Знайсці
11.01.2023 / 23:321РусŁacБел

«Цяжка стаць звычайным грамадзянінам, адчуваеш сябе нейкім няўмекам». Былыя палітвязні распавядаюць пра жыццё пасля вызвалення

Многія былыя палітвязні пасля выхаду на волю з'язджаюць з Беларусі і сутыкаюцца з цяжкасцямі ў пошуку працы і ўвагай міліцыі. Іншыя застаюцца ў краіне і нават знаходзяць «плюсы» сваёй судзімасці. «Медыязона» даведалася ў былых зняволеных, як яны жывуць пасля вызвалення.

Ілюстрацыя: Аня Лявонава / «Медыязона»

Страх перад міліцыянтамі і спробы стаць «звычайным грамадзянінам»

Сяргей (імя змененае) вызваліўся з калоніі менш за месяц таму. Пакуль ён не паспеў асвоіцца і адчувае сябе «страчаным».

Перш за ўсё былы зняволены адправіўся ў цэнтр занятасці ў сваім горадзе. Там яму прапанавалі вакансіі дворніка і грузчыка з заробкам не больш за 500 рублёў. Па спецыяльнасці ён можа працаваць толькі ў дзяржустанове, але судзімасць пазбаўляе яго гэтай магчымасці.

Дзеля цікавасці ён зайшоў у «Чырвоны Крыж» — хацеў даведацца, «якой дзейнасцю там займаюцца». «Яны са старту сказалі: «Што вы хочаце? У нас толькі адны джынсы і пара кашуль», — успамінае ён.

Пасля вызвалення яго падтрымала сям'я і сябры — усе хацелі пабачыцца, пагаварыць і дапамагчы, кажа Сяргей. Адстаронена трымаліся знаёмыя, якія «завязаныя ў сістэме»: працуюць на дзяржпасадах або выплачваюць крэдыт.

Пасля выхаду Сяргей збіраўся грунтоўна падысці да рэабілітацыі: у калоніі, размешчанай побач з заводамі, ён надыхаўся прамысловымі выкідамі і схуднеў на 30 кілаграмаў. Абысці лекараў і зрабіць запланаваную аперацыю былы зняволены не паспеў — паспешліва з'ехаў з краіны праз моцную трывогу.

«У пад'езд заходжу, гляджу, каб ніхто ззаду не ішоў. Калі бачу супрацоўнікаў, у мяне адразу нейкая насцярожанасць — манія пераследу, трывога, наогул неспакойны стан. Едзеш на машыне, бачыш ДАІ або таніраваныя бусы, і адразу страх з'яўляецца», — тлумачыць ён.

Пачуццё трывогі ў Сяргея ўзмацнялася і ад прысутнасці расійскіх вайскоўцаў, якія «адчуваюць сябе гаспадарамі» ў горадзе.

«Мой знаёмы распавядаў, што яны проста ў форме і чаравіках заходзяць у бар і пачынаюць піць гарэлку, б'юцца. Прыязджае ахова, але ім нічога не зробяць, а нашых хлопцаў могуць забраць у аддзяленне, выцвярэзнік ці яшчэ кудысьці. Наогул небяспечна заставацца — ты нікога не чапаеш, а цябе яшчэ і правакуюць. Яны крычаць: «Мы за вас будзем ваяваць, а вы беларусы сцыкуны». Так пацаны распавядалі», — кажа ён.

Сяргей з'ехаў з Беларусі пасля таго, як чарговы раз пабачыў машыну Дэпартамента аховы. Тады «карціна склалася», і ён зразумеў, што не зможа працягваць «нармальна жыць» у Беларусі.

«Кожны раз шугаўся, потым мне проста надакучыла. Гэта ўсё адбіваецца, хоць я думаў, што моцны і псіхалагічна, і фізічна», — кажа Сяргей.

Праз 10 дзён пасля вызвалення ён праз Расію дабраўся да Польшчы, дзе падаў заяву на міжнародную абарону. Цяпер Сяргей часова жыве ў брата і займаецца пошукамі кватэры, каб жонка і дзеці змаглі прыехаць да яго з Беларусі.

Мужчына кажа, што пакуль яму цяжка прывыкнуць да жыцця ў новай краіне. 

«Усё так хутка адбылося — з калоніі рэзка ў Еўропу, дзе рэальна свабода і правы чалавека працуюць. Вельмі нязвыкла. Цяжка стаць звычайным грамадзянінам, адчуваеш сябе нейкім няўмекам», — кажа ён.

