Знайсці
23.05.2013 / 09:327РусŁacБел

Тэатр імя Янкі Купалы знутры — рэпартаж Сяргея Гудзіліна

«Наша Ніва» наведала адбудаваны Купалаўскі тэатр. Ён быў прадметам спрэчак увесь той час, што ішлі працы па вяртанні будынку выгляду пачатку XX стагоддзя. Рэдактар па сувязях з грамадскасцю тэатра Вераніка Молакава правяла для «НН» экскурсію па новым будынку.

«Мы дагэтуль часам можам заблукаць у тэатры ў пошуках сваіх кабінетаў, — смяецца спадарыня Молакава. — Першыя дні ўвогуле было вельмі цяжка».

Плошча Купалаўскага павялічылася ажно ў два разы, цяпер адзінай праблемай для супрацоўнікаў застаецца немагчымасць трапіць з адной часткі будынка ў іншую наўпрост — досыць складана.

Першае месца куды мы трапляем — былое службовае памяшканне, пераўтворанае ў месца для адпачынку гледачоў. Тут стаяць некалькі банкетак, вытрыманых у стылі дарэвалюцыйнага тэатра, на якіх дзе гледачы могуць пасядзець перад спектаклем і падчас антракту. Зрэшты, сядзячых месцаў у калідорах не так і шмат. Адзінае, што выбіваецца з агульнага стылю, — плазмавы тэлевізар.

«Увесь тэатр аформлены ў сініх і шэрых танах, — тлумачыць спадарыня Молакава. — Такім ён быў першапачаткова. Архітэктары праводзілі аналіз сценаў і выявілі рэшткі гэтай фарбы».

Зала Купалаўскага выглядае зусім не звыкла — замест шэрагаў вузкіх крэслаў стаяць трывалыя сінія крэслы з падлакотнікамі. Бельэтаж падзелены адсекамі па чатыры месцы, як тое было ў пачатку ХХ стагоддзя.

Прытым што плошча Купалаўскага ўдвая павялічылася, месцаў у зале стала значна менш. Замест 500 іх засталося 340. Самыя танныя з іх на балконе, але купляючы іх, трэба памятаць, што на першым крэсле апошняга шэрага балкона сцэны не бачна зусім. Пры росце меней за метр восемдзесят цяжка ўбачыць нешта, апроч верху дэкарацый. Але, па словах купалаўцаў, «каробка залы» перастворана менавіта ў першасным выглядзе.

Чым «купалаўцы» насамрэч ганарацца, дык гэта тэхнічным абсталяваннем сцэны, дзе цяпер ёсць электрычныя лябёдкі, люк-правалы, радыёкіраваныя фуры, якія можна перасоўваць па сцэне: раней усё гэта даводзілася рабіць фізічна.

«Уся тэхніка зроблена ў Германіі, ЗША, Аўстрыі, — тлумачыць Молакава. — Абсталёўваць тэатр яшчэ не скончылі, бо гэта не робіцца за пару месяцаў, працы зоймуць яшчэ пэўны час».

Сляды нядаўняга пераезду тэатра літаральна паўсюль — ля сцэны ляжыць зламаны кантрабас, які не прыдаецца для пастановак, за ім скрыні з касцюмамі. Іх толькі-толькі прывезлі.

«Тут пакуль прайшлі толькі тры спектаклі, пасля быў перапынак, — тлумачыць Молакава. — Шмат што трэба даладжваць».

Яшчэ адно немалаважнае пытанне — цэны білетаў на спектаклі ў новым будынку заўважна адрозніваюцца ад коштаў на іншых пляцоўках. Трапіць на спектакль «купалаўцаў» у Палац прафсаюзаў можна і за 30 000 рублёў. А вось у адноўленым будынку самыя танныя білеты каштуюць па 70 тысяч. Ці звязана гэта з загадам паставіць тэатр на самафінансаванне?

«І гэта, вядома ж, таксама, — тлумачаць у бухгалтэрыі. — Збольшага гэтыя грошы ідуць на аплату ўсіх тых навінак, абслугоўванне новага будынку. Калі мы будзем займацца толькі тэатральнай дзейнасцю, без дапамогі дзяржавы не выжывем».

У цэлым тэатр пакідае прыемнае адчуванне — ягоны цяперашні дызайн прымушае ўзгадаць старыя маскоўскія пляцоўкі. Змянілася, дарэчы і галерэя фотаздымкаў ля партэра — цяпер там вісяць здымкі ўсіх дзейсных акцёраў, а таксама музыкаў аркестра. Неўзабаве каля службовага ўвахода мусіць адкрыцца кафэ для акцёраў і наведнікаў.

Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031