Знайсці
08.08.2023 / 19:1310РусŁacБел

Лявон Вольскі: Не трэба спадзявацца на цуд. Гэты цуд ужо адбыўся тры гады таму

Спявак Лявон Вольскі на budzma.org прыгадвае, як тры гады таму, у жніўні 2020-га, усё незваротна змянілася насуперак несуцяшальным прагнозам і паняверцы. Людзі ўжо не зробяцца ранейшымі і не зойдуць назад «у раку, якая завецца «мнеўсёадномаяхатазкраюяпазапалітыкай».

Выбары, якія ператварыліся ў завядзёнку

Тры гады таму мне патэлефанаваў Сяргей Будкін і паведаміў, што каманда «Belsat Music Live» знайшла крутую студыю для здымкаў чарговага сезона і, маўляў, варта цяпер дамовіцца наконт нашага ўдзелу. Вось пройдуць выбары, потым — як заўсёды — тыдзень на паслявыбарчую дэпрэсію ды фрустрацыю — і наперад! Мы нават дамовіліся на пэўную дату.

Сапраўды, выбары ператварыліся ў завядзёнку. Штораз усё праходзіла паводле шаблону — і ў 2001-м, і ў 2006-м, і ў 2010-м. У кожным з гэтых гадоў былі свае нюансы — адзіныя (ці не) кандыдаты, інтэнсіўнасць пратэстаў, але схема заставалася нязменнай. У 2015-м на чарговы фарс наогул ніхто не пайшоў. Нават я, такі ўвесь грамадскі актывіст. І за гэтыя дзесяцігоддзі мы настолькі прызвычаіліся да звыклага парадку рэчаў, што я не заўважыў, што ўсё незваротна змянілася.

Глядзі ты! — нейкае абуджэнне

Не, натуральна, немагчыма было не заўважыць шматтысячнага натоўпу на Бангалоры падчас выступу трох новых лідарак. Альбо нязвыклую народную актыўнасць у іншых гарадах, куды яны прыязджалі. Здавалася, людзі даўно і назаўсёды заснулі, а тут — глядзі ты! — нейкае абуджэнне! У якое не надта хочацца верыць, каб потым не злавіць чарговага жорсткага расчаравання. Бо, нягледзячы на шаблоннасць кожных выбараў, усё адно штораз абуджалася дурная дзіцячая вера ў цуд. Ну, хіба апроч 2015-га.

Але на вуліцы быў ужо не 2015-ты, і пра няўдзел у галасаванні [размовы] не вялося. А калі што, дык я маю вясковую рэгістрацыю, і галасаваць мне трэба было ў адным аграгарадку (спадзяюся, гэтыя наватворы пасля Перамогі будуць назаўсёды выкінутыя з нашай мовы). Мы з жонкай узялі два заплечнікі з усім неабходным (на ўсялякі выпадак) і паехалі на Валожыншчыну. На выездзе з горада стаяў вайсковы блокпост. Людзі ў форме з аўтаматамі выбарачна правяралі дакументы ў кіроўцаў і пасажыраў аўто, якія заязджалі ў Менск. Стаялі на варце дзяржавы для народа і стабільнасці.

Плакат мастака Б. Рашэтнікава. Крыніца: rus-gal.ru

Тут былі амаль усе «свае»

У аграгарадку было ціха й спакойна. Ні міліцыі, ні вайскоўцаў. «А чаго ім баяцца, вёска — гэта ж асноўны лукашэнкаўскі электарат!» — звыкла падумаў я і раптам заўважыў, што ўсе людзі, якія прыйшлі на выбарчы ўчастак і пашыхтаваліся ў невялікую чаргу перада мною, маюць на руках белыя стужачкі. І амаль усе бюлетэні, кінутыя ў празрыстую (вынік лібералізацыі?) урну, былі складзеныя гармонікам. Такім чынам заклікалі складаць бюлетэні апазіцыйныя лідары. Каб можна было адразу адрозніць «сваіх» ад «чужых». Дык, атрымліваецца, тут былі амаль усе «свае». Тут, у вёсцы! Я не верыў сваім вачам. Што ж будзе ў горадзе?!

Усё змянілася

У горадзе галасавала мая жонка. Быў ужо вечар, але чарга на ўчастак была доўгая. Лішне казаць, што ўсе людзі ў чарзе таксама мелі белыя стужкі на руках і гучна, ажыўлена абмяркоўвалі немінучую перамогу дэмакратыі і прагрэсу і паразу калгаснай дыктатуры. Гэта ўсё нагадвала свята — бляск у вачах, гучная гутарка, смех, прыўзняты настрой…

Тады я зразумеў, што ўсё змянілася. Што людзі ўжо не зробяцца ранейшымі. Ім можна пагражаць, іх можна прэсаваць, ламаць, катаваць і здзекавацца з іх. Яны папросяць прабачэння і нават спяюць вам гімн у «пакаяльным відэа» (а як ты не спяеш — інакш цябе заб’юць!), але не зойдуць назад у раку, якая завецца «мнеўсёадномаяхатазкраюяпазапалітыкай».

І калі я глядзеў з нашага апошняга паверха на выбухі святлошумавых гранат каля «Рыгі», і калі спяваў «Тры чарапахі» перад ланцугамі салідарнасці, і калі граў дваровыя канцэрты, і калі глядзеў на шматтысячны натоўп, які сабраўся на наш спантанны канцэрт у «Пясочніцы» праз тры гадзіны пасля абвесткі — і тады, тры гады таму, і цяпер —

я ведаю: народ зрабіўся свядомы.

Мінск, 2020 год. Крыніца: unsplash.com

І хай сабе наперадзе доўгая й няпростая дарога, але мы выйшлі на гэтую дарогу і ідзём па ёй.

А не сядзім у хмызах на кукішках, пацягваючы піва з пластмасавых паўтарачак, маўляў, хай сабе дурныя ламаюць ногі, а мы лепей пасядзім-паразнявольваемся-паадпачываем.

Не трэба спадзявацца на цуд. Гэты цуд ужо адбыўся. Тады, тры гады таму, у 2020-м, калі вуліцы нашых гарадоў заліла бел-чырвона-белая рака.

І як бы хто ні стараўся — нават шпіц на стале не верне народ і краіну ў нейкі аморфны, азызлы й бяззубы 2015-ты.

Чытайце таксама:

«Гэта не артыст пакалення, яго ведаюць толькі ў тусовачцы». У твітары разгарэлася «бітва за Вольскага»

«Адмовіўся ехаць на канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі». Музыкі расказваюць, за што іх уносілі ў «чорныя спісы»

Еўрасаюз будзе падтрымліваць беларусаў столькі, колькі неабходна — Жазэп Барэль

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
49
Панылы сорам
7
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
5
0
Чорны Бусел/адказаць/
09.08.2023
Барон Бел, а пастар выпадкам не з Гародні і не з кнігі Караткевіча "Хрыстос прызямліўся ў Гародне".
0
Проста жыхар/адказаць/
10.08.2023
Барон Бел, і яго звалі Юрась Братчык
1
Ага ага/адказаць/
11.08.2023
Ляво а як жа там хуткія змены якія ты абяццаеш на кожным канцэрце ці ўжо не абяццаеш??
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031