Найти
23.05.2021 / 12:04РусŁacБел

Акуна Матата! Занзибар это не только секс без обязательств

Многие едут в Африку в поисках секса без обязательств. Но остров Занзибар — это еще и чистейший океан, родной дом Фредди Меркьюри, переплетение африканского и арабского наследия и возможность отключиться от ковидной тревоги. Только туристам здесь нужно быть бдительными, пишет Змитер Касперович. 

Depositphotos.com.

У час пандэміі ўсходнеафрыканская дзяржава Танзанія з’яўляецца адной з нешматлікіх краін, куды для беларусаў адкрыты ўезд. Самым танным спосабам наведаць архіпелаг Занзібар, што ўваходзіць у яе склад, аказаўся турпакет з Кіева: 1000 долараў на чалавека з пражываннем у чатырохзоркавым гатэлі і віза за 50 долараў проста ў аэрапорце. У рэальнасці, праўда, гатэль не дацягваў да дзвюх зорак, а па прылёце давялося даплаціць яшчэ 50 долараў зверху, каб не згубіць тры гадзіны ў чэргах на мытню і да памежнікаў. У Афрыцы так часта бывае.

Занзібар — архіпелаг з 75 астравоў у Індыйскім акіяне, каля ўсходняга ўзбярэжжа Афрыкі. Агульная яго плошча — 2654 км2, што прыблізна роўна плошчы буйнога беларускага раёна, накшталт Лунінецкага ці Рэчыцкага. У 1964 годзе Занзібар аб’яднаўся з Танганьікай у супольную дзяржаву, назву якой склалі з дзвюх: Танзанія. Большая частка архіпелага складае аўтаномію ў складзе Танзаніі з уласнымі парламентам, прэзідэнтам, сцягам і сталіцай у аднайменным горадзе Занзібар. 

 Без праблем

Пасля дыснэеўскага мультфільма «Кароль Леў» 1994 года фраза «Акуна матата!» (літаральна «Ніякіх праблем!», «Не бяды!») стала брэндам, які прадае. Ужо ў аэрапорце Занзібара ёй сустракаюць турыстаў, і надалей вы будзеце чуць яе без перапынку — разам з прапановамі купіць экскурсію, сувенір або марыхуану.

Афіцыйная мова Занзібара — суахілі. Таксама тут гавораць на іншых мовах банту і варыянтах арабскай мовы, і ўсюды разумеюць англійскую. Але менавіта гэты выраз на суахілі ўвасабляе мясцовую філасофію жыцця.

«Акуна матата» — гэта адначасова і «Рады вітаць», і «Без праблем», і «Не парся», і «Мне ўсё адно», і «Ды не дуры сабе галавы». «Не працуе душ? Акуна матата, дружа!» Гэта частка мясцовай культуры: не зважаць на праблемы і, адпаведна, не вырашаць іх.

Аўтар гэтага артыкула Зміцер Каспяровіч з мясцовым жыхаром на фоне баабаба ў нацыянальным парку Мікумі ў кантынентальнай Танзаніі. З архіва аўтара

Любы турыст для мясцовых жыхароў — гэта «мзунгу», што значыць «замежнік, нетутэйшы», а таксама «чужынец, у якога шмат лішніх грошай». Таму цэны для турыстаў тут будуць у тры-пяць разоў большыя, чым для сваіх. Нажывацца на турыстах — звычайны для ўсёй Афрыкі спосаб зарабіць.

 Каменны Горад

У Каменным Горадзе сталіцы Занзібара. З архіва аўтара

Каменны Горад — старая частка сталіцы Занзібара. Гэта архітэктурная пярліна архіпелага, яна знаходзіцца ў спісе аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Арабскія кварталы заварожваюць сваёй аўтэнтычнасцю. Дзясяткі мячэцяў, каталіцкія і пратэстанцкія храмы, Стары порт, палац султанаў — гэта толькі невялікая частка аб’ектаў, якія варта тут паглядзець. Перасоўвацца па вузкіх вулачках можна толькі пешшу.

