Знайсці
28.05.2021 / 17:22РусŁacБел

Перад суіцыдам Дзмітрый Стахоўскі рассылаў сябрам фота з 16 паверха. Што ім трэба было рабіць? Адказвае псіхолаг

25 мая здарылася трагедыя: 18-гадовы Дзмітрый Стахоўскі скінуўся са шматпавярховіка. Хлопец пакінуў допіс «Укантакце», у якім казаў, што не вытрымлівае ціску — юнак праходзіў фігурантам па справе аб масавых беспарадках. На свой апошні крок ён рашыўся ў той дзень, калі яго ў чарговы раз выклікалі на допыт у СК. Але ж перад гэтым Дзмітрый не раз казаў сябрам: лепш суіцыд, чым калонія. І ў сваю апошнюю ноч ён пісаў сябрам і знаёмым, нават скідваў ім фота, маўляў, глядзіце, я сапраўды на даху. У выніку выратаваць хлопца ці то не змаглі, ці то не паспелі. Але ж што рабіць у такіх сітуацыях блізкім чалавека? «Наша Ніва» звярнулася да псіхолага, які працуе ў службе экстраннай псіхалагічнай дапамогі.

Дзмітрый Стахоўскі

«Калі чалавек збіраецца здзейсніць суіцыд, значыць ён ужо ў сітуацыі, калі не бачыць ніякага іншага выйсця. У такой сітуацыі, калі ён ужо гатовы да самагубства, трэба проста спыніць яго фізічна.

Калі юнак сапраўды адправіў фота, трэба было высветліць яго месцазнаходжанне і неадкладна звярнуцца ў МНС і хуткую, каб да яго выехалі, — тлумачыць псіхолаг.

Фота, якое ў ноч гібелі Дзмітрый адпраўляў сябрам

— Калі вы самі знаходзіцеся ў такой сітуацыі — званіце ўсім, каму можна, кажыце пра гэта. Не маўчыце. Званіце блізкім, сябрам, званіце па тэлефонах даверу, расказвайце, дзе вы знаходзіцеся і што з вамі».

А што рабіць, калі ў размове чалавек проста згадвае суіцыд як магчымае рашэнне праблем?

«Ігнараваць такое ні ў якім выпадку нельга. 

Трэба паспрабаваць угаварыць чалавека звярнуцца ў псіха-неўралагічны дыспансер, дзе ёсць спецыялісты, якія могуць дапамагчы. Там з ім будуць працаваць і псіхіятр, і псіхолаг, і неўролаг, і іншыя спецыялісты, якія будуць намагацца дапамагчы чалавеку выруліць з гэтай крызіснай сітуацыі. 

Калі чалавек задумваецца аб суіцыдзе, значыць у яго зніжаная крытычнасць да навакольнага свету, прасцей кажучы, ён не зусім у адэкваце. Адпаведна, яму патрэбная дапамога. 

Псіхолагі нікому не могуць выдаць падрабязнасці, гэта медыцынская таямніца. Калі чалавек баіцца, што інфармацыя пра яго недзе ўсплыве — гэтага не будзе, — запэўнівае спецыяліст.

— Ці можна з чалавекам гаварыць пра суіцыд? З ім гаварыць трэба. У першую чаргу, каб зразумець, што адбываецца з чалавекам. Хутчэй за ўсё, ён баіцца. Страх таксама штурхае чалавека на такія ўчынкі. З чалавекам трэба абгаварыць усё, што яго турбуе. Лепш адправіць яго да крызіснага псіхолага, але хаця б — пагаварыце з ім пра яго сітуацыю. Чаму ён так думае? Ці сапраўды з яго сітуацыі няма выйсця?

Акажыце чалавеку ў першую чаргу падтрымку. Скажыце яму: ты не адзін. 

Калі чалавек дэманструе гатоўнасць да суіцыду — значыць гэта для яго яшчэ не канчаткова вырашанае пытанне. Можа, ён нават падсвядома спадзяецца, што яму хтосьці зможа дапамагчы. Таму не ігнаруйце такое! 

Нават калі вашыя блізкія ці сябры выказваюць думкі пра суіцыд у жартаўлівай форме — гэта ўжо нездаровая сітуацыя. Яна таксама патрабуе ўвагі і звароту да спецыялістаў, бо магчыма, што чалавеку патрэбная дапамога».

У выпадку з Дзімам Стахоўскім была інфармацыя, што яго сябры скінулі паведамленне ў адзін з дваровых чатаў: маўляў, хлопец хоча скокнуць з даху! Але хутка допіс быў выдалены.

«Такую інфармацыю заўсёды лепш пераправерыць. Заўсёды. Хай лепш гэта будзе памылка, чым згубленае жыццё чалавека, — падкрэслівае псіхолаг.

— Увогуле, калі ў вас ці вашых блізкіх з’яўляюцца суіцыдальныя думкі, а вы не ведаеце, што рабіць — не трэба саромецца, адразу званіце на гарачыя лініі. Нават проста, каб абгаварыць, што рабіць, куды звярнуцца, каб спытаць парады».

Яшчэ раз нагадаем: калі вы пачуваецеся дрэнна, у вас або ў вашых сваякоў з'яўляюцца думкі аб суіцыдзе, калі ласка, звярніцеся па дапамогу або раскажыце пра гэта блізкаму чалавеку. Вы не адны, ваша жыццё важнае. Тэлефон службы экстраннай псіхалагічнай дапамогі для дарослых — (8 017) 352-44-44, для дзяцей і падлеткаў — (8 017) 263-03-03.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера