Найти
18.10.2021 / 23:03РусŁacБел

«І факел я гэтак жыць, але ж неабходна». Новыя вершы паэтаў: Рудак, Сцебурака, Шчур

У новай рэальнасці найлепшыя беларускія творцы змяшчаюць свае новыя творы ў сацыяльных сетках.

Усевалад Сцебурака. Сузор’і

Нідзе
так
не стаіць Воз,
як над закінутай хатай.

Нідзе
так
не сумуе Серп,
як над полем нязжатым.

Нідзе
так
не гарыць Маладзік,
як у дзедавым садзе.

Нідзе
лепшага месца няма
зорцы, калі яна ўпадзе.

Паўсюль на гэтай адвечнай зямлі
на ручніках сузор'і.
У полымі, кроплях, слядах на раллі,
ў марозным ачэзлым голлі.

Ціша стаіць ці б'юць званы
праз балаты ці ўзгоркі.
Над гэтым краем стаяць яны —
Беларускія зоркі.

Антон Рудак. ***здароўе маё пакуль што без пераменаў…

здароўе маё пакуль што без пераменаў
хаця сярод родных даўно ўжо ўсім не да смеху
у сябе назіраю я толькі адно ўскладненне
бачу ў натоўпе твары тых хто ўжо з'ехаў

на ростанях між карпусоў і прыёмных пакояў
народзец рэкорды ўсталёўвае нездаровыя
кожны з нас носіць неба сваё з сабою
і пакрысе па аблоках яго выблёўвае

зранку нам страшна зноў зазіраць у навіны
зрэшты даўно ўжо без слёз глядзець немагчыма
сярод краявідаў кавідам забранай краіны
на гэты шпіталь інвалідаў вялікай айчыны

рукі ўмываем якія растуць са сракі
і не відна ніводная тут паходня
над цэлай радзімай гарыць аварыйны факел
і факел я гэтак жыць але ж неабходна

Макс Шчур. Лепшы свет

1. Гледзячы ў акно, стаю і думаю,
выжыве планета альбо не?
Калі ўжо чалавек жыць па-разумнаму
пачне?

Мы на Зямлі ніякія не ворагі,
яна наш лёс, няма другой у нас.
Навошта ж паўтараецца гісторыя
ўвесь час?

Я летуценнік,
я мару па жыцці.
Я веру ў лепшы свет,
што мае надысці.

Час да здзяйсненняў
ад мараў дарасці — расці!
Я летуценнік,
я мару па жыцці.

2. Гляджу на захад сонца, як і кожны з нас,
і веру, што світанне знак нам дасць,
і што нашчадкам пашанцуе больш за нас
хоць раз.

Я летуценнік,
я мару па жыцці.
Я веру ў лепшы свет,
што мае надысці.

Маліцеся вы да Хрыста ці Госпада,
да гэтага мне клопату няма.
Адно без аднаго капцы папросту нам —
а значыць, летуцелі мы дарма — ці не дарма?

3. Вось каб маглі мы ўрэшце супакоіцца,
пазбыцца пыхі, ханжаства і зла,
каб у нябыт старая міжусобіца
сышла!

Я летуценнік,
я мару па жыцці.
Я веру ў лепшы свет,
што мае надысці.

Час да здзяйсненняў
ад мараў дарасці — расці!
Я летуценнік,
я мару па жыцці.

Nashaniva.com

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера