Знайсці
16.11.2022 / 11:062РусŁacБел

«Гэта падвышэнне палітычных ставак» — палітолаг пра абвяшчэнне Ціханоўскай сябе абраным прэзідэнтам

Доктар палітычных навук, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у інтэрв’ю «Свабодзе» разважае, ці прызнаюць Ціханоўскую «абранай прэзідэнткай» заходнія краіны, і адказвае на пытанне, што можа змяніцца ў выпадку ўступлення Беларусі ў вайну.

Фота: Офіс Ціханоўскай

— Што можа змяніцца пасля таго, як Святлана Ціханоўская назвала сябе абраным прэзідэнтам Беларусі? Якіх канкрэтных зменаў у стаўленні да офіса Святланы Ціханоўскай з боку заходніх краінаў варта чакаць?

— Рабіць высновы ранавата, трэба пачакаць, наколькі ўстойліва будзе выкарыстоўвацца Святланай Ціханоўскай гэтае вызначэнне — «абраны прэзідэнт». Калі гэта будзе замацавана, то можна будзе рабіць пэўныя высновы.

Якія? Перш за ўсё гэта падвышэнне палітычных ставак камандай Ціханоўскай. Звязана гэта найперш з тым, што ізаляцыя Лукашэнкі з боку Захаду павялічваецца, і на Захадзе ўжо не думаюць пра тое, каб наладзіць адносіны з Лукашэнкам (а такая інерцыя была заўважная яшчэ ў 2020-м і нават у 2021 гадах). На фоне ўзмацнення рэпрэсій і суагрэсіі рэжыму Лукашэнкі ў вайне ўсё большая ўвага будзе звяртацца на альтэрнатыўныя сілы, якія Захад разглядае як партнёраў для падтрымкі, супрацоўніцтва, экспертызы. Тут сваё месца займае пераходны кабінет, які пакуль нельга назваць сапраўдным урадам у выгнанні, але які ўжо пераймае гэты функцыянал. І гэта ўжо зусім іншая палітычная амбіцыя ў плане стварэння паралельных палітычных структур.

— Ці можна ў гэтай тэндэнцыі пабачыць імкненне падштурхнуць Захад да больш актыўных дзеянняў? Ціханоўская ў сваім артыкуле называе Лукашэнку крымінальнікам, які захапіў уладу, і заклікае ставіцца да яго адпаведна. Ці можна чакаць, што некаторыя дзяржавы будуць прымаць Ціханоўскую менавіта ў статусе абранага прэзідэнта — і гэта, адпаведна, будзе выклікаць нервовую рэакцыю Мінска, магчыма, разрыў дыпламатычных адносін?

— Не, я думаю, менавіта да гэтага пакуль далёка. Абраны прэзідэнт — гэта чалавек, які быў абраны, але не ўступіў у паўнамоцтвы. Паўнамоцтвы зʼяўляюцца пасля таго, як абраны прэзідэнт прыносіць прысягу і заяўляе, што прымае гэтыя паўнамоцтвы. Гэтага не было, так што зараз зроблена толькі паўкрока да таго, каб былі падставы замежным дзяржавам прызнаваць Ціханоўскую як абранага прэзідэнта.

Пакуль што, мне падаецца, размова ідзе пра тое, каб павялічыць сваю медыйную легітымнасць, каб чарговы раз нагадаць, што была перамога на выбарах, што Лукашэнка прайграў. Але ці ідзе размова пра рэальнае жаданне ўступіць у гэтыя паўнамоцтвы — пакуль пра гэта цяжка казаць.

— Але, магчыма, гэтыя дзеянні офіса Ціханоўскай накіраваныя на будучыню, на той цалкам магчымы варыянт, калі мінскі рэжым будзе прымушаны ўступіць у вайну супраць Украіны сваімі войскамі? І тады яе статус як абранага прэзідэнта зменіцца і будзе адпавядаць сітуацыі вайны?

— Гэтага нельга выключаць, і гэта сапраўды можа стаць наступным этапам, калі сітуацыя ў рэгіёне яшчэ больш абвострыцца. Калі ж адштурхоўвацца ад цяперашніх рэаліяў, то максімум некалькі краін нашага рэгіёна могуць прызнаць яе ў такой ролі. Ну а ў выпадку радыкальнай ваеннай эскалацыі, магчыма, гэта і стане асноўным трэндам. Аднак не зусім зразумела, што гэта можа прынесці ў практычным плане.

— Ці лічыце вы, што гэтая заява стала пэўным адказам на патрабаванні актыўнай часткі беларускага грамадства, якая чакае нейкіх больш актыўных крокаў ад Ціханоўскай?

— Я, шчыра кажучы, лічу, што гэтая заява больш накіраваная на заходнюю публіку, чым на беларускую. Наўрад ці яна была разлічана на ўнутрыпалітычную рэакцыю як адказ на радыкалізацыю пэўнай часткі грамадства. Усё ж асноўнай аўдыторыяй былі заходнія палітыкі і заходняя грамадская думка. Зараз узмацненне пазіцый будзе больш заўважным для тых, хто займаецца беларускай тэмай на Захадзе. 

— Вы на пачатку інтэрвʼю казалі, што рана рабіць высновы, маўляў, трэба пачакаць, ці стане гэтае вызначэнне — абраны прэзідэнт — устойлівым. Аднак хіба ёсць магчымасць «адкруціць назад»? Калі такая заява ўжо зроблена, то далей трэба праводзіць і наступныя крокі — інаўгурацыю і гэтак далей?

— Я думаю, што заява ў артыкуле, які зʼявіўся ў адным выданні, — гэта яшчэ не тое, што нельга адкаціць назад. Могуць ужывацца паралельна і іншыя вызначэнні, можна балансаваць паміж імі. Калі б было абвешчана нейкае рашэнне праз пэўную працэдуру, то «адкаціць» такое было б ужо цяжэй. Пакуль жа гэта толькі заява ў артыкуле, якая не падмацаваная нейкімі канкрэтнымі дзеяннямі.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
21
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3
2
Отож/адказаць/
16.11.2022
Тихановская - законный президент республики Беларусь и не надо про это забывать. Всё остальное от остальных может быть только от жажды стяжательства и от лукавого. Поэтому она должна принять бразды правления, принять присягу и полноту власти. Иначе в Беларуси ничто не сдвинется с места, за последние почти 30 лет мы это все заметили. Лично мне надоело топтаться на одном месте и слушать одни и те самые старые морды про то как «рэжім сёння паде»!
7
Антоній/адказаць/
16.11.2022
Але і Ціханоўская таксама пустышка, а за ёй стаіць усе тая ж масква
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031