Сяргей плануе легалізавацца ў Польшчы і дапамагаць іншым беларусам, як цяпер дапамагаюць яму.

Справіцца з траўматычным вопытам зняволення ён збіраецца з дапамогай псіхолага.

«Я псіхалогію вывучаў, але самому складана сябе пераналадзіць. Тут як у спартзале. Нібыта ведаеш, што рабіць, але патрэбен трэнер, тады лягчэй», — лічыць мужчына.

Жыццё «без асаблівай натугі» і ніякай увагі ваенкамата

Дзмітрый (імя змененае) расказвае, што пасля вызвалення некалькі тыдняў адпачываў і папраўляў здароўе. Радасць доўгачаканай сустрэчы з блізкімі была азмрочаная тым, што з калоніі яго не дачакалася мама. Яна захварэла на каранавірус і памерла, пакуль Дзмітрый быў у СІЗА.

Пра смерць ён даведаўся з тэлеграмы ад родных, якую перадаў псіхолаг следчага ізалятара. Дзмітрый хацеў трапіць на пахаванне, але супрацоўнік СІЗА адказаў, што пра гэта «не можа быць і гаворкі».

«У той вечар мне ўкол далі, каб змог заснуць. Псіхолаг дазволіў мне адправіць ліст дадому ў гэты ж дзень без цэнзуры. Кудысьці патэлефанаваў пры мне і папрасіў прапусціць ліст без чаргі», — успамінае Дзмітрый.

Праз некалькі дзён пасля вызвалення Дзмітрый стаў на ўлік у міліцыі. Там яму трэба адзначацца два разы на месяц на працягу двух гадоў.

Па словах Дзмітрыя, судзімасць ніяк не паўплывала на стаўленне да яго з боку сваякоў, сяброў і знаёмых — усе яны «паставіліся з разуменнем».

«Бацька мой трошкі баіцца, перажывае за ўсе гэтыя справы, таму ён не сказаў, што я малайчына. Але вельмі рады быў, што я вярнуўся. Дзядзька сказаў, што ганарыцца мной», — кажа былы палітвязень.

У яго выпадку судзімасць не стала перашкодай для працаўладкавання, хоць пра яе пыталіся начальнікі службы бяспекі прыватных кампаній, куды хацеў трапіць Дзмітрый. Цяпер ён працуе ў аграхолдынгу.

Былы зняволены жартуе, што знайшоў яшчэ адзін плюс сваёй судзімасці — ім не цікавіцца ваенкамат. Нядаўна яго як былога афіцэра запасу выклікалі ў гарвыканкам для «зверкі звестак», але адпусцілі, даведаўшыся, за што ён адбываў пакаранне.

«Прадстаўнік ваенкамата ў хлопцаў удакладняў памер адзення, шапкі, абутку. Калі дайшла чарга да мяне, ён пацікавіўся, ці судзімы я. Я сказаў, што так. Ён спытаў, ці плаціў я штраф, я адказаў, што не, і распавёў, як ёсць. Ён замяўся спачатку, а потым спытаў: «Я так разумею, гэта ў сувязі з тымі вядомымі падзеямі?» Я кажу: «Дакладна так». Ён такі: «Тады ўсё, дзякуй. Да пабачэння. Перадайце дзяўчатам, каб вас больш не затрымлівалі». Нават памер адзення не пытаўся», — распавядае Дзмітрый.

Ён задумваецца пра эміграцыю, хоць адзначае, што ў Беларусі яго «асабліва не напружваюць»:

«У сучасных рэаліях Беларусі не бачу для сябе ніякіх перспектыў. Тут адны рызыкі. Я яшчэ не стары, чагосьці хочацца ў жыцці дамагчыся і неяк самарэалізавацца. Я чалавек адукаваны, не дурань». 

Ілюстрацыя: Аня Лявонава / «Медыязона»

Накіраванні на працу ад міліцыі і мара пра Нідэрланды

Міхаіл (імя змененае) вырашыў, што з'едзе з Беларусі, яшчэ калі сядзеў у калоніі. Пакінуць краіну адразу пасля вызвалення ён не мог з-за нявыплачанага штрафу, таму настроіўся выязджаць нелегальна.

Пасля выхаду з калоніі яго «вельмі стараліся працаўладкаваць» міліцыянты. Па словах Міхаіла, супрацоўнікаў органаў не задавальняў парадак падбору вакансій у цэнтры занятасці.

«Яны мяне хацелі працаўладкаваць хутка, калі я правільна зразумеў, і, па магчымасці, на самую нізкааплатную працу. Таму пачалі выпісваць накіраванні для прыёму на працу на пэўныя прадпрыемствы», — кажа былы палітвязень.

