У Чачэрску ўвялі каранцін з-за шалёнага янота
З 28 кастрычніка ў райцэнтры Чачэрск на Гомельшчыне дзейнічае каранцін. Ён уведзены з-за таго, што 20 кастрычніка на падворак аднаго з гараджан забег янот. Ляснога звера загрыз сабака, а гаспадыня паведаміла пра здарэнне ў ветстанцыю. А там пацвердзілі, што янот забег у двор не так сабе, а па прычыне хваробы на шаленства, піша мясцовая раёнка «Чачэрскі веснік».
Фота: vecteezy.com
Работнікі райветстанцыі адзначаюць, што падчас каранціну забаронена вывозіць хатніх жывёл за межы каранцінных зонаў, а таксама яны не раяць у гэты час людзям заводзіць сабе новых гадаванцаў.
Зрэшты, спецыялісты падкрэсліваюць, што такі каранцін — не нейкая ўнікальная сітуацыя, у Чачэрскім раёне толькі ў гэтым годзе ён аб'яўляўся ў некалькіх населеных пунктах. І каранцінны рэжым не цягнецца доўга. Пасля таго, як праводзяцца прафілактычныя мерапрыемствы і небяспека пашырэння хваробы знікае, каранцінны рэжым здымаецца.