Знайсці
19.01.2024 / 11:1222РусŁacБел

Вераніка Цапкала кіруе арганізацыяй, якую заснаваў адэпт «рускага свету»

У 2021 годзе Вераніка Цапкала, якая разам з Марыяй Калеснікавай дапамагала з перадвыбарнай кампаніяй Святлане Ціханоўскай, стала старшынёй праўлення некамерцыйнай арганізацыі «Беларускі дэмакратычны фонд». Яна зарэгістраваная ў Польшчы, яе скарбнікам запісаны Генадзь Манько, які са жніўня мінулага года кіруе місіяй дэмакратычнай Беларусі ва Украіне. Але як здолела даведацца «Люстэрка», больш за 10 гадоў таму арганізацыю заснаваў Вячаслаў Дзіянаў — адзін з арганізатараў маўклівых акцый пратэсту ў 2011-м, які пазней стаў прыхільнікам ідэй «рускага свету».

Вераніка Цапкала і Вячаслаў Дзіянаў. Калаж: Люстэрка

Што вядома пра арганізацыю?

Паводле звестак Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы, арганізацыя «Беларускі дэмакратычны фонд» (Białoruska Fundacja Demokratyczna) заснаваная ў 2012 годзе і першапачаткова называлася «Фонд «Інтэграцыйны мост». Першым старшынёй праўлення «Інтэграцыйнага моста» быў Вячаслаў Дзіянаў.

Вячаслаў Дзіянаў, 36 гадоў. У 2008 годзе ўваходзіў у ініцыятыўную групу кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Алеся Міхалевіча. У 2009 годзе стаў актывістам арганізацыі «Рух будучыні». У 2010-м балатаваўся ў Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, а на прэзідэнцкіх выбарах таго ж года далучыўся да каманды кандыдата Яраслава Раманчука і быў яго даверанай асобай. Пасля разгону пратэстаў 2010 года з’ехаў з Беларусі ў Польшчу, дзе атрымаў палітычны прытулак. У 2011 годзе Дзіянаў стаў мадэратарам групы «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі», якая займалася каардынацыяй масавых маўклівых акцый пратэсту ў нашай краіне.

У 2014 годзе, пасля анексіі Расіяй Крыма і пачатку вайны на Данбасе, Вячаслаў Дзіянаў перагледзеў свае погляды. Ён заявіў пра жаданне змяніць грамадзянства на расійскае, а таксама выказаў гатоўнасць супрацоўнічаць з прапагандыстамі з Расіі.

Пра дзейнасць Фонду «Інтэграцыйны мост» інфармацыі практычна няма. Былыя чальцы праўлення гэтай арганізацыі на ўмовах ананімнасці расказалі «Люстэрку», што яна займалася наладжваннем сувязяў беларусаў, якія жывуць у Польшчы, з суайчыннікамі, якія застаюцца ўнутры краіны.

Старшынёй праўлення «Інтэграцыйнага моста» Дзіянаў быў да 2015 года. Як вынікае са звестак Нацыянальнага судовага рэестра Польшчы, потым з нейкай прычыны на гэтай пасадзе яго памяняў актывіст Павел Вінаградаў (палітвязень, якога затрымалі ў канцы 2021 года, а 16 сакавіка 2022 года асудзілі на пяць гадоў пазбаўлення волі). Віцэ-старшынёй фонду быў запісаны былы лідар дэмакратычнай арганізацыі «Свабодная моладзь» Мікіта Красноў, а скарбнікам — Фёдар Масленнікаў. Паводле яго словаў, усе гэтыя гады «Інтэграцыйны мост» не працаваў.

— Фактычна пасля 2015 года арганізацыя таксама не вяла дзейнасці, ды і з 2012 да 2015 года не мела сродкаў, баланс быў заўсёды нулявым, — расказаў «Люстэрку» Масленнікаў. — Недзе ў 2015 годзе, калі яна зусім павісла мёртвым грузам, я пагадзіўся ўвайсці ў праўленне, бо маю досвед у падрыхтоўцы штогадовай справаздачнасці для такіх установаў. Гэта не было складана і займала пару гадзін на год. Здаецца, «Інтэграцыйны мост» проста не быў патрэбны хлопцам.

Як з’явіўся «Беларускі дэмакратычны фонд»?

У студзені 2021 года адбываецца змена назвы арганізацыі. Замест «Інтэграцыйнага моста» з’явіўся «Беларускі дэмакратычны фонд» (гэтыя змены зафіксаваныя ўсё ў тым жа Нацыянальным судовым рэестры Польшчы). Змяняецца і склад праўлення. Так, старшынёй становіцца Вераніка Цапкала. Жонка Валерыя Цапкалы, які збіраўся стаць прэзідэнтам Беларусі, а таксама былая паплечніца Святланы Ціханоўскай.