Раз-пораз сустракаюцца знакамітыя занзібарскія дзверы з шыпамі на ўваходах у дамы. Кожныя дзверы — прадмет мастацтва. Колісь шыпы служылі для абароны жытла ад сланоў, якіх цяпер на архіпелагу, на жаль, не засталося.

Фрэдзі Мэрк’юры

На Занзібары ў 1946 годзе нарадзіўся слынны саліст гурта Queen Фрэдзі Мэрк’юры. Яго сапраўднае імя было Фарух Булсара, ён нарадзіўся ў іранска-індыйскай сям’і. У ягоным доме ў Каменным Горадзе цяпер знаходзіцца музей спевака, а каля дома ў дзённы час заўсёды таўкуцца дзясяткі турыстаў.

Фарух Булсара ўцёк з Занзібара ў Брытанію разам з сям’ёй у 1964 годзе, падчас рэвалюцыі. Турыстычны культ Мэрк’юры на Занзібары неяк спалучаецца з татальнай нецярпімасцю да геяў — аднаполыя адносіны тут лічацца злачынствам і караюцца аж да пажыццёвага зняволення. Depositphotos.com by Buurserstraat38, Stylepics.

У цэнтры Каменнага Горада і на прылеглых да яго вуліцах — рынак, дзе прадаюць садавіну і гародніну. Экзатычныя для нас рамбутаны, маракую, дурыяны ды іншае тут можна купіць літаральна за капейкі.

Яшчэ нядаўна турыстычнай адметнасцю быў Дом цудаў (Бейт-аль-Хукум): палац, пабудаваны ў 1883 годзе для другога султана Занзібара як парадны. Домам цудаў яго назвалі праз тое, што гэта быў першы будынак на Занзібары, у якім была электрычнасць, і першы ва Усходняй Афрыцы, у якім быў ліфт. У пачатку 2000-х у будынку зрабілі Музей культуры суахілі, але 25 снежня 2020 года ён часткова разбурыўся. Ідзе рэканструкцыя.

Дом цудаў, фота 1907 года. Wikimedia Commons

 Дом цудаў, фота 1 студзеня 2021 года. Wikimedia Commons

Жывы тавар

Рынак рабоў — раён Каменнага горада, з якім звязана самая ганебная частка гісторыі Занзібара. Ад часоў позняга Сярэднявечча да 1873 года (год адмены рабства) востраў быў асноўнай перавалачнай базай гандлю рабамі для ўсёй Усходняй Афрыкі. Сотні тысяч рабоў прайшлі праз невыносныя пакуты ў чаканні адпраўкі ў розныя часткі свету.

У пачатку ІІ тысячагоддзя нашай эры Занзібар быў зручнай, абароненай гаванню для гандлю спецыямі ды слановай косткай і расцвіў менавіта як порт. У 1503—1504 гады ён стаў часткай Партугальскай імперыі, і гэта партугальцы ў сярэдзіне XVII стагоддзя распачалі тут надзвычай прыбытковы гандаль рабамі. У 1698 годзе Занзібар трапіў пад кантроль арабскага султана Амана. І наступныя два стагоддзі транзіт жывога тавару праз Каменны горад толькі рос.

Ад позняга Сярэднявечча да 1873 года востраў быў перавалачнай базай гандлю рабамі для ўсёй Усходняй Афрыкі. Сотні тысяч людзей прайшлі тут праз невыносныя пакуты. Праз год пасля адмены рабства брытанцамі на плошчы Рынку рабоў пачалі будаваць вялікі англіканскі сабор. Цяпер побач з саборам знаходзіцца манумент: у квадратнай яме ў поўны рост стаяць пяць постацяў. Depositphotos.com by Giuseppemasci.me.com

Праз год пасля адмены рабства брытанцамі на плошчы Рынку рабоў пачалі будаваць вялікі англіканскі сабор. Цяпер побач з саборам знаходзіцца манумент: у квадратнай яме ў поўны рост стаяць пяць фігур закаваных у ланцугі рабоў. 

