Найти
21.05.2022 / 09:26РусŁacБел

Гісторык Акудовіч: «Радзівіл здрадзіў», таму запаўняюць пустку рускім шавінізмам

Гісторык Цімафей Акудовіч у інтэрв'ю Радыё Свабода адказвае на пытанне, якую ідэалогію прапаноўвае цяперашні рэжым, разважае, ці можна назваць яе фашызмам, і тлумачыць, чаму не ўдалося зрабіць прыгожую ідэю з беларуска-савецкай спадчыны.

— Доўгі час у беларускага рэжыму не было нейкай уцямнай ідэалогіі, акрамя ідэі ўтрымання ўлады любой цаной. Але апошнім часам у прадукцыі прапагандыстаў усё больш з'яўляецца наратыву, уласцівага расійскім шавіністам і імперцам. Раней ён быў маргінальны і выпадковы, але цяпер становіцца мэйнстрымам. Ці можа зараз афіцыйна запанаваць выразна рускаміраўская ідэалогія?

— Не, мне падаецца, гэта проста рэакцыя на сітуацыю і эклектыка, сумесь розных элементаў.

Цімафей Акудовіч

Дзяржава ўжо спрабавала аднойчы, на пачатку нулявых, асэнсавана стварыць ідэалогію, калі былі запушчаныя пасады ідэолагаў, калі спрабавалі напісаць падручнік беларускай ідэалогіі, стварылі музей. Не атрымалася, і ўсе гэта прызналі. І дзяржава ў пэўны момант нават пагадзілася абаперціся на ідэалогію, прапанаваную беларускім грамадствам. Скарына, Еўфрасіння Полацкая, ВКЛ, «Пагоня» ў гербе Віцебскай вобласці. Беларуская незалежнасць, ідэнтычнасць — на нейкім этапе нават быў пэўны кансэнсус.

Але калі грамадства гэтак няўдзячна «здрадзіла» дзяржаве, то гэтая ідэалогія была адкінутая. І на пустое месца прыйшлі тыя, хто не баіцца запэцкаць рукі ў хлусні, падтрымаць злачынствы. Гэта былі прыхільнікі ідэяў «вялікага Сталіна», якія занялі месца, што пуставала. І таму тая «ідэалогія», якая цяпер пануе, — гэта хутчэй сведчанне бяссілля ўлады, а не яе нейкай трансфармацыі.

— Калі раней сапраўды прысутнічаў кансэнсус па такіх тэмах, як беларускі суверэнітэт, ці па такіх дзеячах, як Каліноўскі і Касцюшка, якія яшчэ з савецкіх часоў успрымаліся як нацыянальныя героі Беларусі, — то цяпер атака ідзе і на іх постаці. У цяперашняй сітуацыі ніхто ва ўладзе не рызыкуе сказаць нешта супраць прарасійскага імперскага наратыву?

— Я думаю, гэта проста спроба ў змаганні з палітычнымі апанентамі змагацца з іхнімі сімваламі. Ва ўлады якая ідэалагічная аснова? «Вялікая Айчынная вайна», і нічога іншага няма. Усё астатняе, што грамадства спрабавала выгадаваць, а дзяржава была нібыта не супраць (бо гэта сімпатычна выглядала, Нясвіж, помнікі Сапегу), — гэта ўсё раптам стала сімвалам грамадства.

І зараз яны на гэта нападаюць, бо на гэта зручна нападаць, бо ёсць напрацаваныя метадычкі, у рускіх шавіністаў. Крытыка ідзе звычайна па ўжо падрыхтаваных каналах. І ідэолагі такім чынам б’юць па сваіх апанентах. Іх не дужа цікавіць Касцюшка, я думаю. Яны, можа, і на адкрыцці гэтага помніка былі. Яны каштоўнасць гісторыі не разумеюць, для іх гэта проста інструмент змагання з палітычнымі апанентамі.

— А як варта назваць цяперашнюю новую форму, якую набывае дзяржаўная практыка і структура з улікам апошніх хваляў рэпрэсіяў? Аналітыкі ўжо гавораць пра пераход ад аўтарытарызму — да таталітарызму альбо да фашызму…

— На жаль, мы ўсё больш падыходзім да параўнання з фашызмам альбо сталінізмам. Відавочная спроба пабудаваць дыктатуру дзеля захавання ўлады. Мы і раней параўноўвалі, але раней гэта было да канца не апраўдана. А цяпер сучасная Беларусь усё бліжэй да фашызму і сталінізму.

