Знайсці
28.06.2023 / 17:0735РусŁacБел

Інструктар «Вагнера» з пазыўным «Брэст»: Беларусь — такі ж кірунак, як і іншыя. А мы спатрэбімся перад выбарамі

Каналы расійскіх ваенкараў распаўсюдзілі зварот беларуса, які служыць у «Вагнеры». Гэты баявік — былы спецназавец з Горак. Расказваем, хто ён.

Аляксей Бярговін. Скрыншот відэа

Чалавек на відэа — 42-гадовы Аляксей Бярговін. Ён ужо вядомы баявік «Вагнера», пра якога медыя пісалі некалькі гадоў таму, бо ён быў сярод двух беларусаў, што ваявалі ў Судане. Мужчына нарадзіўся ў горадзе Горкі ў звычайнай сям'і: ягоная маці — лабарантка, а бацька — электрык.

Невядома, дзе ён вучыўся, але мае вышэйшую адукацыю. З дзяцінства займаўся боксам. Сам мужчына некалі казаў для кнігі «Беларускі Данбас», што з 2003 па 2010 служыў у «элітных часцях спецназа». Звесткі, атрыманыя «Нашай Нівай» ад «Кіберпартызанаў», гэта пацвярджаюць не цалкам: з 2003-га па 2005-ы ён працаваў спачатку ў калгасах, а пасля кантралёрам на КПП на Мазырскім НПЗ. Толькі ў канцы 2005-га, калі верыць інфармацыі з базы месцаў працы, мужчына пайшоў на службу.

Спачатку ён працаваў у Спартовым камітэце Узброеных сілаў і меў званне прапаршчыка, а паралельна, відаць, атрымліваў вышэйшую адукацыю. У 2008-м мужчына перайшоў у мінскую часць спецназа 3214 і даслужыўся там да камандзіра ўзвода і звання лейтэнанта, але звольніўся ў сакавіку 2010-га па заканчэнні кантракта, як удакладняе Беларускі расследвальніцкі цэнтр. Паралельна са службай падпрацоўваў кіроўцам у некалькіх прыватных фірмах.

Асабістае жыццё не склалася: у 2009-м ён развёўся з жонкай, пакінуўшы ёй двух сыноў. У 2010-м, па звестках «Кіберпартызанаў», атрыманых «Нашай Нівай», на Бярговіна нават завялі «крыміналку» за нясплату аліментаў, але, відаць, у выніку з жонкай ён неяк дамовіўся.

Кар'ера таксама не ішла: мужчына адкрыў ІП, але бізнэс хутка разваліўся, па яго словах, «яго задушыла лукашэнкаўская бюракратыя». Таксама на ім павіслі даўгі — гэта пацвярджае і тое, што ў 2016-м Бярговіну забаранілі выезд з Расіі і Беларусі за нясплату аднаго з іх.

Адметна, што да вайны Бярговін ездзіў ва Украіну тройчы — у 2010-м, 2012-м і 2013-м. Як мінімум адзін раз у горад Днепр (былы Днепрапятроўск).

Мужчына прымае рашэнне ехаць ваяваць на Данбас на баку Расіі. Ён прыбыў туды ўвесну 2015-га. Быў лёгка паранены, праз паўгода «наваяваўся» і вярнуўся ў Беларусь. Нават скончыў Сельскагаспадарчую акадэмію ў родных Горках. Па версіі «Байпола», пасля вяртання яго дапытвалі, але ён расказаў, што «проста вазіў гуманітарныя грузы». Яму ніхто не паверыў, але і пакарання ён не атрымаў.

Аляксей Бярговін (трэці злева) 10 мая 2018-га года ў Краснадары на мерапрыемстве арганізацыі «Баявое братэрства», якая аб'ядноўвае ветэранаў розных войнаў. Фота: «УКантакце»

У 2017-м мужчына зноўку едзе ў Расію — гэтым разам у Краснадар. У канцы года Бярговін вырашае ўступіць у ПВК «Вагнер» і падпісвае кантракт. Сярод адметных задач — увосень 2018-га ён быў у Судане разам з іншымі байцамі ПВК.

Вядома, што Бярговін перыядычна вяртаўся ў Краснадар. Да прыкладу, 5 жніўня 2021 года ён замаўляў сабе ежу на адрас: вуліца Федасеева, дом 29/1. Невядома, каму належыць гэты дом, але каля яго стаіць цэлая будка з аховай.

Цяпер ён вайсковы інструктар — вучыць маладых вагнераўцаў кіраваць цяжкай тэхнікай.

Аляксей Бярговін у Краснадарскім краі. Фота: старонка ягонага знаёмага

У відэа, якое распаўсюдзілі сёння Z-каналы, мужчына кажа, што вельмі рады, што «Вагнер» прыедзе ў Беларусь: маўляў, «у Беларусі сёння самае моцнае падраздзяленне ў свеце, якое можа ўмацаваць армію перад выбарамі 2024-га года». Таксама Бярговін кажа, што, па яго меркаванні, сітуацыя вакол ПВК «Вагнер» была тонка спланаванай аперацыяй, каб вывесці іх у Беларусь і стварыць напружанне ва Украіне і краінах НАТА.

Сантыментаў да радзімы ў яго словах не адчуваецца. «Для мяне Беларусь — такі ж кірунак, як і іншыя», — кажа вагнеравец.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Нейкім неверагодным чынам сітуацыя, якая нас не датычыць, стала плюсам для ўсіх, апроч Беларусі». Пра наступствы вагнераўскага мяцяжу

Чаму Прыгожын абудзіў успаміны пра Смуту і каму ўдалося скінуць уладу ў Расіі

Вагнераўцы ўсё яшчэ знаходзяцца ва Украіне — Пентагон

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
39
Ха-ха
10
Ого
2
Сумна
5
Абуральна
156
3
Хворбз/адказаць/
29.06.2023
*, И не белорус.По-русски говорит чисто,без "шьисто гарадскова" дзэкания и без "колхозного" гэкання.
0
Янка/адказаць/
30.06.2023

0
Адны мацюкі /адказаць/
02.07.2023
Как очередной ..... в беларуси, то в основном с горок. Что в этих горках одни ... живут?!?!?! И какой это нахрен "брест". Это очередной .... с горок, які здрадзіў радзіме!!! Сапраўдны ваяр з пазыўным "Брэст" загінуў...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031