Знайсці
02.04.2022 / 16:15РусŁacБел

«Сын часта пытае, ці вернемся мы ва Украіну, калі Пуцін памрэ». Беларускі расказалі, як іх дзеці перажываюць вайну

Для многіх беларусаў за апошнія два гады Украіна стала другім домам. Таму ў вайну некаторыя вырашылі застацца там разам з дзецьмі. «Гэта наша радзіма, якую трэба абараняць, бо Беларусь ужо акупаваная ворагам». Іншыя эвакуяваліся сем'ямі. Даведаліся ў бацькоў, як іх дзеці ўспрымаюць вайну, якая так блізка, і вучацца пад гукі сірэн.

«Дзеці не ведаюць, што такое смерць, і ім лягчэй перанесці гэта»

Беларуска Кацярына Ваданосава выязджала з Кіева разам з мужам і двума дзецьмі — Стэфаніяй і Янушам. Ім 11 і 7 гадоў. Зараз яны знаходзяцца ў Беластоку. 

Фота: сацыяльныя сеткі

«Я сама ў дзень пачатку вайны не спала, у мяне была бяссонніца. Дзеці прачнуліся ўжо каля сямі гадзін раніцы, калі пачала гучаць сірэна.

Я сказала, што яны ў школу не ідуць, бо пачалася вайна. Яны гэта вельмі натуральна ўспрынялі, не было ніякіх пытанняў. Сын парадаваўся, што ён не ідзе ў школу, і стаў глядзець мульцікі.

Нам тады не было зразумела, якім чынам мы ўвогуле можам выехаць. У нас няма машыны. У першы дзень рабілі не вельмі асэнсаваныя рэчы: набіралі ваду, збіралі ўсе дакументы, знаходзіліся ў нейкім каматозе. Нейкіх сур’ёзных гутарак з дзецьмі мы не праводзілі. Калі з’язджалі з Мінска, там мы размаўлялі, што не можам узяць усе цацкі, кніжкі. Яны прызвычаіліся да пераездаў», — кажа Кацярына. 

Сям’я ехала праз Львоў. Адтуль да мяжы іх павезлі мясцовыя валанцёры. Трапіць на эвакуацыйны цягнік у іх не атрымалася з-за вялізнай колькасці людзей.

Фота: сацыяльныя сеткі

«Дзеці вельмі стаічныя, іх загартавала эміграцыя. Яны малайцы.

Фізічна ім было цяжка, але яны не скардзіліся і не нылі. Паводзілі сябе годна. Праблема была нават ежу знайсці, каб іх пакарміць, але яны цярпелі. Магу ганарыцца імі. Толькі калі пераходзілі памежны пункт, у сына пачалася мігрэнь з-за таго, што было холадна. Ён пачаў плакаць. Стэфу таксама трэсла, я пыталася, ці накрыць яе. Дачка адказвала, што ёй нармальна, і прасіла накрыць Яна. Сын у мяне часта пытае, ці вернемся мы ва Украіну, калі Пуцін памрэ. І ці паедзем у Беларусь, калі не стане Лукашэнкі. Дзеці вельмі цудоўна ўсё разумеюць.

У маёй дачкі лепшая сяброўка ў Кіеве, яны стэлефаноўваюцца і могуць некалькі гадзін размаўляць, гуляць. Яны спрабуюць нават падчас вайны весці нармальнае дзіцячае жыццё. Але гэта не адмяняе, што яны ўсё разумеюць. Дзеці не ведаюць, што такое смерць, і ім лягчэй перанесці гэта.

Памятаю, што неяк у дарозе спыніліся, вывела дзяцей у лес, каб яны справілі свае фізіялагічныя патрэбы. І тут пачалася бамбёжка Гастомеля. Мы стаім пасярод леса, і тут пачынае ўсё зіхацець ад успышак. Кажу пра гэта дзецям, а сын спакойна адказвае, што яму яшчэ патрэбна секунда», — расказвае Кацярына.

«Дачка з другога тыдня вайны самастойна штодня займаецца па ўсіх прадметах»

Святлану і яе пятнаццацігадовую дачку Любоў вайна заспела ў Вышгарадзе. Яны вырашылі нікуды не з’язджаць, а застацца, бо Украіна за гэты час стала для іх другім домам. 

«Таксама я прадчувала праблемы легалізацыі ў Еўропе з беларускім пашпартам. Мы ўпэўненыя, што перамога за намі. Гэта нашая радзіма, якую трэба абараняць, бо Беларусь ужо акупаваная ворагам.

У дзень пачатку вайны дачка прачнулася ад выбухаў і прыбегла да мяне ў пакой. Я сама не разумела, што адбываецца. Калі выбухі працягнуліся і затрэсліся вокны, стала ясна. Сабралі дакументы, нейкія рэчы. Яна вельмі хутка рэагавала, слухала мяне. Канешне, зносін з аднагодкамі ёй не хапае. У яе зараз узрост, калі хочацца пагуляць», — кажа Святлана. 

Фота: АР

Самы трывожны перыяд у падлетка пачаўся, калі яна прачытала, што ракеты на Украіну ляцяць з Беларусі. У яе было тады адно пытанне: «За што?».

«Першыя тры дні былі самыя крытычныя. Мы збіралі аптэчку, уладкоўвалі падвал. Наш горад вайну толькі чуе, але на свае вочы не бачыць. І гэта менавіта тое, што дапамагае больш-менш выстаяць маральна.

Дачка з другога тыдня вайны самастойна штодня займаецца па ўсіх прадметах. Вучыцца паводле раскладу з дзённіка. Але вось абвясцілі ўжо, што школа ў нашым горадзе пачнецца анлайн з 4 красавіка.

Ёсць, вядома, у яе перажыванні наконт ведаў, да вайны ў нас былі планы паступлення ў ліцэй. Вырашылі не панікаваць, усе праблемы па меры паступлення будзем вырашаць», — кажа яна. 

Дзень таму ў дачкі Святланы быў дзень народзінаў. У горадзе, дзе яны застаюцца, няма тортаў. Пяклі свой з таго, што было.

«Я спыталася, што ёй падарыць. Яна на мяне доўга глядзела і спыталася, ці можна.

Дачка сказала, што яе дзень народзінаў святкаваць не будзем. Вось ёй 15 год, няма свята. Плачу. А яшчэ яе сябровак на дзень народзінаў не пусцілі бацькі. Баяцца адпускаць у такі час.

Люба перапісваецца з аднакласнікамі. У апошні час усё радзей. Многія з'ехалі. Сваё жыццё, клопаты», — уздыхае Святлана. 

«Яшчэ вучу дзяцей есці тое, што ёсць»

Алена выбіралася з Кіева разам з двума дзецьмі — Аляксандрам і Яўгеніяй. Ім 12 і 13 год. Спачатку сям’я пае’хала ў невялікі пасёлак пад горадам Макараў. Там яны прабылі дзевяць дзён у падвале. Зараз Алена з дзецьмі знаходзіцца ў Івана-Франкоўску. 

«Мы загадзя рэпеціравалі збор трывожнага чамаданчыка. У пачатку лютага яшчэ, калі назвалі першыя магчымыя дні ўварвання Расіі ва Украіну, я з дзецьмі паразмаўляла пра гэта і расказала, што мы будзем рабіць у такім выпадку.

У дзень пачатку вайны я пабудзіла дзяцей і сказала, што трэба збірацца. Яны вельмі хутка арганізаваліся, дасталі валізкі, паклалі самае неабходнае. У іх ужо на той момант быў загадзя складзены спіс. Узялі, дарэчы, падручнікі. Мы селі ў машыну і паехалі. Я з імі размаўляла ўвесь час, ім было страшна, калі побач з намі чуліся выбухі, калі яны бачылі разбураныя пасёлкі, тэхніку.

Наогул у дзяцей добра працуе ахоўная рэакцыя. Мае мне задавалі пытанні, што мы будзем далей рабіць, я спакойна на іх адказвала, і яны нармальна гэта ўсё ператраўлівалі. Цяпер дзеці навучыліся рэагаваць на сірэны, выбухі. Разумеюць, калі яны далёка, а калі блізка.

Яшчэ вучу дзяцей есці тое, што ёсць. Напрыклад, калі мы былі ў падвале, у бліжэйшых крамах не было ежы. Было тое, што ўзялі з Кіева», — кажа яна. 

Фота: АР

Першы час адцягнуць увагу дзяцей на нешта іншае Алене было складана. У іх не было вучобы, толькі праз два тыдні настаўнікі пачалі рабіць анлайн-заняткі. 

«Да вучобы я адцягвала іх увагу на прыгатаванне ежы, уборку, дапамогу астатнім людзям. А зараз у нас усё разам, без справы яны не сядзяць. І калі дапамагаюць, адчуваюць сябе карыснымі. Жывем, як у камуне. У кожнага свае абавязкі, — дзеліцца Алена. —

А што датычна палітыкі, то ў маіх дзяцей і без дарослага меркавання сфарміраваны погляд, што рускія напалі на Украіну. І ён не навязаны. Дзеці бачаць, што адбываецца навокал, і яшчэ маюць зносіны са сваімі мясцовымі аднакласнікамі. Зразумела, што інфармацыяй паміж сабой яны абменьваюцца.

Вядома, Беларусь тут выступае як краіна-агрэсар, але я стараюся не фарміраваць у дзяцей абурэнне да радзімы. Я ім тлумачу, што мы не едзем туды, пакуль там такая дзяржава. Яны хочуць убачыцца са сваякамі, але не заставацца там. Таму я проста тлумачу, што зараз такі час, які трэба перачакаць. Пакуль тут спакойна, мы будзем тут».

Чытайце таксама:

Як размаўляць з дзецьмі пра ваенныя падзеі? Парады псіхолага

«Людзі з'язджаюць з разуменнем, што хутка яны не вернуцца». Псіхолаг пра новую хвалю міграцыі з Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031