Іншая справа, што ў іх нічога не атрымаецца. Бо фашызм — гэта рэпрэсіі плюс моцная ідэалогія, якая ўсіх захоплівае. А ў нас рэпрэсіі ёсць, але моцнай ідэалогіі няма і быць не можа.

— Сапраўды, усе дыктатарскія рэжымы, ад левых да правых, мелі сваю ідэалогію: ад сацыялізму Кастра на Кубе ці апоры на ўласныя сілы, «чучхэ» ў Паўночнай Карэі — да кансерватыўных і рэлігійных каштоўнасцяў лацінаамерыканскіх дыктатараў ці Франка ў Іспаніі. Чаму рэжыму Беларусі, па-вашаму, не ўдасца пабудаваць уласную ідэалогію?

— Людзі павінны падтрымліваць тое, што робіць дзяржава, любыя рэжымы доўгатэрмінова трымаюцца толькі на згодзе, хаця б дастаткова істотнай часткі гэтых людзей. Сапраўды, усе дыктатарскія рэжымы XX стагоддзя трымаліся на пэўнай падтрымцы, якая дасягалася па-рознаму. Заўсёды была нейкая згода людзей, што менавіта так трэба. Была вера, што ўлада ўсё робіць правільна, вера, якой і блізка няма ў Беларусі.

— У Расіі, як падаецца, больш за палову грамадзян вераць, што вайна — гэта добра, Пуцін вялікі. Такі ў іх на сёння грамадскі кансэнсус (які, вядома, існуе да першай вялікай паразы). Чаму ў нас не можа быць гэтаксама?

— Бо ў нас іншае грамадства. У Расіі грамадства больш падтрымлівае рэпрэсіі і ўсё, што робіць улада. Беларусы непазбежна больш еўрапейскі народ, у нас людзі больш разумеюць, што такое самастойнасць, самаарганізацыя і ўплыў грамадства на дзяржаву. Мы, як паказаў 2020 год, гэтага хочам, хочам, каб дзяржава была ўладкаваная менавіта з улікам думкі грамадства.

— Цяперашні ўхіл у шавіністычны расійскі наратыў — гэта неабходная даніна Крамлю як галоўнаму спонсару мінскага рэжыму ці самадзейнасць асобных прарасійскіх прапагандыстаў?

— Ідэалогія — гэта не тое, што можна сесці і напісаць на аркушы паперы. Яна складаецца з таго, што ёсць, з гісторыі і геаграфіі. Да жніўня 2020 года была даволі ўтульная для ўсіх ідэалогія беларускай дзяржаўнасці, дзе была «Вялікая Айчынная вайна», а побач Радзівіл і Нясвіж. Але раптам, у разуменні ўлады, «Радзівіл здрадзіў». І трэба запоўніць пустку. І яны бяруць тое, што ёсць, найбліжэйшае. Найбліжэйшае — гэта корпус шавіністычных рускіх ідэяў. Я не думаю, што гэта нейкі хітры план.

— Але яны маглі б узяць нешта беларуска-савецкае. Расійска-шавіністычнае ва ўлады заўсёды выклікала пэўны недавер, яны ніколі гэта не прымалі так, як цяпер.

— Ведаеце, дзіўная штука атрымалася з «беларуска-савецкім». Яго дзяржава не змагла пераўтварыць у ідэалогію нават тады, на пачатку нулявых, калі было заданне. Яны запусцілі піянераў, БРСМ — але так і не змаглі стварыць з савецкай ідэнтычнасці нейкую ідэю, якая запальвала б, абнавіць яе.

А пасля 2020 года ўжо ніхто не ўзяўся будаваць гэтую складаную канцэпцыю адноўленай БССР, не да гэтага было. І яны ўзялі тое, што гарантавана магло па-хуткаму даць нейкі вынік. І гэта расійскі шавінізм. Тут зразумела, што гаварыць, зразумела, як будзе адгукацца. Таму яны гэта і ўзялі, у іх выбару не было.

Nashaniva.com

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера