Знайсці
25.02.2023 / 11:3924РусŁacБел

Шагал, Суцін, Бакст… Што зрабіць, каб свет пачаў іх лічыць выхадцамі з Беларусі? 

Многія геніі родам з Беларусі, але свет гэтага не ведае, бо яны сталі вядомыя, калі Беларусь не была незалежнай. У некаторых еўрапейскіх музеях нашы мастакі дагэтуль падпісаны як ураджэнцы Расіі. Што можна зрабіць, каб змяніць сітуацыю?

Марк Шагал. «Лёзна», 1908 год. Крыніца: commons.wikimedia.org

Ці ведае свет, што Шагал і Суцін з Беларусі

Заходнія музеі прызналі ўкраінскае паходжанне шматлікіх вялікіх мастакоў. Некалькі дзён таму ў найбуйнейшым нью-ёркскім музеі Метраполітэн пачалі падпісваць Архіпа Куінджы як мастака з Украіны, бо яго родны горад — Марыупаль.

З беларускімі творцамі сітуацыя неадназначная.

Сайт вялікага аўкцыённага дома Sotheby's лічыць Хаіма Суціна, ураджэнца Смілавічаў — мястэчка за 30 км на ўсход ад Мінска, — «народжаным у Літве». Леў Бакст з Гродна, без якога знакамітыя дзягілеўскія «Рускія сезоны» не былі б такімі, якімі іх памятае свет, шмат дзе названы «рускім мастаком» (доказы тут і тут). У цэнтры Жоржа Пампіду ў Парыжы подпісы пад палотнамі: «Марк Шагал, нарадзіўся ў Віцебску, Расія» і «Хаім Суцін, нарадзіўся ў Смілавічах, Літва». І гэта толькі некалькі прыкладаў.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык расказвае, што такія выпадкі яе камандзе вядомыя:

«Вельмі часта гэта звязана перадусім з мастакамі беларускага паходжання, якія збольшага працавалі ў Францыі, і часта гэта бывае ў французскіх музеях. Я сама неяк бачыла, як Марк Шагал быў падпісаны як мастак з Расіі.

На гэта мы звярталі ўвагу французскіх чыноўнікаў, на што нам адказалі, што ў часы Шагала Беларусь была часткай Расіі. Мы тады звярнулі ўвагу на тое, што іншыя мастакі, напрыклад, польскага ці ўкраінскага паходжання, падпісваюцца згодна з іх нацыянальнай прыналежнасцю, абмеркавалі гэта з амбасадарам Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Лякостам».

Аліна Коўшык мяркуе, што тут многае залежыць ад дзяржаўнай палітыкі. Палякі і ўкраінцы займаліся працай на ніве культурніцкай дыпламатыі, якую не выконвала сучасная беларуская дзяржава, і таму цяпер свет ведае паходжанне польскіх і ўкраінскіх творцаў. Вельмі важна, каб і беларусы ўзяліся за гэтую справу:

«Гэта адна з роляў прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, то-бок мы фактычна бяром на сябе ў гэтым дзяржаўныя функцыі. Нашы рэсурсы непараўнальныя з рэсурсамі цэлай краіны, але мы бачым гэтыя праблемы і вельмі хацелася б, каб яны вырашаліся. Гэта не вельмі хуткая праца, але важна яе весці ўжо зараз».

Леў Бакст. Дэкарацыі да балета «Шахерэзада», 1909—1910 гады. Крыніца: flickr.com

Аляксандр Чахоўскі, дырэктар у справе культурнай дыпламатыі Беларускай рады культуры, пацвярджае, што аналагічных выпадкаў шмат: «У мінулым годзе, калі я наведваў ЗША, бачыў, што ў прыватных музеях і галерэях творы Марка Шагала падпісаныя як творы беларуса, але і багата дзе пішуць, што ён рускі. Я сустракаўся з менеджментам знакамітага музея МоМА ў Нью-Ёрку, дык у ім Шагал падпісаны карэктна, як той, хто нарадзіўся ў Беларусі, пры гэтым у адным з вашынгтонскіх музеяў Шагала назвалі рускім. Менеджар МоМА сказаў мне, што яны ўвогуле хочуць адысці ад канцэпцыі подпісу нацыянальнасцей, бо ў англійскай мове nationality — гэта хутчэй не пра нацыянальнасць, а пра грамадзянскае паходжанне. Таму яны цяпер проста пішуць, адкуль быў мастак».

