Знайсці
21.10.2021 / 18:21РусŁacБел

Палітзняволеных мужа і жонку восьмы раз запар пакаралі «суткамі». У няволі яны агулам правядуць 112 і 111 сутак

Анастасія Крупеніч-Кандрацьева і Сяргей Крупеніч павінны былі выйсці на волю 22 і 23 кастрычніка пасля амаль 100 сутак на Акрэсціна, але на іх склалі новыя пратаколы. Сёння над імі прайшлі чарговыя суды па арт. 19.11 КаАП (Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць), паведамляюць праваабаронцы.

У Ленінскім РУУСе на мужа і жонку бесперапынна працягваюць складаць пратаколы за перасыл адно аднаму навінаў з тэлеграм-каналаў, якія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

21 кастрычніка справы Сяргея і Анастасіі разглядзела суддзя Таццяна Шоцік. На гэты раз пратакол на Анастасію склалі за перасыл мужу 21 чэрвеня паведамлення з «экстрэмісцкага» канала. Сваю віну дзяўчына прызнала цалкам. Яна растлумачыла, што на той момант яна не ведала, што канал унесены ў спіс «экстрэмісцкіх». Адвакатка звярнула ўвагу суддзі на шматлікія памылкі ў матэрыялах справы, але суддзя на гэта не адрэагавала. Справу Анастасіі суддзя Шоцік разгледзела за 12 хвілін.

На Сяргея пратакол склалі за тое, што 16 чэрвеня ён пераслаў жонцы навіну з іншага канала. Сяргей адзначыў, што судзяць яго за паведамленні, якія знайшлі ў тэлефоне Анастасіі. У матэрыялах справы Крупеніча была копія пастановы суда Партызанскага раёна ад 23 сакавіка, згодна з якой канал прызнаны «экстрэмісцкім». Але адвакатка папрасіла суддзю цалкам прачытаць гэтую пастанову:

«На момант вырабу фотакопіі рашэнне суда Партызанскага раёна Мінска ад 23 сакавіка 2021 года не ўступіла ў законную сілу».

Адвакатка дадала, што калі Сяргея судзяць за распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, якая ўключана ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, то чаму тады ў матэрыялах справы наогул адсутнічае інфармацыя менавіта з Мінінформа, які вядзе гэты спіс. Адвакатка таксама не разумее, чаму і як гэтае фота пастановы суда трапіла ў матэрыялы справы. У выніку суддзя Шоцік зрабіла перапынак у справе, каб запрасіць у Партызанскім судзе копію пастановы аб прызнанні канала экстрэмісцкім. Пасля перапынку да матэрыялаў справы ўжо далучылі копію пастановы. Але, акрамя гэтага, у справе з’явілася і выпіска з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. Для гэтага суддзя павінна была адправіць справу на дапрацоўку, каб менавіта супрацоўнікі РУУСа дадавалі выпіску да матэрыялаў справы, а не прымаць непасрэдны ўдзел у пошуках доказаў віны Сяргея.

«Што тычыцца вытрымак з Рэспубліканскага спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў, які Высокі суд па ўласнай ініцыятыве запатрабаваў і далучыў да матэрыялаў справы, то гэтыя абставіны таксама нельга прымаць да ўвагі, таму што ў адпаведнасці з прэзумпцыяй невінаватасці абавязак доказу віны асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, ускладаецца на службовую асобу органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, то-бок на прадстаўнікоў РУУС Ленінскага раёна, а не на суд», — пракаментавала на судзе адвакатка Сяргея. 

У выніку суддзя Таццяна Шоцік зноў арыштавала Сяргея і Анастасію на 13 сутак кожнага. Муж і жонка агулам правядуць на Акрэсціна 112 і 111 сутак адпаведна. Нягледзячы на тое, што яны амаль чатыры месяц будуць за кратамі ў нечалавечых умовах, ім прыйдзецца аплаціць велізарныя грошы за харчаванне ў ЦІП. Калі адзін дзень на Акрэсціна каштуе 14 рублёў і 50 капеек, то кожны з іх мусіць выплаціць больш за 1600 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031