Знайсці
09.10.2022 / 09:37РусŁacБел

«З'ехаў па працы ў Смаленскую вобласць». Махляр хацеў развесці мінчука, але пракалоўся на арфаграфіі

Гэтай восенню цікавасць да арэнды жылля ў Мінску прыкметна вырасла. На хвалі ажыятажнага попыту, калі добрыя варыянты разлятаюцца як гарачыя піражкі, пачасціліся і выпадкі махлярства з арэнднымі кватэрамі. Так, мінчук знайшоў прыдатную кватэру каля вакзала, але ледзь не стаў ахвярай прайдзісветаў. Ад страты грошай мужчыну выратаваў толькі прафесійны нюх, піша Realt.by.

Сваёй гісторыяй падзяліўся чытач Яўген, які цяпер заняты пошукамі аднапакаёвай кватэры ў Мінску.

− Не сакрэт, што цяпер у Беларусь едзе шмат грамадзян Расіі, таму знайсці штосьці прымальнае па цане і якасці стала складаней: расіяне перабіваюць цэны і арандуюць літаральна ўсё. Але мне «пашанцавала»: убачыў у інтэрнэце класную кватэру, ды яшчэ і ў цэнтры. Шчыра кажучы, быў моцна заняты працай і паралельна вёў пошукі, увогуле — спачатку нават і не супаставіў усе факты: купіўся на цану і фатаграфіі.

На вочы Яўгену трапілася аб'ява аб здачы ў арэнду сімпатычнай кватэры на вуліцы Бабруйскай, 23. Гэты дом размешчаны проста насупраць аўтавакзала. За аднапакаёўку з мэбляй і новым рамонтам уласнік прасіў няшмат — 700 рублёў. 270 даляраў у эквіваленце — нядрэнная цана для цэнтра!

— Я здзівіўся, вядома, што так танна, але вырашыў напісаць.

Далей у мужчыны завязалася перапіска з уласнікам «Антонам». Чалавек на тым канцы дроту паведаміў, што кватэра ёсць, але на лагічнае пытанне «ці можна яе паглядзець?», адказаў, што «цяпер не ў горадзе, з'ехаў па працы ў Смаленскую вобласць, вярнуся праз 2-3 дні».

Таксама Антон паведаміў, што на кватэру прэтэндуе вельмі шмат людзей:

− Па часе цяпер дакладна не скажу. Паколькі акрамя вас яшчэ 30+ чалавек хочуць паслязаўтра прыехаць і зняць кватэру. Зараз тады падумаю, як усё арганізаваць і напішу вам. Калі вы настроены сур'ёзна, то давайце дамаўляцца, паколькі жадаючых вельмі шмат напісала. Я ў Мінску буду ўсяго некалькі дзён, і за гэты час хацелася б яе ўжо здаць. Я яшчэ нават не паспеў адказаць.

Ну і вядома, Антон распісаў усе плюсы кватэры:

— Я ўласнік, і прапісаны толькі я. Кватэра ў самым цэнтры — і гэты фактар кажа сам за сябе. У кватэры нядаўна быў зроблены дызайнерскі рамонт. Здаю па дамове, па камунальных плачу я, вы плаціце толькі за святло, ваду і інтэрнэт.

Паколькі стартавыя ўмовы здаліся Яўгену выдатнымі, то ён вырашыў, што гатовы зняць кватэру адразу пасля прагляду і заключэння дамовы. Ды і, здаецца, Антон прыдумаў, як вылучыць патэнцыйнага арандатара з 30 жадаючых:

— Глядзіце, можам зрабіць усё нашмат прасцей з гэтай чаргой. Я, калі шчыра, не хачу па сто раз у кватэру вадзіць. Можам дамовіцца з вамі так: скажам, вы пераводзіце рублёў 250-300 у якасці закладу, які пойдзе ў кошт месяца арэнды.

Я ў сваю чаргу прыбіраю астатнія аб'явы і пішу астатнім, што кватэра занятая. Прыязджаю, мы сустракаемся, вы глядзіце кватэру, калі ўсё падабаецца — афармляем дамову і пераводзіце частку аплаты, калі не спадабаецца вонкава — адразу на месцы аддам гатоўкай. Але яна не можа не спадабацца. Цалкам зручны варыянт для нас абодвух, і я буду ўпэўнены, што вы нікуды не знікнеце, і я не страчу ўсіх патэнцыйных кліентаў. Спадзяваюся, разумееце.

Для таго, каб арандатар не сумняваўся ў яго сумленных намерах, уласнік Антон прапанаваў скінуць пашпарт і дакументы на права ўласнасці.

Калі Яўген, які сам працуе ў сферы нерухомасці, атрымаў фатаграфію дакумента, усё стала на свае месцы:

— Мне даслалі цалкам ліпавае сведчанне. Там і код агенцтва не той, і розныя шрыфты, і адсутнічаюць прабелы. Ну і класіка — у слове «агентство» прапушчаная літара «т».

Пасля таго, як мужчына паведаміў ашуканцам, што падробка дакументаў цягне за сабой крымінальную адказнасць, яны перасталі выходзіць на сувязь. Аб'ява пра кватэру з сайта таксама знікла, яна правісела там каля сутак.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
99
Панылы сорам
15
Ха-ха
32
Ого
16
Сумна
7
Абуральна
16
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031