Што можна зрабіць

У 2021 годзе, расказвае Аляксандр Чахоўскі, у Беларускую раду культуры звярнулася дыяспара беларусаў у Фінляндыі. Там праходзіла выстава Марка Шагала, і ён і на выставе, і ў медыя быў падпісаны як руска-французскі мастак.

З дапамогай мастацтвазнаўцаў прадстаўнікі рады напісалі да арганізатараў адпаведны ліст, тыя яго ўлічылі, і медыя дадаткова патлумачылі, хто такі Марк Шагал і што ён не зусім рускі. Свет ведае мастакоў таго часу з Фінляндыі, Літвы, Грузіі — і што, яны ўсе рускія?

Так што паспяховыя прэцэдэнты ўжо ёсць. Зараз Рада культуры пачала збор інфармацыі пра такія выпадкі, каб зразумець, хто, дзе і як падпісаны.

Ёсць і першыя дасланыя лісты, на частку з іх ужо атрыманыя станоўчыя адказы з падзякай за тлумачэнне і з паведамленнем пра тое, што няправільныя надпісы плануюць змяніць. 

Сярод магчымых удзельнікаў супольнай працы Аліна Коўшык бачыць Беларускую раду культуры і іншыя культурніцкія арганізацыі, а таксама беларускія дыяспары і народныя амбасады. Іх удзел тым больш важны, што дыяспары шмат дзе маюць афіцыйны статус, і таму іх слова было б больш важкае. Людзям, якія непасрэдна знаходзяцца ў еўрапейскіх краінах, прасцей камунікаваць з уладамі і дамагацца пэўных змен.

«Гэта дапаможа свету зразумець, хто такія беларусы»

«Было б цудоўна, каб такія ініцыятывы зыходзілі ад беларусаў, у тым ліку ад беларусаў замежжа, а мы гатовыя гэта палітычна падтрымліваць, наколькі мы зможам. Гэта справа ўсіх нас — змагацца за нашу краіну і за сябе, гэта не толькі абавязак Святланы Ціханоўскай ці Аб’яднанага пераходнага кабінета», — лічыць Аліна Коўшык.

Хаім Суцін. «Авечка за агароджай», 1940 год. Крыніца: commons.wikimedia.org

Яна мяркуе, што зараз той гістарычны момант, калі ёсць шмат шансаў на поспехі для беларусаў у розных галінах, таму і трэба смела весці гэтую працу і адстойваць беларускую спадчыну, што важна для захавання нашай незалежнасці і ідэнтычнасці. 

Рада культуры думае запусціць таксама асобную інфармацыйную кампанію пра мастакоў віцебскай школы.

«Цягам апошніх 200—300 гадоў тэрыторыі дзяржаў моцна змяняліся, і, магчыма, мастакі не ўспрымалі сябе як беларусаў. У нашай краіны, нашай нацыі і ўвогуле самой назвы «Беларусь» ёсць шмат розных акалічнасцяў. Але цяпер мы кажам пра стан свядомасці, пра тую культуру і мастацтва, якія фактычна сфармавалі гэтую нацыю. Таму мне падаецца вельмі важным, каб людзі ва ўсім свеце ведалі, што гэтыя знакамітыя творцы нарадзіліся ў Беларусі, рабілі тут свае творчыя крокі, атрымлівалі першую адукацыю. Гэта дапаможа свету зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы», — падсумоўвае Чахоўскі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

У Беларусі зрабілі гадзіннік з карцінамі вядомага ўкраінскага мастака

У ЗША з’явяцца муралы на беларускую тэматыку

Маеце ідэю digital-праекта для беларускай культуры? Вось дзе можна яе прэзентаваць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
48
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
4
0
Valadzimir/адказаць/
26.02.2023
[Рэд. выдалена]
0
Valadzimir/адказаць/
26.02.2023
шыпшынка, ніякай "Беларусі" тады НЕ існавала.  Нагадаю, яшчэ у 1903 (!) годзе Я. Карскі напісаў: "В настоящее время простой народ в Белоруссии не знает этого названия [белорусы]". Так што, мяркую, правільна напісаць ёсьць толькі адзін варыянт  (і то з нацяжкай): ... нарадзіўся на беларускіх землях Расейскай імперыі.
26.02.2023
Цікава, а ці лічыў Шагал хоць калі свой улюблёны Віцебск беларускім горадам? Яўрэйскім, мабыць так. Магчыма яўрэйска-рускім. А хоць бы яўрэйска-беларускім? І ці ўсведамляў ён увогуле нейкую самабытнасць Беларусі на абсягах Расіі? Акрамя хіба што таго, што гэта расійская ўскраіна, дзе дазваляецца сяліцца яўрэям.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031