Джуліус Ньерэрэ

Першым кіраўніком Танзаніі быў Джуліус Ньерэрэ (Jiulius Nyerere). Яго тут шануюць як бацьку нацыі, хоць не ўсе з гэтым згодныя.

У параўнанні з многімі іншымі афрыканскімі кіраўнікамі, Ньерэрэ не быў жорсткім дыктатарам і не вылучаўся ні эксцэнтрычнасцю, ні клептаманіяй Мабуту Сэсэ Сэка (Заір), Жана Бедэля Бакасы (Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка) ці Ідзі Аміна (Уганда). Жыў сціпла і паслядоўна рэалізоўваў свае ідэі. Танзанія — адна з нешматлікіх краін Афрыкі, дзе дзяржаўная мова — суахілі, а не каланіяльная.

Сфарміраваны пад уплывам заходніх левых ідэй, Ньерэрэ спрабаваў пабудаваць у Танзаніі сацыялізм з афрыканскім абліччам. У Ньерэрэ спалучаўся і сацыяліст, марксіст, і афрыканскі нацыяналіст. Ён трымаў дыстанцыю ад СССР і балансаваў між Кітаем і левымі еўрапейскімі ды амерыканскімі лідарамі. Многія з яго эканамічных ідэй, напрыклад калектывізацыя і ўзбуйненне вёсак, не спрацавалі. А вось развіццё адукацыі і аховы здароўя, наадварот, мелі пазітыўны ўплыў на развіццё краіны.

«Вы не можаце развіць людзей. Але вы абавязаныя дазволіць людзям развівацца», — любіў паўтараць Ньерэрэ, які шмат пісаў і перакладаў, у тым ліку Уільяма Шэкспіра, на суахілі.

Ён быў самабытным марксісцкім філосафам, ягоная тэорыя называецца «Уджамаа», што перакладаецца як «сямейнасць» — такі «афрыканскі шлях развіцця сацыялізму абшчыннага тыпу»

Ньерэрэ кіраваў краінай з 1961 да 1985 года, пасля чаго ў 63 гады перадаў уладу пераемніку, аднапартыйцу Алі Хасану Мвіньі — не так і часта такое здараецца ў краінах трэцяга свету. Пражыў ён у адстаўцы — на радзіме — да 1999 года. Яго шануюць як Mwalimu — на суахілі гэта значыць «настаўнік». А прэзідэнты Танзаніі пасля таго, дарэчы, хоць заўсёды і належаць да адной, заснаванай Ньерэрэ ў 1977 годзе партыі Чама Ча Мапіндузі (Рэвалюцыйная партыя), рэгулярна мяняюцца, адбыўшы пры ўладзе два прадугледжаныя Канстытуцыяй тэрміны. Цяперашні лідар Джон Магуфулі, які кіруе з лістапада 2015 года, для Танзаніі ўжо пяты прэзідэнт.

На нагах тут носяць самаробныя сандалі, змайстраваныя на падэшвах з аўтамабільных шын. І тыповыя яркія бранзалеты. Deposiphotos.com by Olegdoroshenko

У цэлым сацыялістычная Танзанія не перажыла эканамічнага цуду. З чым, праўда, параўноўваць у Афрыцы? Напэўна, аб’ектыўна можна — з суседняй Кеніяй, якая рабіла стаўку на капіталізм і сувязі з ЗША і Брытаніяй. На сёння Кенія прыкладна ўдвая абганяе Танзанію па сваім эканамічным узроўні. З другога боку, марксісцкі эксперымент суседняга Мазамбіка, які выбраў арыентацыю на СССР, прывёў да грамадзянскай вайны. Сёння Мазамбік удвая бяднейшы за Танзанію.

Нягледзячы на пачатак здабычы газу на шэльфе і яго гіганцкія запасы, Танзанія пакуль што яго не экспартуе, а ўвесь выкарыстоўвае на ўласныя патрэбы для выпрацоўкі электрычнасці. У той жа час на экспарт ідуць золата і многія прамысловыя тавары, а таксама тытунь, рыба, кава, арэхі кеш’ю і прыправы. 