Таксама ў праўленне ўваходзяць актывісты выбарчага штаба Цапкалы — Аляксандр Раманюк (віцэ-старшыня) і Генадзь Манько (скарбнік). Цікава, што ў жніўні 2023 года Манько стаў чальцом Аб’яднанага пераходнага кабінета — Святлана Ціханоўская прызначыла яго кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне.

У каментары «Люстэрку» Генадзь Манько заявіў, што ў склад праўлення «Беларускага дэмакратычнага фонду» яго ўключылі без згоды.

— У студзені 2021 года я яшчэ быў у Беларусі, са мной ніхто нічога не абмяркоўваў, і я нідзе не ставіў свайго подпісу, — кажа палітык.

— Як можна стаць скарбнікам арганізацыі, не выказаўшы на гэта згоды і не паставіўшы подпісу?

— Не ведаю, але за свае словы я адказваю — майго подпісу там нідзе няма. Я не ведаю, як гэта робіцца. Але паводле Валерыя Цапкалы, у якога я пазней пытаў пра гэта, арганізацыю яны купілі ў нейкага грамадзяніна Беларусі за 100 еўра.

Кім быў гэты грамадзянін, Генадзь Манько не памятае.

Што кажа Вячаслаў Дзіянаў?

Прыняць рашэнне памяняць праўлення мог афіцыйны заснавальнік арганізацыі. Але ў адкрытым доступе польскіх рэгістравальных органаў інфармацыі пра яго няма. Даведацца пра гэта можна толькі са статута арганізацыі. Аднак ён не публічны.

Зыходзячы з практыкі, заснавальнікам, як правіла, з’яўляецца асоба, якая стала першым старшынёй праўлення пасля рэгістрацыі арганізацыі. У «Інтэграцыйным мосце» такім чалавекам быў Вячаслаў Дзіянаў. Аднак невядома, ці заставаўся ён ім у 2021 годзе, калі ў склад праўлення ўвайшлі Вераніка Цапкала і яе паплечнікі.

Па каментар «Люстэрка» звярнулася да самога Дзіянава. Ён заяўляе, што з 2015 года дачынення да арганізацыі не мае і нікому нічога не прадаваў:

— Арганізацыю нельга прадаць. З 2015 года я ніяк не ўплываю ні на гэты фонд, ні на яго рашэнні. А пачынаючы з 2019 года наогул не займаюся палітычнай ці грамадскай дзейнасцю. Згодна з польскім заканадаўствам, я з 2015 года не меў ніякага дачынення да гэтай арганізацыі.

Дзіянаў таксама адзначыў, што ад грамадскай дзейнасці адышоў у 2019 годзе. Цяпер жыве ў Польшчы, працуе менеджарам адной з кампаній.

Што кажа Вераніка Цапкала?

«Люстэрка» звярнулася па каментар да Веранікі Цапкала, але змястоўнага дыялогу не атрымалася.

— Гэтай арганізацыі не існуе, — заявіла Вераніка. — Яна была толькі зарэгістраваная, але ў яе няма ні банкаўскага рахунку, ні офіса, ні супрацоўнікаў, наогул нічога.

— Навошта тады вы яе купілі?

— Я яе не купляла, па-першае. А па-другое, я не магу цяпер з вамі размаўляць, я па бізнесе, па сваёй асноўнай працы, знаходжуся ў камандзіроўцы, — адказала суразмоўніца і паклала слухаўку.

Як патлумачыла «Люстэрку» крыніца, якая знаёмая з працэсам рэгістрацыі грамадскіх арганізацый у Польшчы і папрасіла захаваць яе канфідэнцыйнасць, купіць альбо прадаць некамерцыйную арганізацыю сапраўды нельга.

— Але такія рэчы могуць рабіцца неафіцыйна. Прадавец атрымлівае патрэбную суму ў канверце, пасля чаго ў рэгістрацыйных дакументах змяняецца склад праўлення, і арганізацыя пераходзіць у іншыя рукі, — кажа суразмоўца.

@nashanivanews Лукашэшкаўцы не могуць прадаць канфіскаваную кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў #лукашенко#цепкало#тихановская#светланатихановская#чпбеларусь#беларусьновости#квартира#минск#минсксейчас#продажаквартиры♬ Tomorrow - Adrian Berenguer

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
28
Ха-ха
17
Ого
9
Сумна
8
Абуральна
19
0
Цесьць/адказаць/
19.01.2024
А што там па Лявончыку і Кавалеўскаму? У іх літаральна родныя з лукашыстамі працуюць
19.01.2024
так - пря сябе не кажа)
0
Самі ўсё панімаеце/адказаць/
20.01.2024
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031