Знайсці
25.11.2013 / 01:0410РусŁacБел

«Гледачы не гатовыя»: у Музычным тэатры прэм’ера двухмоўнага мюзікла «Соф’я Гальшанская»

 

Гэта было спецыфічнае каханне: 17-гадовую (Вольга Жалезская) аддаюць за 70-гадовага Ягайлу (у розных складах — Антон Заянчкоўскі, Віктар Цыркуновіч). 70-гадовы ў тыя гады — гэта як 90-гадовы чалавек сёння.

І тым не менш, Соф’і зайздросцілі. З Гальшан пераязджае ў сталіцу! Яе старэйшая сястра Васіліса (Лідзія Кузьміцкая, Маргарыта Александровіч) інтрыгавала. Таксама хацела стаць чацвёртай жонкай караля і пачынальніцай дынастыі Ягелонаў. Польскія ўладныя колы ў асобе канцлера Уга (Дзяніс Нямцоў) плялі свае змовы таксама.

Вось пра такую гісторыю з’явіўся мюзікл Уладзіміра Кандрусевіча ў Музычным.

Гледачы і / ці салісты

Мюзікл быццам бы нацыянальны, але двухмоўны: усе дыялогі і большасць песень гучаць па-руску, асобныя музычныя нумары — па-беларуску. Прычым

беларускамоўныя фрагменты выконваюцца пераважна ў «народных» сцэнах. Фактычна адбываецца вяртанне ў савецкія часы, калі беларушчыну дазвалялі ў межах «фальклорнага гета». Вось і ў мюзікле родная мова асацыіруецца пераважна з народнай культурай, хоць Ягайла гаварыў на старабеларускай мове нават і на польскім троне — гэта гістарычны факт.

На прэс-канферэнцыі мастацкі кіраўнік тэатра Адам Мурзіч тлумачыў двухмоўе тым, што да беларускай мовы «не гатовыя як гледачы, так і салісты». Вось так — не больш, не менш. У тэатры імя Янкі Купалы ці Оперы гледачы гатовыя, а ў Музычным, відаць, нейкі іншы глядач, імпартны.

У рэальнасці ўсё куды прасцей.

Частка музычных фрагментаў, якія ўвайшлі ў «Соф’ю Гальшанскую», ствараліся Кандрусевічам спачатку не для мюзікла, а для пэўных конкурсаў ці фестываляў. Прычым як на рускамоўныя, так і на беларускамоўныя тэксты. Напрыклад, у свой час Алена Ланская ўзяла Гран-пры на «Славянскім базары» з песняй «Белая ластаўка», якая прагучала ў пачатку першай дзеі.

Але ў мюзікле такое рашэнне не пераконвае, бо парушае цэльнасць.

Моцны Кандрусевіч

Наогул, новы твор Кандрусевіча пакідае моцнае ўражанне. Кампазітар здолеў натуральна перадаць праз сучасныя музычныя інтанацыі мысленне герояў ХV стагоддзя. Асабліва глыбока раскрыта тэма Васілісы. Але большасць беларускамоўных тэкстаў, уключаных у «Соф’ю Гальшанскую», кантрастуюць з агульнай стылістыкай мюзікла. Класічны прыклад — песня «Мужчынскія гульні». Так, гэта стоадсоткавы хіт пра мужчынскую папойку, які выклікае авацыі ў публікі. Але лінія Алеся (Аляксандр Крукоўскі), які выконвае песню, далей ніяк не развіваецца. Сцэна застаецца ўстаўной інтэрмедыяй.

«Трышчан і Іжота» навыварат

На прэс-канферэнцыі Алена Турава згадала гісторыю Трышчана і Іжоты. Для дзяўчыны зрабілі прываротны напой. Іжота мусіла выпіць з будучым мужам, каралём Маркам, каб закахацца ў яго. Але выпадкова яна пакаштавала напой з Трышчанам…

Турава вырашыла «перакуліць» сітуацыю: што адбылося, калі б гераіня выпіла напой разам з будучым мужам? У нашым выпадку гаворка пра 17-гадовую Соф’ю і 70-гадовага Ягайлу. Прычым у ролі напою выступіла папараць-кветка. Атрымаўшы яе ад Чараўніцы (Людміла Станевіч, Наталля Гайда), дзяўчына закахалася ў караля.

Рэжысёр Міхаіл Кавальчык нібыта прапануе нам сярэднявечную рыцарскую гісторыю. На карысць такой версіі нібыта сведчыць багата аргументаў.

Сцэнаграфія Андрэя Меранкова вырашана праз вобраз кратаў. Так акрэсліваецца месца і прастора дзеяння, якое адбываецца ў рыцарскім замку і наогул у рыцарскім свеце. Заднік увасабляе вароты, праз якія на сцэну трапляюць госці. Адначасова краты становяцца сімвалам лёсу, які чакае Соф’ю.

