Знайсці
10.02.2021 / 13:42РусŁacБел

Мінчук трымаў на Акрэсціна сухую галадоўку: схуднеў на 5 кілаграмаў, ледзь мог гаварыць

Мінчук Сяргей Гунь абвесціў на Акрэсціна сухую галадоўку і чатыры дні правёў без ежы і вады, пакуль не выйшаў на волю. Пра тое, як гэта было, ён распавёў «Нашай Ніве».

Cяргей адразу пасля Акрэсціна

Сяргей — дырэктар івэнт-агенства «Крона». Яго забралі 4 лютага каля дома — ён паркаваўся, калі пад’ехалі дзве машыны і выйшлі супрацоўнікі міліцыі. 

«Спытаў: за што затрымліваеце? Адказалі, што пасля патлумачаць. Надзелі наручнікі і прывезлі ў Фрунзенскае РУУС. У пратаколах было пазначана, што аб 11-й вечара я хадзіў вакол РУУС і лаяўся (а затрымалі мяне недзе ў 22.30). Прыпісалі артыкулы 17.1 і 23.4 — дробнае хуліганства і непадпарадкаванне міліцыі. Пад раніцу завезлі на Акрэсціна.

А ў пятніцу быў суд па скайпе. Настолькі белымі ніткамі было ўсё шыта, што нават суддзя адправіла справу на дапрацоўку», — распавядае мужчына.

Чаму Сяргея пільнавалі, ён не ведае. Раней мужчыну ўжо затрымлівалі — у кастрычніку, калі стаў здымаць на відэа сілавікоў, яго моцна збілі. Але ён не звязвае гэтыя эпізоды.

Патрапіўшы ў ізалятар, Сяргей адразу абвясціў сухую галадоўку.

«Я настолькі абураны тым, што адбываецца, што вырашыў дзейнічаць рашуча. Няхай ахвярую сабой, але будзе ў людзей нагода страпянуцца», — разважаў ён у той момант.

У мужчыны дагэтуль быў досвед строгага посту, таму пасядзець без ежы для яго не было праблемай. Іншая справа — застацца без вады: да гэтага арганізм ніяк не мог прывыкнуць. На сухой галадоўцы ён быў упершыню.

«Я умываў твар некалькі разоў на дзень, паласкаў рот, але не піў. Першыя і другія суткі было нескладана. На трэція мне ўжо было цяжка гаварыць, ледзь язык паварочваўся. У той жа дзень прыйшла доктар, праверыла мяне. Пульс, які звычайна 50 удараў за хвіліну (у мяне брадзікардыя), падскочыў да 80, ціск падняўся. Паказчык цукру ў крыві ўпаў ніжэй за норму.

Апошнюю ноч я ляжаў на падлозе — у нас была перапоўнена камера — і адчуваў усім целам, як б’ецца сэрца.

Я разоў 15 прасіў паперу і асадку, каб напісаць заяву на адмову ад харчавання, але мне іх так і не прынеслі. Пагражалі, што будуць насільна карміць, увядуць кропельніцу, паставяць клізму. Але далей за словы не зайшло».

Калі сканчаліся 72 гадзіны з моманту затрымання, да Сяргея падышоў надзіральнік: «З рэчамі на выхад». Але замест таго каб адпусціць, мужчыну зноў завезлі ў Фрунзенскае РУУС і склалі на яго пратаколы — па 23.34 (нібыта ў пачатку снежня на вуліцы Казіміраўскай паказваў знак салідарнасці) і 17.3 (распіццё алкаголю). Апошні, мяркуе Сяргей, маглі накінуць з-за яго стану:

«У мяне затуманенасць нейкая была, цяжка было гаварыць. Я папярэджваў, што на сухой галадоўцы».

Чарговы суд прайшоў у панядзелак, 8 лютага.

«Я разважаў: калі не прызнаю сваю віну па 23.34, дакладна адправяць на суткі, а так можа быць штраф. У выніку далі 30 базавых.

Што з артыкулам 17.3, не ведаю.

Пасля астатнія два пратаколы сталі разглядаць. Але ўсё настолькі бязглузда выглядала, што судзя вынесла рашэнне, што няма складу злачынства. Магчыма, на гэта паўплывала добрая праца адваката або ўлічылі мой стан. Я казаў, што адчуваю сябе дрэнна, не зусім разумею, што адбываецца».

У панядзелак увечары Сяргея адпусцілі. За чатыры дні сухой галадоўкі ён схуднеў на пяць кілаграмаў — з 73 да 68. Кажа, што не знайшоў у інтэрнэце дакладнай інструкцыі, як выходзіць з галадоўкі, але разумее, што трэба часта піць, есці маленькімі порцыямі і ўключыць у рацыён салодкае, каб падняць глюкозу. Ад наступстваў арганізм пакуль не адышоў:

«Галава кружыцца, стамляюся хутка. Прагуляўся 20 хвілін, а па адчуваннях нібыта 5 кіламетраў кросу прабег».

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031