Архіпелаг Занзібар таксама называюць астравамі спецый: тут вырошчваюць мускатны арэх (на фота), карыцу, гваздзік і чорны перац. Deposiphotos.com by Mbruska

Самалётам на сафары

У аўтаномію Занзібар уваходзяць два буйныя астравы: Пемба і Унгуджа (Занзібар), а таксама шматлікія ненаселеныя выспы. Трэці населены востраў (Мафія) і рэшта архіпелага Занзібар уваходзяць у склад Аб’яднанай Рэспублікі Танзанія непасрэдна. У кантынентальнай частцы Танзаніі размешчаныя такія геаграфічныя выбітнасці, як найвышэйшая гара Афрыкі — вулкан Кіліманджара — і азёры Вікторыя і Танганьіка.

Палёт на самалёце ў нацыянальны парк Мукумі каштаваў мне 350 долараў. З архіва аўтара

У раёне Старога порта можна арандаваць лодачку і дабрацца на ёй да Prison Island, выспы, на якой была пабудаваная турма, якая ніколі не выкарыстоўвалася паводле прызначэння. Выспа вядомая папуляцыяй сейшэльскіх гіганцкіх чарапах, узрост некаторых пераўзыходзіць 150 гадоў, а памер панцыра — больш за 1,5 метра ў дыяметры.

Яркім уражаннем для мяне было падарожжа на сафары з Занзібара ў кантынентальную Танзанію. Самы танны варыянт, які я знайшоў, — аднадзённы самалётны тур у нацыянальны парк Мікумі (350 долараў). Выгодна, што самалёт прызямляецца адразу ў парку і застаецца больш часу на агляд жывёл у жывой прыродзе.

Мне ўдалося пабачыць ільвоў, жырафаў, сланоў, гіпапатамаў, кракадзілаў, барадавачнікаў, зебраў.

 

Рэальны жыраф каля самай дарогі. Depositphotos.com by Daveprimov

Васьміногі і лобстары

Кошт вячэры без алкаголю на адну асобу ў самай просценькай кавярні пачнецца ад 10 долараў. Затое напоі можна прыносіць з сабой (звычайна гэта каньягі — джын мясцовай вытворчасці, 4 долары за паўлітра).

Смажаныя шчупальцы васьмінога з рысам. Да рыбы і прадуктаў мора тут падаюць кавалак лайма. Depositphotos.com by Olegdoroshenko

У меню вы знойдзеце па адной-дзве стравы з курыцы і ялавічыны, астатняе — гэта морапрадукты. Вось стандартны спіс амаль любой рэстарацыі: васьміног смажаны, васьміног на грылі, васьміног у какосавым малацэ, кальмары смажаныя і на грылі, лобстары, крэветкі. Таксама розная рыба: баракуда, дарада, акула, тунец. Усё гэта з бульбай фры альбо з рысам.

Васьмінога варта пакаштаваць: гэта вельмі смачна. 

Небяспечныя вожыкі

Турысты прыязджаюць на Занзібар у першую чаргу дзеля чысцюткага акіяна, беласнежных пляжаў і цёплага надвор’я. Рай на зямлі — так можна ахарактарызаваць гэтае месца на карце свету. З папраўкай: не ў залеўны сезон.

Час у Занзібары супадае з беларускім. Джэтлагу не будзе. Depositphotos.com by Shalamov

Самае небяспечнае — захварэць на малярыю, і ў сезон залеў на тое найболей шанцаў. Вакцыны ад яе няма. Менавіта таму турысты спяць пад балдахінамі з сетак — нават у сухі перыяд, калі маскітаў вобмаль.

Іншая небяспека для светласкурага турыста на Занзібары — сонца. Архіпелаг знаходзіцца ў паўднёвым паўшар’і, даволі блізка да экватара. Крэмам трэба карыстацца абавязкова, SPF 50 і вышэй. А лепш — хавацца пад парасонам: за грошы яго паставяць там, дзе вам зручна.

