Найти
28.05.2021 / 23:28РусŁacБел

«За родным домом 52 года присматривал брат. Верил, что они вернутся». И они вернулись

В 1936—1939 годах Испания пережила кровавую гражданскую войну. Убегая от нее, некоторые испанцы оказались в Беларуси. А потомки многих их них живут здесь и по сей день. С Аделаидой Ариас, внучкой испанского летчика, побеседовал Андрей Дмитренок.

Адэлаіда Арыас вырасла ў Мінску. Але бацькі і дзяды дома гаварылі па-іспанску. З сямейнага архіва Адэлаіды Арыас

У СШ № 3 Баранавіч ёсць незвычайны музей. Экспазіцыю пра вайну 1936—1939 гадоў у Іспаніі, да якой фармальна Савецкі Саюз не меў дачынення, але на практыцы актыўна ў ёй удзельнічаў, стварылі школьныя настаўнікі Паліна Татарыновіч, Валерый Варакса, Ніна Пташук і дырэктар школы Мікалай Шырко яшчэ за савецкім часам. Паміж Беларуссю і Іспаніяй тры тысячы кіламетраў, але зусім чужой нам тая вайна не была.

Sch3.baranovichi.edu.by

Еўрапейская катастрофа тады была яшчэ наперадзе, а пакуль адбывалася рэпетыцыя, падчас якой выпрабоўвалі новае ўзбраенне, а авіяцыя і артылерыя руйнавалі цэлыя гарады. 

No pasarán

Вядомы лозунг «No pasarán» («Яны не пройдуць») прыйшоў у беларускую і іншыя мовы менавіта ў 1930-я, у час Грамадзянскай вайны ў Іспаніі. Дэмакратычна абраным левым рэспубліканцам-атэістам супрацьстаялі мяцежныя правыя нацыяналісты-каталікі, якім дапамагалі Італія і Германія.

Савецкі Саюз падтрымліваў рэспубліканцаў, сярод якіх дамінавалі камуністы, але свой удзел хаваў як мог. Сёння такі фармат атрымаў назву «гібрыдная вайна».

Савецкія спецыялісты і вайскоўцы траплялі ў Іспанію пад выдуманымі імёнамі, па падробленых пашпартах, таемна пастаўлялася і зброя ды вайсковая тэхніка. Агулам у той вайне паўдзельнічала каля 2000 савецкіх грамадзян, з якіх загінула пры розных абставінах каля 200.

Падчас вайны рэспубліканцы афіцыйна звярнуліся да СССР з просьбай прыняць на захаванне частку залатога запасу краіны. У СССР было перавезена 510 тон золата. Але, як і ў выпадку з нашымі слуцкімі паясамі, што таксама былі ў свой час перавезеныя ў Расію для захоўвання, ніхто нічога вяртаць нават не збіраўся. Сталін сказаў: «Іспанцам не бачыць гэтага золата як сваіх вушэй». Падрабязней пра гэта чытайце ў артыкуле Аляксея Ластоўскага «Як беларусы перавезлі ў Маскву залаты запас Іспаніі» ў № 6/2019 «Нашай гісторыі».

І трапіў у Кіравабад

Калі нацыяналісты перамаглі, дзясяткі тысяч іх праціўнікаў эмігравалі. Каб уратаваць жыццё, рэспубліканцы расфармоўвалі атрады і перабіраліся ў Францыю. А адтуль ужо — хто куды мог. Некаторыя ехалі ў Лацінскую Амерыку, у ЗША. Члены іспанскай кампартыі часцей абіралі Савецкі Саюз. Сюды пераехала каля пяці тысяч іспанцаў.

Адэлаіда Арыас, унучка ўдзельніка Грамадзянскай вайны ў Іспаніі, якая цяпер жыве ў Мінску, расказвае: «Мой дзед, Антоніа Арыас, паходзіў з Мадрыда і быў адным з першых іспанскіх лётчыкаў. У 1936 годзе ён трапіў у савецкі горад Кіравабад, каб вучыцца на пілота. Цяпер гэта азербайджанскі горад Гянджа, ён знаходзіцца амаль на адной шыраце з Мадрыдам.

Бабуля — Адэла Дэльгада Рамэра — таксама з Мадрыда, яны нават жылі ў суседніх раёнах, але пазнаёміліся толькі ў Савецкім Саюзе, пасля вайны. Бабуля была ў дзіцячай арганізацыі кампартыі Іспаніі, дапамагала рэспубліканцам на барыкадах, працавала на работах у арміі.

Добраахвотнікі рэспубліканскай арміі. Тэруэль, 1938 год. Wikimedia Commons

Пасля заканчэння вайны разам з сям’ёй перабралася ў Францыю, дзе яны трапілі ў лагер для інтэрнаваных.

СССР для іх здаваўся ўзорнай краінай. Эмігрантаў пагрузілі на цеплаход «Марыя Ульянава» і пераправілі ў Савецкі Саюз, у Харкаў, дзе ўладкавалі працаваць на трактарны завод». 

Там і сустрэліся іспанцы Антоніа і Адэла.

Капітан буржуазнай арміі

«У канцы 1930-х іспанцам давялося вельмі хутка навучацца лётнай справе. Спачатку яны проста патрулявалі асобныя зоны, а потым удзельнічалі і ў баях: над Мадрыдам, над Тэруэлем, а таксама ў Каталоніі. 

Антоніа Арыас быў сярод першых лётчыкаў-рэспубліканцаў. З сямейнага архіва Адэлаіды Арыас

Не адразу, але іспанцы фарміравалі нават уласныя эскадрыллі. Мой дзед узначальваў адну з іх. Аднойчы ён збіў нямецкі самалёт над тэрыторыяй рэспубліканцаў. Лётчык скокнуў з парашутам дый павіс на дрэве. Вісеў і крычаў, каб яму паказалі рускага аса, які яго збіў. А ў той дзень савецкія лётчыкі зусім не падымаліся ў неба.

Калі пачалася вайна Германіі супраць СССР, Харкаўскі трактарны завод, а з ім і маю бабулю, перавезлі ў Казахстан, а дзед са сваёй лётнай кніжкай пайшоў добраахвотнікам у войска. Ён быў капітанам авіяцыі, але яму сказалі: «Прабачце, вы афіцэр буржуазнай арміі, таму будзеце пачынаць з ніжніх чыноў». Дзед скончыў вайну ў Баранавіцкім авіяатрадзе таксама ў званні капітана. У 1946 годзе ён дэмабілізаваўся і застаўся ў Баранавічах».

Родная мова

Яшчэ ў Азербайджане, на курсах пілотаў, Антоніа Арыас пачаў вывучаць рускую мову. Яго будучая жонка пачала вучыць рускую ў Харкаве ў інтэрнаце: разам са сваімі суседкамі яна вешала напісаныя лацінкай назвы прадметаў, якія іх атачалі, і паволі засвойвала. Але гаварыла яна заўсёды з вялікім акцэнтам.

Пражыўшы ў СССР дзясяткі гадоў, сям’я не пакінула сваю родную мову, іспанскую.

Спадарыня Арыас згадвае: «Дзед заўсёды адчуваў сябе іспанцам, які быў вымушаны жыць тут. Ён не быў чужым: на паліграфкамбінаце, дзе ён працаваў наладчыкам, яго партрэт вісеў на дошцы гонару, у Баранавічах дзед быў дэпутатам. Аднак нават я, яго ўнучка, адчувала сябе больш іспанкай, чым савецкім чалавекам.

Дзесьці ў 1996-м ці 1997- м я выпадкова пазнаёмілася з дзяўчынай, што была нашчадкам іспанскіх дзяцей, якіх СССР прымаў пасля вайны. Яна распавяла, што яе бабуля баялася гаварыць па-іспанску, бо большую частку яе сям’і выслалі ў Сібір без права перапіскі. У нас такога не было. У нашай сям’і ўсе ўвесь час гаварылі па-іспанску. Нават не ведаю, на якой мове я загаварыла раней».

Забыць пра вайну

Пра што ў сям’і стараліся забыць, дык гэта пра вайну. 

«У нас у сям’і было чацвёра дзяцей, мы раслі разам: мая родная сястра, стрыечны брат і стрыечная сястра. Дык вось, у майго брата не было не тое што цацачнай зброі, у яго не было нават звычайнага мяча. Дзед ніколі не купляў зброі. 

Пра вайну стараўся не распавядаць, апроч хіба што смешных побытавых момантаў ці нейкіх кур’ёзных выпадкаў падчас бою. Так, падчас аднаго з палётаў нешта пайшло не так — і дзед прызямліўся проста ў вінаграднік. Усе пабеглі глядзець, што з ім здарылася, — думалі, што знойдуць труп, а ён спакойна стаяў і еў вінаград. 

Яшчэ дзед узгадваў, як лятаў разам з Сяргеем Грыцаўцом. Пэўны час яны вельмі сябравалі. Калі дзед пасля ранення збег са шпіталя, Грыцавец падарыў яму свой шлемафон. На жаль, пасля Іспаніі дзядуля больш з ім не бачыўся».

Сяргей Грыцавец, першы ў гісторыі двойчы Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся 6 ліпеня 1909 года ў вёсцы Бараўцы пад Баранавічамі. Быў лётчыкам-знішчальнікам, камандзірам знішчальнага авіяпалка. Падчас Грамадзянскай вайны ў Іспаніі збіў больш за 30 самалётаў, прычым 6 з іх за адзін дзень. Таксама вызначыўся ў баях з японцамі на рацэ Халхін-Гол: прызямліўся за параненым камандзірам, на вачах у ворага забраў яго і падняўся ў паветра. Загінуў у 1939 годзе ў авіякатастрофе ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці. Больш пра яго гл. у артыкуле Мікалая Кавалёва ў № 11/2019 «Нашай гісторыі». Wikimedia Commons

Жылі з асцярогай

«У нас у першых у доме з’явіўся тэлефон, і суседзі хадзілі да нас тэлефанаваць, — прыгадвае спадарыня Адэлаіда. — Неяк адна з суседак прыйшла і пачала вярзці нейкую лухту наконт дня нараджэння Гітлера і што будуць нейкія непарадкі. А гэта было задоўга да перабудовы. Дзед проста адключыў тэлефон і папрасіў яе выйсці ды больш да нас не звяртацца. Відаць, падазраваў, што тэлефон праслухоўваецца.

