Знайсці
05.09.2023 / 15:4751РусŁacБел

Беларусы больш не змогуць замяняць пашпарты ў консульствах, а даверанасці, аформленыя за мяжой, перастануць прызнавацца — новы ўказ

Лукашэнкаўцы істотна ўскладняюць жыццё грамадзянам Беларусі за мяжою. Паводле новага ўказа, вялікую колькасць адміністрацыйных працэдур зараз можна будзе ажыццяўляць толькі ўнутры Беларусі або па даверанасці, аформленай на тэрыторыі краіны.

«Яны ўзялі ўсе папулярныя адміністрацыйныя працэдуры, патрэбныя для тых, хто з’ехаў, — патлумачыў сутнасць новаўвядзенняў «Нашай Ніве» юрыст. — Каб легалізавацца ў новай краіне, людзям патрэбныя копіі дакументаў аб нараджэнні з апастылем. Каб прайсці настрыфікацыю дыплома, патрэбныя аналагічныя копіі дакументаў аб адукацыі. Каб узяць шлюб — даведка аб адсутнасці шлюбу ў Беларусі. Прадаць нерухомую маёмасць ці машыну ў Беларусі, не прыязджаючы туды, таксама становіцца немагчымым», — кажа юрыст.

Тэкст указа Аляксандра Лукашэнкі №278 ад 4 верасня «Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў» з’явіўся на сайце Лукашэнкі. Станам на сёння дакумент яшчэ не ўступіў у сілу, але, як стала вядома «Нашай Ніве», рэгістратары БТІ ўжо адмаўляюцца праводзіць здзелкі на аснове даверанасцей, аформленых за мяжою.

Загад уносіць змены ў «Палажэнне аб дакументах, якія засведчваюць асобу». Цяпер МЗС (і, адпаведна, дыпмісіі) больш не будзе праводзіць выдачу і абмен пашпартоў беларусаў замежжа, якія стаяць на консульскім уліку. Зараз гэтым будуць займацца толькі органы ўнутраных спраў па месцы апошняй рэгістрацыі чалавека.

Таксама дыпмісіі больш не будуць прадаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў. Калі грамадзяне Беларусі, што жывуць і стаяць на консульскім уліку ў замежжы, захочуць атрымаць ці абмяняць ID-карту ці біяметрычны пашпарт, ім трэба будзе звяртацца ў Міністэрства замежных спраў у Мінску. 

Адно з іншых адчувальных новаўвядзенняў — тое, што зараз афармляць угоды з маёмасцю і выконваць пэўныя адміністрацыйныя працэдуры можна будзе толькі пры асабістай прысутнасці ў Беларусі або на аснове даверанасці, выдадзенай у нашай краіне.

Гаворка ідзе пра натарыяльнае завярэнне, дзяржаўную рэгістрацыю (завярэнне) дамоў аб адчужэнні, закладзе нерухомай маёмасці, адчужэнні механічных транспартных сродкаў, прычэпаў да іх або самаходных машын, якія падлягаюць дзяржаўнай рэгістрацыі і дзяржаўнаму ўліку, іншых дагавораў і ўгод аб адчужэнні маёмасці.

У загадзе таксама пералічаны працэдуры, заявы аб якіх зараз можна будзе падаваць толькі асабіста або зноў-такі праз аформленую ў Беларусі даверанасць. Гэта

  • прыняцце рашэння аб дазволе адчужэння жылога памяшкання, долі (доляў) у праве ўласнасці на яго, набытых з выкарыстаннем сродкаў сямейнага капіталу, да заканчэння 5 гадоў з дня рэгістрацыі права ўласнасці;
  • прыняцце рашэння аб прызначэнні сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб датэрміновым выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу;
  • прыняцце рашэння аб выкарыстанні сродкаў сямейнага капіталу пасля 18 гадоў з дня нараджэння дзіцяці, у сувязі са з’яўленнем якога быў прызначаны сямейны капітал;
  • выдача паўторнага пасведчання аб рэгістрацыі акта грамадзянскага стану, за выключэннем выдачы паўторнага пасведчання аб смерці;
  • выдача даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану (аб запісе акта грамадзянскага стану, аб адсутнасці запісу акта аб заключэнні шлюбу), і паведамленняў аб адсутнасці запісу акта грамадзянскага стану, за выключэннем даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў аб смерці;
  • выдача дублікатаў дакумента аб адукацыі, дадатку да яго, дакумента аб навучанні;
  • рэгістрацыя па месцы жыхарства (па месцы знаходжання) грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь;
  • выдача пропуску на права пазачарговага ўезду на тэрыторыю памежных пунктаў пропуску;
  • дзяржаўная рэгістрацыя транспартных сродкаў (за выключэннем колавых трактароў, прычэпаў, паўпрычэпаў да іх);
  • зняцце з уліку транспартных сродкаў;
  • паставіць апастыль на афіцыйным дакуменце, складзеным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры звароце асобы, якая знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь;
  • легалізацыя афіцыйнага дакумента ў Рэспубліцы Беларусь;
  • дзяржаўная рэгістрацыя ў адносінах да зямельных участкаў, жылога дома або ізаляванага жылога памяшкання, капітальнага будынка, незаверанага закансерваванага капітальнага будынка, ізаляванага памяшкання, машына-месца, эксплуатаванага капітальнага будынка, эксплуатаванага ізаляванага памяшкання або машына-месца.