Яшчэ адна небяспека — марскія вожыкі. Наступіць на такога падчас адліву вельмі проста, а вось каб выняць яго калючкі, папамучыцеся. Яд марскога вожыка не смяротны, але можа выклікаць алергію і анафілактычны шок, а калі іголкі з завусеніцамі засядуць глыбока, давядзецца ісці да афрыканскага хірурга. 

Ёсць дах, але няма вокнаў

Турызм — асноўная крыніца даходаў для аўтаноміі, і дзякуючы гэтаму начныя клубы для турыстаў тут — бяспечнае месца.

Масаі прадаюць на пляжах усялякія афрыканскія сувеніры. Depositphotos.com by Olegdoroshenko

Начны клуб на Занзібары ўяўляе сабой будынак на па´лях на беразе акіяна. Такая тыповая мясцовая архітэктура: у будынка ёсць дах, але няма вокнаў. Удзень ён можа выкарыстоўвацца як рэстарацыя.

Уваход для белага чалавека каля 5 долараў у эквіваленце. На барнай стойцы можна купляць выпіўку, вельмі нятанную (40 мл рому — 3 долары, кактэйль — 6—8 долараў). Іграе жывая музыка (барабаны), якая мяняецца на звычайную клубную.

Еўрапейскія жанчыны з афрыканцамі, апранутымі пад масаяў. Depositphotos.com by Olegdoroshenko

Мясцовыя жыхары зусім не супраць знаёмстваў з турыстамі. Парачкі — звычайная карціна: белы мужчына каля 50 гадоў у суправаджэнні 20—25-гадовай мясцовай жыхаркі альбо белая жанчына за 40 з маладым «масайчыкам». Сапраўдных масаі, праўда, на Занзібары няма: гэта качавое племя ў Кеніі і Танзаніі. У іх славутую чырвоную вопратку тут убіраюцца ахоўнікі і проста маладзёны: мабыць, яна добра «прадае». 

Жыццё з пляжа

Занзібар — гэта краіна трэцяга свету. Сярэдні заробак чалавека, які працуе «ў полі», каля 30 долараў на месяц — кошт аднаго абеду для дваіх турыстаў без алкаголю.

Занзібарцы жывуць у мураваных аднапавярховых дамах без выгод, могуць спаць проста на падлозе. Увечары мясцовыя альбо ідуць у мячэць, альбо збіраюцца на тэлевізар: нярэдка — адзін на вёску. Яго выстаўляюць на вуліцу і ставяць перад ім крэслы.

Зялёная чарапаха ў празрыстай вадзе. Depositphotos.com by Kjorgen

Што новага для тых, хто звык да Чорнага і Балтыйскага мораў, — гэта моцныя прылівы і адлівы. Турыста адліў можа паставіць у нязручнае становішча, калі ўвечары ты ідзеш у начны клуб па беразе акіяна, а вяртацца мусіш па пояс у вадзе.

У той жа час прылівы і адлівы — крыніца даходаў для тутэйшых. Уздоўж берагоў архіпелага створаныя цэлыя фермы: проста ў пясок, нацягнуўшы вяроўку між дзвюма палкамі, жанчыны высаджваюць каштоўныя водарасці, багатыя на натуральныя загушчальнікі — агар-агар і карагінаны.

Жанчыны збіраюць ураджай водарасцяў. Wikimedia Commons

У час адліву можна хадзіць па дне акіяна і назіраць за жыццём розных марскіх стварэнняў: напрыклад, марскіх зорак, якіх свабодна можна браць у рукі. А пакуль вы ў час адліву разглядаеце марскія стварэнні, мясцовыя на пляжах працуюць: збіраюць акіянскіх рачкоў і васьміногаў — магчыма, вам жа на вячэру. 

Зміцер Каспяровіч

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
мартапрельмай
ПНВТСРЧТПТСБВС
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930