Юрконіс

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
19
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
11
Сумна
15
Абуральна
19
1
Нешта /адказаць/
03.03.2024
А нахрана гэта расказваць усім ? Ну перакрыюць гэтыя магчымасці, кірунак..., стане весялей ?
1
Максим Дизайнер/адказаць/
04.03.2024
хамса

В Грузии. Даже в офис ходит, за зарплату польского дворника. Жена, которую релоцировал ЕПАМ, с собой забрала. А так бы и дальше побирался в любимом Минске со своими говнодизайнами. Постит в Фейсбуки картинки с хрючевом на вечеринках с украинцами.
1
Максим Дизайнер/адказаць/
04.03.2024
Лукашвілі

Да-да, родина, это там, где жопа в тепле. Будущэе для дитей, которых еще даже не родили. Говноеды лицемерные. Вот из-за таких как ты потом о беларусах плохо думают.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031