Касцюмы выканаўцаў (мастак Таццяна Лісавенка) таксама вырашаны ў стылістыцы, набліжанай да сярэднявечнай. Хоць надзвычай кідаюцца ў вочы фіялетавы бліскучы плашч Уга і чырвоная вопратка Ягайлы, падобная на скураную куртку. Відаць, тут можна казаць пра прывітанні з больш позніх стагоддзяў?

«Здавайся, вядзьмарка, начны дазор!»

Пытанні выклікае містыцызм. Канцлер Уга (Дзяніс Нямцоў), галоўны адмоўны герой, інтэрпрэтуецца як прадстаўнік «цёмных сілаў». А хто тады прадстаўнік «светлых сіл»? Соф’я? Але яе дабрыня і пяшчота яшчэ не падстава для такой інтэрпрэтацыі. Чараўніца? Але Купалле з’яўляецца паганскім святам.

Калі рэжысёр жадаў інтэрпрэтаваць «Соф’ю Гальшанскую» праз містыку, патрабавалася некалькі «дробязяў»: правесці містыцызм праз усю пастаноўку, абгрунтаваць яго і вырашыць спектакль у адпаведнай стылістыцы.

Ні ў сцэнаграфіі, ні ў касцюмах містыцызм не праяўляецца. Нават у асобных эпізодах паводзіны таго ж Уга маюць свае матывы. Напрыклад, канцлер не жадае бачыць на польскім троне ліцвіна.

Паколькі містыцызм не патлумачаны і не абгрунтаваны, некаторыя артысты інстынктыўна ўваходзяць у супярэчнасць з ім. Надзвычай паказальнай з’яўляецца сітуацыя з актрысамі, якія ўвасаблялі ролю Васілісы.

На здачы спектакля Маргарыта Александровіч, відаць, цалкам выконвала рэжысёрскія задачы. Яе гераіня Васіліса была сцярвознай вядзьмаркай, запраграмаванай на злачынства і здраду. Гэта збядніла мюзікл. Атрымалася, што ў адной з першых сцэнаў гледачам адразу паведамілі, хто з’яўляецца адмоўным героем і ад каго чакаць подласці (кшталту, «Забойца — дварэцкі!»).

А вось Лідзія Кузьміцкая, якая спявала партыю Васілісы на прэм’еры, стварыла ўжо вобраз складанай, неадназначнай асобы, якая на галаву вышэйшая за тагачаснае грамадства, а таму, безумоўна, вартая большага. Партыя стала для Л.Кузьміцкай сапраўднай мастацкай удачай.

Парадокс, але ў спектаклі з яе ўдзелам

пытанне пра здраду Соф’і зусім не прынцыповае. Гісторыя пра чыстае і сапраўднае каханне можа мець толькі шчаслівы фінал. А вось лёс Васілісы хвалюе больш.

Неадназначна

У цэлым уражанні мюзікл пакідае неадназначныя. Да «плюсаў» можна аднесці музыку, сцэнаграфію і часткова касцюмы. Традыцыйная стабільнасць уласцівая працы хора і мастака па святле. Удалым можна лічыць дэбют Вольгі Жалезскай. Годна глядзяцца і іншыя выканаўцы, хоць характары іх герояў, а таксама матывы паводзінаў не заўсёды распрацаваныя ў лібрэта Алены Турава належным чынам. А вось для вынікаў працы рэжысёра Міхаіла Кавальчыка ўласціва эклектыка.

«Соф’я Гальшанская» — нацыянальны гістарычны мюзікл, і гэтым цікавы. Але на аматара.

***

Опера па-беларуску

У Беларускай оперы час ад часу ставіліся творы нацыянальных кампазітараў — Анатоля Багатырова, Юрыя Семянякі, Генрыха Вагнера — але большасць з іх ажыццяўляліся ў народна-фальклорнай традыцыі. Нацыянальныя творы не выпускалі з «фальклорнага гета».

Сям’я Кавальчыкаў

Мюзікл у Музычным паставіў рэжысёр Міхаіл Кавальчык. Наш суайчыннік, ён з 1989 года працаваў у Расіі і параўнальна нядаўна вярнуўся ў Беларусь. Цікава, што ягоны сын Сяргей Кавальчык працуе мастацкім кіраўніком Рускага тэатра. Кавальчык-малодшы ў свой час паставіў у РТБД фольк-рок-оперу «Адвечную песню» — адно з найлепшых увасабленняў у тэатры твора Янкі Купалы.

Апытанка

Дзяніс Марціновіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031