«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць дакумент аднаго з беларускіх адвакатаў. На яго думку, камісія па вяртанні беларусаў на радзіму мала каго прывабіла, таму ўлады вырашылі адысці ад пернікаў і перайсці да пугі. Лукашэнкаўцы вырашылі максімальна ўскладніць жыццё беларусаў за мяжой дзеля таго, каб яны вярталіся ў краіну.

Юрыст выдзяляе ў новым указе тры віды абмежаванняў.

Першае — угоды з нерухомай маёмасцю і аўтамабілямі. Прапісана, што яны могуць рабіцца толькі на тэрыторыі Беларусі ці на падставе даверанасці, заверанай на тэрыторыі Беларусі. 

Другое абмежаванне датычыць адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі. Частку з іх зараз можа рабіць сам грамадзянін ці яго прадстаўнік на падставе даверанасці, заверанай на тэрыторыі Беларусі. У пералік такіх працэдур трапляюць усе дзеянні, звязаныя з рэгістрацыяй і выпіскай з жылога памяшкання і з выдачай дубліката дакументаў, напрыклад, дубліката пасведчання аб нараджэнні ці заключэнні шлюбу.

У тым жа пераліку стаіць пастаноўка апастыля — да сёння апастыль магла праставіць нават трэцяя асоба, а зараз гэта трэба рабіць толькі самастойна.

— І вішанька на торце — поўнасцю прыбралі ўсю магчымасць падавацца на замену пашпартоў па-за тэрыторыяй Беларусі. Маеш ты пашпарт серыі РР ці не — гэта цяпер не мае значэння, можа быць толькі прыезд у Беларусь і атрыманне пашпарта там. Welcome home», — кажа юрыст.

Што рабіць у такім выпадку беларусам замежжа? Адносна пашпартоў, тлумачыць наш эксперт, цяпер ёсць механізм падачы на статус уцекача ці на атрыманне міжнароднай абароны. Калі чалавек атрымлівае такі статус, ён можа прасіць выдаць яму жэнеўскі пашпарт ці праязны дакумент, які дазволіць ім вандраваць. Але далёка не ўсе беларусы замежжа маюць права прэтэндаваць на такі статус, бо для гэтага яны мусяць прадставіць доказы небяспекі вяртання ў Беларусь. І такі статус толькі вырашае праблему з пашпартам, частка іншых пытанняў застаецца.

«Вельмі спадзяюся, што гэтая праблема будзе данесеная да ўрадаў тых краін, дзе цяпер жывуць беларусы замежжа. Хутчэй за ўсё, гэта будуць актыўней вырашаць у тых краінах, дзе жыве больш беларусаў. Мне падаецца, што Польшча і Літва хутчэй зацікавяцца гэтай праблемай, чым умоўныя Францыя ці Турцыя.

Мы цяпер кажам пра некалькі соцень тысяч беларусаў, якія жывуць за межамі краіны. Возьмем лічбу 200 тысяч чалавек, пашпарт у нас выдаецца на 10 гадоў. Па тэорыі матэматычнай статыстыкі мы гэтыя 200 тысяч дзелім на 10. Верагодна, кожны год будзе сканчацца прыкладна аднолькавая частка пашпартоў: 20 тысяч — у 2024-м, яшчэ 20 тысяч — у 2025-м і гэтак далей. То-бок кожны год Еўропа будзе атрымліваць па некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў, якія не маюць дзейных пашпартоў і не могуць пацвердзіць сваё грамадзянства. Гэта будзе праблемай для краін, дзе жывуць беларусы, і пытанне ў тым, наколькі сур’ёзна яны будуць да гэтай праблемы ставіцца», — кажа юрыст.

Дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр адзначыла для «Нашай Нівы», што новы ўказ — яшчэ адзін спосаб ускладніць жыццё беларусаў, якія жывуць за мяжой. На гэты момант мы можам сказаць, што сотні тысяч чалавек могуць апынуцца ў сітуацыі, дзе яны не змогуць атрымаць новы пашпарт. Гаворка ідзе не толькі пра тых, каму прыйшлося збегчы з краіны ў 2020, але і пра людзей, якія выехалі раней.

«Цяпер у беларускіх пасольстваў застаецца толькі магчымасць выдачы даведкі для вяртання ў Беларусь у выпадку страты або несапраўднасці пашпарта і шэрага дакументаў», — кажа Крысціна Рыхтэр. І нагадвае, што ўжо цяпер Польшча і Літва выдаюць праязныя дакументы — так званы пашпарт замежніка — для беларусаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, але ёсць права легальна знаходзіцца ў краіне. У Польшчы наконт гэтага пытання можна звярнуцца ў аддзел спраў замежнікаў, а ў Літве — у аддзел міграцыі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Вяселле сарвалася, замест паездкі на мора я пайшла ў міліцыю». Беларусы запісваюцца на візы і месяцамі не могуць дачакацца пашпартоў

«Патэлефанавалі з Беларусі і сказалі ануляваць». Беларусы расказалі, як мянялі і працягвалі дзеянне беларускага пашпарта ў Польшчы

Замена пашпарта за мяжой. Што можна зрабіць і ў якія тэрміны

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
7
Ха-ха
5
Ого
7
Сумна
8
Абуральна
64
06.09.2023
Во, гэта прауда. Але хто гэта зробиць?
0
Analtol Sovkou/адказаць/
07.09.2023
Anatol Starkou, тебе самому в музее место, красная ботва. Мавзолей Ленина, ЛуПу и Анал-толия.
0
Dzianis/адказаць/
08.09.2023
Anatol Starkou, а твая медыцынская даведка пра дыягнаставаную шызу да якога года дзейнічае? 
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031