Знайсці
12.01.2019 / 13:5516РусŁacБел

Ідэальнае рызота з грыбамі: рэцэпт з некалькімі хітрыкамі

Здаецца, ужо столькі зімаў пражыта, але я ўсё ніяк не магу звыкнуцца з маразамі. Увесь час хочацца хутацца, піць гарачае і не выходзіць з хаты.

Да ежы ў мяне ў гэты час таксама асаблівае стаўленне — хочацца нечага цёплага, сытнага і духмянага. І рызота падыходзіць пад гэтае апісанне ідэальна. Не бойцеся яго рабіць — гэта не настолькі доўга і складана, як часам кажуць. Але ў любым выпадку трэба ведаць некаторыя хітрыкі:

  • вялікая частка поспеху — гэта правільны рыс, лепш за усё выкарыстоўваць коратка-крупчасты рыс сорта Арборыа, Карнаролі, Рома ці Балдо;
  • тэмпература булёна павінна быць досыць высокая (нельга дадаваць булён, які па тэмпературы ніжэйшы, чым рыс);
  • дадаткі (грыбы, курыца, агародніна) лепей дадаваць напрыканцы ўжо згатаванымі.

Нам спатрэбіцца:

  • 1 шклянка рысу арборыа
  • 30 гр. сухіх грыбоў
  • 150 гр. свежых шампіньёнаў
  • 1 белая цыбуліна
  • 150 мл вяршкоў 20%
  • 60 гр. сыру пармезан
  • 40 гр. масла
  • Соль, чорны перац
  • 0,5 ч.л. чабару.
  • 2 ст.л. аліўкавага алею
  • труфельны алей (па жаданні)

Спачатку прыгатуем грыбны булён. Сухія грыбы заліваем 800 мл вады, дадаём соль і спецыі, даём паварыцца на маленькім агні хвілін 20. Па жаданні, можна зрабіць булён з агароднінай, дадаўшы да яго вельмі дробна парэзаную моркву і сельдэрэй. Грыбы дастаём, рэжам на маленькія кавалачкі. Булён выкарыстоўваем для рызота.

Цыбулю і шампіньёны наразаем кубікамі і смажым на патэльні на аліўкавым алеі да мяккасці, дадаём грыбы з булёну. Смажым да мяккасці і не даём моцна астыць.

У рондаль насыпаем рыс і даём хвілінку падсмажыцца. Наліваем чарпак булёну, добра мяшаем і варым, перамешваючы, пакуль вадкасць не выпарыцца. Дадаём наступны чарпак булёна. Працягваем таксама, пакуль рыс не ўбярэ ўвесь булён. Апошнім дадаём грыбы з цыбуляй і вяршкі (падагрэтыя), масла і 1/3 ч.л. труфельнага алею. Перамешваем, выключаем агонь, накрываем накрыўкай і пакідаем хвілін на 5.

Перад падачай пасыпаем пармезанам. Па жаданні, можна яшчэ пасыпаць нарэзанай пятрушкай. Смачна есці!

Фота: taste.com.

Вольга Чарнова

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера