Знайсці
28.07.2021 / 10:07РусŁacБел

«Кажуць, калі ён п’яны — зусім дурны». Што вядома пра трагедыю ў Віцебску, дзе муж параніў жонку і забіў месячную дачку

Увечары ў панядзелак жыхар Віцебска напаў на сваю жонку з нажом. Ён парэзаў жанчыну і іх месячную дачку, пасля чаго сыйшоў з хаты. Жанчына ў рэанімацыі, а немаўля выратаваць не змаглі. Пазней мужчыну затрымалі. Ён быў п’яны. «Наша Ніва» сабрала дэталі гэтай гісторыі.

Пацярпелай Вользе С. — 31 год. Яна працавала на мясакамбінаце, «недзе на фасоўцы ў лядоўні», як кажуць яе знаёмыя. Да гэтага Вольга каля 10 гадоў жыла ў так званым «грамадзянскім шлюбе». Пара не распівалася, але мела 9-гадову дачку. Але год таму ўвесну пазнаёмілася са сваім калегам з мясакамбіната: 32-гадовым Сяргеем Авечкіным. Закруціўся раман. Вольга прыняла рашэнне разыйсціся з бацькам сваёй дачкі — і сыйшла да Сяргея. Ужо ў жніўні, яны пабраліся шлюбам. 

«Вольга — чалавек абсалютна адэкватны. Ахайная, добрая гаспадыня. Ніякіх праблем з алкаголем ці чымсьці яшчэ ў яе ніколі не было і зараз няма, — расказвае «Нашай Ніве» маці былога сужыцеля жанчыны. — Хоць яна і разыйшлася з маім сынам, у нас з ёю заставаліся нармальныя адносіны, у майго сына таксама». 

Спачатку Вольга і яе новы муж жылі ў яе бацькоў. Але кажуць, там былі скандалы, у выніку цешча з цесцем не вытрывалі і выгналі Сяргея. Сыйшла за ім і Вольга. Спачатку пара здымала кватэру, але ў студзені памерла бабуля Вольгі, ад яе засталася кватэра. Туды яны і пераехалі, разам з дачкой. 

У гэтай кватэры праз некалькі месяцаў і адбудзецца бяда.

«Я добра не ведаю таго Авечкіна, не магу пра яго нічога сказаць. Але чула, што ён выпіваў. Агульная знаёмая пра яго сказала так: «Ён калі п’яны — зусім дурны». Вось і ўсё, што я ведаю.

Апошнім часам ён не працаваў. У Вольгі была нармальная зарплата на мясакамбінаце, а калі яна зацяжарыла і ўжо пайшла ў дэкрэт, ёй дапамагалі бацькі», — кажа знаёмая Вольгі.

Месяц таму Вольга нарадзіла малодшую дачку. Назвалі яе Дарынай. А 27 ліпеня здарылася трагедыя. 

«Паводле следства, увечары 26 ліпеня ў Віцебску паміж 32-гадовым мужчынам і яго 31-гадовай жонкай адбыўся канфлікт. Мужчына ўзяў кухонны нож, нанёс ім удары жонцы і дачцэ, а сам збег з месца здарэння. Жанчына паспела выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу і разам з дзіцём была шпіталізаваная. Дзіця выратаваць не ўдалося. Ад атрыманых траўмаў немаўля памерла», — паведамляе Следчы камітэт. 

У дзень трагедыі старэйшай дачкі выпадкова не аказалася дома. Адна бабуля завезла дзіця да іншай.

Зараз Вольга знаходзіцца ў рэанімацыі. Кажуць, прагнозы пазітыўныя, жанчына выжыве.

На яе мужа завялі крымінальную справу за замах на забойства жонкі і забойства немаўля. Яму пагражае ад 8 да 25 гадоў зняволення, або пажыццёвы тэрмін, або смяротнае пакаранне.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031