Знайсці
17.02.2024 / 17:018РусŁacБел

Як выглядаюць дэбаты на БТ: маналогі кандыдатаў, а пасля дзве хвіліны абмеркавання Курапатаў

Часткай выбарчай кампаніі — 2024 з'яўляюцца дэбаты кандыдатаў, якія балатуюцца па адной выбарчай акрузе. Мы паглядзелі адны з іх — з удзелам прапагандыста Аляксандра Шпакоўскага, які цяпер працуе ў беларускім пасольстве ў Расіі.

У студыі падчас дэбатаў.

У «дэбатах» прынялі ўдзел тры кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Свіслацкай выбарчай акрузе №95. Гэта Аляксандр Шпакоўскі, камуніст, фальсіфікатар гісторыі Аляксандр Плавінскі, а таксама абліцоўшчык-плітачнік з ЛДПБ Дзмітрый Юрʼеў.

Згодна з заканадаўствам, для тэледэбатаў кожнаму кандыдату адводзіцца па 5 хвілін. Як іх выкарыстоўваць, кожны вырашае па-свойму. Вядучы рэкамендаваў зрабіць невялікае ўступнае слова і пакінуць час на заключнае слова, а асноўную частку адвесці на пытанні апанентам і адказаў на сустрэчныя пытанні.

Першы сваю пафасную прамову зачытваў Дзмітрый Юрʼеў. Ён паведамляў пра тое, што такое Ліберальна-дэмакратычная партыя, якая «працуе кожны дзень на карысць народа, падтрымлівае сілавыя структуры, беларускую армію, і заўсёды з народам».

Кандыдат так захапіўся аповедам пра сваю грамадскую працу са зваротамі грамадзян і па рэалізацыі праектаў з непаўналетнімі, што вядучаму давялося яго перабіць і папярэдзіць, што засталося толькі дзве хвіліны для таго, каб задаць пытанні. Але Юрʼеву было важна дачытаць свой тэкст да канца.

Чарга перайшла да Аляксандра Шпакоўскага. Былы прапагандыст, а цяпер дыпламат заявіў, што яго погляды супадаюць з палажэннямі праграмы партыі «Белая Русь» — імкненне да пабудовы «дзяржавы для народу», захаванне суверэнітэту Беларусі і «міратворчую місію» беларускай дыпламатыі. У сваёй акрузе Шпакоўскі збіраецца вырашаць праблему жылля. Пасля выступу ў прапагандыста засталіся дзве хвіліны.

Аляксандр Плавінскі ў сваім выступленні запэўніў, што ўсе пытанні, якія будуць узнікаць у яго выбаршчыкаў, будзе вырашаць «хутка і безагаворачна». Выступоўца адзначыў, што ён, як і яго партыя, выступае за сацыяльна арыентаваную дзяржаву, бо «сам нарадзіўся і вырас пры Савецкім Саюзе і добра памятае, што гэта такое».

Пра Курапаты

Плавінскі адзначыў, што шмат займаецца вывучэннем гісторыі і выкрыццём гістарычных фальсіфікацый.

А пасля пачаў пераказваць сваю антынавуковую тэорыю наконт Курапатаў, якую спрабуе прасунуць у грамадскую свядомасць. «Ніводнага доказу таго, што ў Курапатах ляжаць ахвяры НКУС, няма», — даводзіў гора-гісторык.

Не спыняючы свайго выступу (а заставалася адна хвіліна), Плавінскі звярнуўся да Шпакоўскага: «Хацеў бы даведацца Вашу пазіцыю адносна таго, хто і калі расстрэльваў там людзей».

Шпакоўскі адказаў, што «на сёння кропка ў гісторыі Курапат не пастаўлена». «Там створаны нейкі несанкцыянаваны мемарыял. Мы на сёння не ведаем канкрэтнай колькасці асобаў, там пахаваных, і не ведаем, хто ў гэтай трагедыі вінаваты», — заявіў Шпакоўскі і працягнуў:

«Больш за тое. Я дазволю сабе такое выказванне, якое, можа быць, некаму не спадабаецца. Я скажу, што ў так званыя сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў далёка не ўсе людзі, якія падвяргаліся вышэйшай меры пакарання, былі сапраўды невінаватымі і далёка не ўсе ў далейшым былі рэабілітаваныя. Таму з гэтым пытаннем мы павінны яшчэ разабрацца».

Але з поглядам Плавінскага аб недатычнасці да расстрэлаў у Курапатах НКУС Шпакоўскі не стаў салідарызавацца, заявіўшы:

«Са свайго боку так адназначна я сцвярджаць не магу. У Беларусі ёсць цэлая школа людзей з навуковымі ступенямі, якія сцвярджаюць, што савецкія органы дзяржбяспекі мелі адносіны да гэтай трагедыі».

На гэтым дэбаты скончыліся. Больш пытанняў кандыдаты ў дэпутаты не задавалі. Як заявіў Юрʼеў, ён азнаёміўся з праграмамі сваіх апанентаў: «Нашы праграмы ў прынцыпе блізкія. Няхай пераможа мацнейшы».

Невядома за каго прагаласуюць тыя людзі, якія дойдуць да ўчасткаў, але пераможцам абвесцяць Аляксандра Шпакоўскага. Яго кандыдатура была ўзгодненая на высокім узроўні па квоце ад Міністэрства замежных спраў.

Чытайце яшчэ:

Гайдукевіч, Гігін, Шпакоўскі, Шаўцоў, Барсукоў і астатнія. Хто ў Мінску сабраўся ў дэпутаты

На выбарах у парламент выклік прапагандысту Шпакоўскаму кідае камуніст Плавінскі, які адмаўляе Курапаты

«Лом у мурашніку». Зірніце, з дапамогай якіх прыёмаў адстаўнік Плавінскі фальсіфікуе гісторыю Курапатаў

Курапаты: на сёння вядома амаль усё

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
26
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
7
0
Дрэсіраваная худоба/адказаць/
17.02.2024
[Рэд. выдалена]
0
хтосьці/адказаць/
17.02.2024
qwerty, як мінімум яўку будуць маляваць па чорнаму.
Дый калі раптам пара соцень палонных бюджэтнікаў, якіх атрымаецца зацягнуць на ўчастак, нешта наблытаюць з пазнакамі у бюлетэнях, на вынікі гэта не паўплывае - усе "кандыдаты" фінішуюць у патрэбным парадку https://nashaniva.com/334104
0
Гены/адказаць/
19.02.2024
Вася, ды не, бурацінка губернская, у палякаў з блізкімі генамі ніякага рабства няма. Яно перадаецца выключна праз інфікаванне русскім міром. 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031