Знайсці
23.11.2022 / 14:20РусŁacБел

З эмбрыёнаў, замарожаных 30 гадоў таму, нарадзіліся блізняты. Гэта новы рэкорд

Двое блізнятаў нарадзіліся ў штаце Тэнэсі з эмбрыёнаў, якія праляжалі ў глыбокай замарозцы 30 гадоў. Гэта самы доўгі ў гісторыі тэрмін, на працягу якога замарожаныя эмбрыёны «чакалі» з'яўлення на свет, піша Бі-бі-сі.

Эмбрыёны праляжалі ў сховішчы з 22 красавіка 1992 года ў вадкім азоце пры тэмпературы -128 градусаў і захавалі пры гэтым жыццяздольнасць.

Пасля гэтага яны былі размарожаныя і перасаджаныя будучай маці Рэйчэл Рыджуэй, якая паспяхова нарадзіла блізнят 31 кастрычніка гэтага года. «Выжыць з розуму можна», — заявіў з гэтай нагоды шчаслівы бацька Філіп Рыджуэй.

Па даных Нацыянальнага цэнтра донарскіх эмбрыёнаў — прыватнай арганізацыі, якая сцвярджае, што дапамагла нарадзіць больш за 1200 дзяцей з эмбрыёнаў, Лідзія-Эн і Цімаці-Рональд Рыджуэй хутчэй за ўсё паставяць новы рэкорд. Папярэдні належыць Молі Гібсан (яна таксама з'явілася на свет дзякуючы NEDC), якая нарадзілася ў 2020 годзе з эмбрыёна, які праляжаў у глыбокай замарозцы 27 гадоў.

«Рашэнне ўсынавіць гэтыя эмбрыёны павінна ўсяліць упэўненасць у пацыентаў, якія разважаюць над тым, ці захоча хтосьці ўзяць эмбрыёны, створаныя 5, 10 або 20 гадоў таму, — кажа доктар Джон Дэвід Гордан, які ажыццяўляў перасадку эмбрыёнаў. — І адказ на гэтае пытанне — цвёрдае так!»

Эмбрыёны блізнят, пра якія ідзе гаворка, былі створаны ў пачатку 1990-х метадам штучнага апладнення для неназванай пары.

Да 2007 года эмбрыёны захоўваліся ў лабараторыі на заходнім узбярэжжы ЗША, пасля чаго пара вырашыла перадаць іх у NEDC у Ноксвіле, штат Тэнэсі, каб імі мог скарыстацца нехта іншы (NEDC займаецца гэтай дзейнасцю ў тым ліку і з рэлігійных меркаванняў).

Затым, ужо ў пачатку гэтага года, эмбрыёлагі клінікі-партнёра NEDC ажыццявілі працэдуру размарозкі эмбрыёнаў і перасадкі іх.

Як гаворыцца ў заяве NEDC, цэнтр спадзяецца, што навіна аб нараджэнні здаровых малых падштурхне іншых патэнцыйных бацькоў да таго, каб самім выпрабаваць шчасце ўсынаўлення дзяцей, якія з'явіліся на свет з эмбрыёна.

У пары Рыджуэй на момант нараджэння блізнят ужо было чацвёра ўласных дзяцей ва ўзросце ад года да васьмі, і ўсе яны з'явіліся на свет натуральным шляхам, без донараў або штучнага апладнення.

«Мне было ўсяго пяць гадоў, калі Бог дараваў жыццё Лідзіі і Цімаці, і з тых часоў ён падтрымліваў у іх гэтае жыццё, — распавёў у інтэрв'ю Сі-эн-эн Філіп Рыджуэй. — Так што ў пэўным сэнсе яны — нашы старэйшыя дзеці, хоць і самыя маленькія».

Па сцвярджэннях NEDC, час захоўвання замарожаных эмбрыёнаў не абмежаваны. Але верагоднасць, што калі-небудзь на свет могуць з'явіцца дзеці, зачатыя 100 гадоў таму, не так вялікая, паколькі гэтая тэхналогія з'явілася адносна нядаўна: першае дзіця з замарожанага эмбрыёна нарадзілася ў 1984 годзе, гэта адбылося ў Аўстраліі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
9
Сумна
0
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031