Спярша міліцыянты давалі яму накіраванні на заводы, але туды ўладкавацца не атрымалася: спецыялісты па бяспецы на дзяржпрадпрыемствах не хацелі, каб сярод работнікаў быў асуджаны за палітыку.

«На трактарным заводзе мне напісалі: «Адмовіць у працаўладкаванні ў сувязі з неадпаведнасцю карпаратыўнай палітыцы МТЗ», яшчэ дзесьці адмовілі «ў сувязі з дыскрэдытуючымі абставінамі звальнення», — расказвае ён.

Міхаіл дадае, што дні пасля вызвалення праводзіў так: прыходзіў у міліцыю па накіраванне, ехаў на прадпрыемства і атрымліваў адмову. Аднойчы супрацоўнікі адправілі яго працаўладкоўвацца ў бальніцу, дзе намеснік галоўнага лекара сказаў, што міліцыя не мае права даваць накіраванні на працу.

«Мне адмовілі ў прыёме на працу, бо выдадзена паведамленне не ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзейнага заканадаўства. Я прывёз гэта паведамленне ў міліцыю, яны там трошкі асалапелі і далі накіраванне ў іншую бальніцу», — кажа ён.

У іншай медустанове нечакана пагадзіліся ўзяць яго на працу. Міхаіл некалькі раз удакладняў у супрацоўніцы аддзела кадраў, ці «не прыляціць бальніцы па шапцы». Пасля чарговага пытання працаўніца вырашыла параіцца з галоўным урачом, і праз пару хвілін вярнулася з адмовай.

«Я падказваў ёй, што трэба напісаць. Дыктую, што накіраванне выдадзена не ў адпаведнасці з заканадаўствам», — смяецца Міхаіл.

Былы палітвязень рыхтаваўся з'ехаць з Беларусі нелегальна, але неўзабаве стаў выязным — атрымаў ліст аб выплаце штрафу, прызначанага судом. Хто пакрыў страты замест яго, Міхаіл не ведае.

Ягонай дзяўчыне Лізавеце прапанавалі папрацаваць нянькай у Нідэрландах, і пара збіралася з'ехаць разам. Некалькі месяцаў да пераезду Міхаіл шукаў працу, але знайсці не змог праз няведанне нідэрландскай мовы.

У лістападзе дзяўчына былога палітвязня паляцела з Варшавы ў Нідэрланды, а Міхаіл на нейкі час застаўся ў Польшчы, каб знайсці працу і далучыцца да Лізаветы. Ён пасяліўся ў хостэле з дальнабойнікамі — адзін з іх параіў уладкавацца ў транспартную фірму. Са снежня былы зняволены працуе там гаспадарчым работнікам.

«Умовы вельмі добрыя — у дробязях выяўляецца клопат аб простых супрацоўніках. Напрыклад, па электронным пропуску можна выпіць 10 кубкаў кавы з аўтамата ў дзень, — распавядае Міхаіл. — Пакуль задаволены, але заробак 800 еўра пры ўмове арэнды жылля — гэта вельмі складана. У Польшчы таксама інфляцыя, моцна усё падаражэла ў апошні час».

Забарона ўезду ў Беларусь, але ёсць нюанс

За тыдзень да вызвалення супрацоўнікі калоніі паведамілі расіяніну Алегу (імя змененае) аб дэпартацыі і двухгадовай забароне на ўезд у Беларусь. Ён вайсковец у адстаўцы, нарадзіўся і амаль усё жыццё пражыў у Мінску, але прыняў расійскае грамадзянства ў дзевяностыя праз службу.

«Я з'ехаў з Расіі ў 2003 годзе, там нічога не засталося. У Беларусі ў мяне жонка, дзеці, свая кватэра. Я да апошняга не верыў, што мяне дэпартуюць», — кажа ён.

На выхадзе з калоніі Алега сустрэлі супрацоўнікі аддзела міграцыі. Яны выдзелілі былому зняволенаму дзесяць хвілін на размову з маці, жонкай і дзецьмі, а пасля пасадзілі ў службовую машыну. Жонка і сын Алега ехалі следам, каб ад мяжы везці яго далей у Расію.

Супрацоўнікі аддзела міграцыі давезлі былога зняволенага да «будачкі з нейкім дзядзькам» — як такой мяжы паміж Беларуссю і Расіяй няма. «Дзядзька» назваўся супрацоўнікам ФСБ.

«Ён ведаў, што я вайсковец. Пытаўся, як жа так атрымалася. Кажа: «У вас там бацька, туды-сюды…» Я сказаў: «Вось пажывеш у нас, тады будзеш казаць, бацька ці не бацька», — успамінае ён размову з супрацоўнікам спецслужбы.

Родныя Алега давезлі яго да Бранска, а адтуль былы зняволены адправіўся ў Пецярбург разам з жонкай. Кватэру яму дапамаглі зняць знаёмыя. Жонка Алега неўзабаве з'ехала ў Беларусь, а ён «паціху пачаў круціцца»: зрабіў дакументы, аднавіў расійскую пенсію і ўладкаваўся на працу ў кампанію, якая праектуе і будуе басейны.

«На працы ніхто не ведае пра маё мінулае. Мне ні за што не сорамна, проста не хочацца лішніх роспытаў. Я ўладкаваўся ў фірму, каб мець нейкі заробак, каб хутчэй ішоў час. Як толькі скончыцца дэпартацыя, я адразу паеду ў Мінск», — кажа былы зняволены.

Праз паўгода жыцця ў Расіі былы палітвязень напісаў заяву ў аддзел грамадзянства і міграцыі, які дазволіў яму прыехаць у Беларусь на 20 дзён, каб пабыць з сям'ёй.

Уцёкі праз Нёман і валанцёрства

Валанцёрка Таццяна Астроўская з'ехала з Беларусі пасля таго, як яе адпусцілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Актывістка кажа, што не думала з'язджаць, але падчас чытання матэрыялаў справы зразумела, што «не адкараскалася б адседжаным».

«Не хацелася гуляць у гэтую рускую рулетку — пасадзяць на 10 гадоў ці на 15», — тлумачыць Астроўская.

Першымі ў Польшчу па гуманітарнай візе з'ехалі яе дзеці — старэйшы сын вывез малодшага. У валанцёркі такой магчымасці не было. Яна трапіла з Беларусі ў Літву, пераплыўшы Нёман.

Астроўская пасялілася ў знаёмай і разбіралася з дакументамі, а ў Варшаве яе шасцігадовага сына забрала да сябе пажыць незнаёмая дзяўчына, якая «ўразілася гісторыяй» валанцёркі.

«У Сашы былі і мотакросы, і ўсякія аквапаркі, і сплавы на байдарках. Гэтая дзяўчынка са сваёй сяброўкай катоў на ператрымку брала і, атрымліваецца, дзяцей. Вось мой Саша катаўся як сыр у масле», — смяецца яна.

Праз месяц Астроўская прыехала ў Польшчу, зняла кватэру і нарэшце «сабрала ўсё сямейства» — яе муж выехаў з Беларусі апошнім. Малодшы сын, кажа яна, цяжка перажываў пераезд і расстанне з бацькамі.

«Іншая краіна, незразумелыя чужыя цёткі і дзядзькі. Усе вакол гавораць на замежнай мове, і цяпер трэба глядзець па карце, дзе застаўся Мінск, у якой краіне мы знаходзімся», — распавядае жанчына.

Першыя месяцы пасля пераезду, працягвае яна, прайшлі асабліва складана. Дзіця плакала і крычала ў сне, яму сніліся кашмары, што «маму забралі ў камандзіроўку злыя дзядзькі». Па словах Астроўскай, малодшы сын нікуды не адпускаў яе адну і трымаў за руку, нават калі засынаў.

Неўзабаве актывістка далучылася да ініцыятывы, якая дастаўляе праварульныя машыны з Вялікабрытаніі ўкраінскім медыкам. Цяпер яна адмініструе чат і пераганяе машыны ў Варшаву для рамонту, а потым і да мяжы з Украінай.

«Я нарадзілася ў Харкаве, этнічная ўкраінка. У мяне брат у Адэсе парамедык. Напэўна, таму дапамагаю медыкам — мне гэта блізка.

Мы павінны зараз зрабіць усё, што мы можам, для тых, хто ў Беларусі застаўся, і для тых, хто ва Украіне», — лічыць яна.

Чытайце таксама:

«Мама, я не прыеду». Як беларусы перажываюць смерць блізкіх у вымушанай эміграцыі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
39
Панылы сорам
2
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
25
Абуральна
15
0
White Crow /адказаць/
12.01.2023
читаю истории людей потерпевших от фашистской диктатуры мозаичного и мне стыдно становиться. а как вам палачам, сотрудникам гестапо и нквд? хорошо спите? ничего не беспокоит? 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930