Антоніа і Адэла: такія іспанскія твары. З сямейнага архіва Адэлаіды Арыас

Я ведаю, што ён дакладна слухаў іспанскае радыё, але нам пра тое не казаў. Аднойчы ўляцела да яго ў пакой — а там радыё на іспанскай. «Што гэта такое? Я таксама хачу паслухаць!» А дзед выключыў і сказаў, што слухае маскоўскія навіны на іспанскай.

У 1970-х у Іспаніі сталі штогод ладзіць сустрэчы лётчыкаў-рэспубліканцаў. Дзед наведваў іх і, канечне, бачыў розніцу паміж эфектыўнасцю капіталістычнай і сацыялістычнай сістэм — але маўчаў.

Мы размаўлялі пра жыццё ў Іспаніі, пра нейкія дзіцячыя ўспаміны — не пра палітыку. Відаць, што падобнае было і з астатняй іспанскай дыяспарай. У Мінску было каля 10 чалавек, адзін з іх таксама лётчык. Дарослыя і некаторыя іспанскія «дзеці вайны» збіраліся на Трактарным заводзе ў Доме культуры». 

Да пачатку 1990-х клуб распаўся. Іспанія стала развіваць праграму па рэпатрыяцыі, усім, хто пакінуў краіну пасля вайны, вярталі грамадзянства і давалі грамадзянства іх сем’ям. Іспанцы пачалі з’язджаць.

Больш не патрэбна было дабівацца дазволу на выезд на кожнага члена сям’і, нават непаўналетняга. Нарэшце можна было пакінуць СССР свабодна, не запаўняючы ніякіх паперак.

Дранікі і тарцілья

«Сіеста на халодных тэрыторыях нібыта і не патрэбная: гэта адпачынак у самы гарачы час, калі немагчыма рабіць у полі, таму гэтай традыцыі не трымаліся. Але ў доме ў нас увесь час гучала іспанская музыка: дзед прывозіў з Іспаніі касеты Манола Эскабара, Марыі Хесуса Градаса Вентуры, Лаліты Торэс, а таксама фламенка. 

Паколькі дзед ездзіў у Іспанію, то ў мяне заўсёды было фірмовае адзенне, лялькі, канцтавары ды іншая дробязь, якую толькі можна правезці ў самалёце.

Прывозіў ён, натуральна, і хамон. 

З беларускай кухні мы елі дранікі і боршч, з іспанскай — гатавалі амлет з бульбай (тарцілью). Бабуля гатавала адаптаваную паэлью. Рыбы і тым больш морапрадуктаў было не дастаць, таму яна дадавала ў яе мяса — і атрымлівалася такая сумесь плову і паэльі. Пілі піва, віно і вельмі мала гарэлкі. Выключэннем былі іспанская анісаўка і лікёр. А яшчэ дзед навучыў мяне традыцыі carajillo — піць каву з каньяком. 

Новы год сустракалі тройчы: па тутэйшым часе, па іспанскім і па кубінскім, бо там жыла цётка. Тэлефанавалі ёй на Кубу. Таксама мы трымаліся традыцыі 12 вінаградзін. Праўда, у савецкі час вінаградзіны часцей за ўсё даводзілася замяняць мандарынамі. З 5 на 6 студзеня ў нас было дзіцячае свята Reyes Magos (Тры каралі)».

Іспанцы сустракаюць Новы год пад бой вежавага гадзінніка на мадрыдскай плошчы Пуэрта-дэль-Соль. З кожным ударам з’ядаюць па вінаградзіне: на поспех і ўдачу. Depositphotos.com by Alexsalcedo

Іх чакаў дом

«У святле таго, што і тэлефон праслухоўваўся, і магчымасці выехаць усёй сям’ёй не было, зразумела, дзед не мог не вярнуцца з паездкі ў Іспанію, каб не падвяргаць рызыцы тых, хто заставаўся. Але яны прагнулі вяртання на радзіму. Як толькі стала магчыма, яны спакавалі рэчы і з’ехалі».

Мадрыд. Антоніа і Адэла дома. З сямейнага архіва Адэлаіды Арыас

Антоніа і Адэла вярнуліся на радзіму. У Іспаніі іх чакалі сваякі, сябры і родны дом, які ўвесь гэты час даглядаў брат: не губляў веры, што яны вернуцца. Іспанскі ўрад прызначыў ім добрыя пенсіі: не паглядзеў, што былі ў эміграцыі, як за поўны працоўны стаж.

Цікава, што старэйшае пакаленне, хоць і расчаравалася ў СССР, але на выбарах працягвала галасаваць за «левых» — а вось дзеці і ўнукі ўжо мелі іншыя палітычныя прыхільнасці.

Андрэй Дзмітранок

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930