Найти
01.01.2022 / 17:50РусŁacБел

Брестский мир, суп из бычьих хвостов и таинственный Ворон. Откройте неизвестный для себя Брест

Появился гид по местам, связанным с историей украинцев в городе над Бугом. Захватывающе! Поедете в Брест — воспользуйтесь. Некоторые его занимательные страницы пересказал журнал «Наша гісторыя».

Вуліца Савецкая, 104 у Берасці. Звярніце ўвагу на надпіс над аркай: «в 1929 р», дзе «р» значыць «року» — «годзе» па-беларуску. Фота Рыгора Купрыяновіча.

На пешаходнай вуліцы Савецкай у Берасці над аркай дома №104 захаваўся рэльеф «в 1929 р». Што за «р» такое? «Р» азначае «рік», «год» па- ўкраінску — мясцовы жыхар так абазначыў шчаслівы для сябе момант будоўлі. Такіх мілых слядоў мінулага разнамоўя ў гарадах Беларусі засталося зусім мала. Пад гэтай аркай і нарадзілася ідэя гіда. Цяпер ён налічвае 80 пунктаў.

Вуліца Савецкая: украінцы і яўрэі

У канцы 1920-х гарадскія ўказы, аб’явы і распараджэнні выходзілі ў Берасці не толькі на дзяржаўнай польскай мове, але і па-ўкраінску. Гэтага дамаглася партыя «СельРоб» (Украінскае сялянска-работніцкае сацыялістычнае аб’яднанне), якая карысталася ў рэгіёне вялікай папулярнасцю.

Аднаго з яе лідараў, Івана Парэнюка, берасцейцы выбралі дэпутатам гарадской рады, і ён змог дамовіцца з большасцю прагаласаваць за такое рашэнне. Прытым большасць рады тады складалі яўрэі.

Аб'явы магістрата павінны выходзіць і па-польску, і па-ўкраінску, пастанавіла гарадская рада Берасця ў 1927 годзе (на фота адна з такіх аб'яў). Брэсцкі абласны архіў, адшукаў і надаў для публікацыі Андрэй Варабей.

У міжваенны час украінцы і яўрэі Берасця не раз выступалі адзіным фронтам у апазіцыі да польскіх уладаў.

Так, Абрам і Майсей Сарверы, уладальнікі Тэатра Сарвера (Свярдлова, 4), давалі сваю сцэну мясцовым украінцам для імпрэз. На гэтай сцэне выступаў і Васіль Аўраменка — балетмайстар, які ўзвёў украінскі танец у ранг сусветнага мастацтва. Ён паказаў у Берасці майстар-клас, балет і канцэрт украінскіх танцаў у суправаджэнні хору «Просвіты» (гэта папулярная ў тагачаснай Заходняй Украіне ўкраінская культурна-асветніцкая арганізацыя мела шматлікія аддзелы і на Берасцейшчыне).

Васіль Аўраменка выступаў з украінскімі танцамі нават у Белым доме і нью-ёркскай Метраполітэн-оперы. Wikimedia Commons. 

Берасцейскія яўрэі паўплывалі і на лёс самога Аўраменкі. Па адрасе Савецкая, 101 знаходзіцца найстарэйшая з дзейных аптэк горада. Будынак у стылі мадэрн праектаваў архітэктар Саламон Грынберг для жонкі (дарэчы, Фаня Грынберг стала першай жанчынай-правізарам, што выпусцілася з Кіеўскага ўніверсітэта). А будавалі яго ўкраінцы з Запарожскай дывізіі арміі УНР, у тым ліку і балетмайстар Аўраменка. Гэта быў адзін з першых у горадзе будынкаў такой вышыні (да Першай сусветнай дазвалялася ўзводзіць толькі на два паверхі, каб у выпадку чаго цяжэй было абстрэльваць крэпасць).

Дом з аптэкай на Савецкай. Фота Рыгора Купрыяновіча.

Рэч у тым, што пасля падпісання ў 1921-м Рыжскага дагавора паміж Польшчай і Савецкай Расіяй воіны арміі УНР былі змешчаныя ў спецыяльныя лагеры ў Польшчы. Ім дазвалялі выязджаць адтуль толькі на працу. Таму яны ахвотна наймаліся на будаўніцтва, у тым ліку ў разбуранае Берасце. Менавіта ў Берасці афіцэр Аўраменка і яго саслужыўцы атрымалі дакументы, а значыць — свабоду ездзіць па краіне і выязджаць за мяжу. Ён успамінаў, што купілі адзін касцюм на ўсіх, і ў гэтым касцюме па чарзе хадзілі фатаграфавацца. А атрымаўшы дакументы, на радасцях танцавалі гапака.

На школу збіралі калядаваннем

Знакавы будынак — дом на Пушкінскай, 102. Тут у 1920—1930- я гады дзейнічала чатырохкласная прыватная ўкраінская школа імя Алексы Старажэнкі. Дом належаў бацькам аднаго з вучняў, і сям’я ахвяравала яго пад школку. Гэта была ў той час адзіная прыватная ўкраінская школа за межамі «ўкраінскага П’емонта» — Усходняй Галіччыны з цэнтрам у Львове.

Цяпер у доме на Пушкінскай, 102 жывуць людзі, а 90 гадоў таму была школа. Фота Рыгора Купрыяновіча.

Заняткі праводзіліся ў дзве змены. Колькасць навучэнцаў з году ў год вагалася ад 35 да 80.

Украінская супольнасць паспрабавала адкрыць і гімназію, але не ўдалося. Таму пасля чатырох класаў вучні ішлі ў польскія або, часцей, у прыватную рускую гімназію Берасця (цяпер будынак па Куйбышава, 11).

Крыніцай фінансавання школы былі бацькоўскія ўнёскі і ахвяраванні дэпутатаў сейма ды сенатараў. Сёе-тое прыносілі спектаклі ды калядаванне.

«Былі ахвяраванні ад прыватных асоб, — успамінаў адзін з лідараў міжваеннага ўкраінскага жыцця ў Берасці Васіль Дмытрыюк. — Адзін пан, уладальнік рэстарана ў Берасці, ахвотна даў 50 злотых, але з просьбай, каб яго імя не было абнародавана».

За гады існавання школы змянілася тры дырэктары. Апошнім быў Паўло Артэмюк, будучы епіскап Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Платон, якога летам 1934 года проста з дырэктарскага крэсла звезлі ў канцлагер у Бярозе-Картузскай. Пасля яго в. а. дырэктара стала Лідзія Гарбачова. Актыўная феміністка, яна брала ўдзел у Сусветным украінскім жаночым кангрэсе і нават напісала «Азбуку жаночага руху», якая выйшла друкам у 1937 годзе. «Пра якую свабоду можа думаць жанчына, калі яна сама рабыня ў сваім доме? — піша Гарбачова. — А адкуль прыйдзе мудрасць народу, калі палова народу (жанчыны) цёмная і неадукаваная? Хіба невук можа выхаваць, даць асвету іншым? Таму якія жанчыны — такі і народ!» — мудра адзначае Гарбачова.

Феміністка Лідзія Гарбачова, апошняя кіраўніца прыватнай украінскай школы, жыла ў доме па Куйбышава, 10. Фота з сямейнага архіва Аляксандры Гарбачовай.

Дырэктарка яшчэ паспела звазіць вучняў на экскурсію ў Львоў, а пасля польская ўлада закрыла школу. Але яна праіснавала 10 гадоў, і гэта пры пастаяннай канкурэнцыі з бясплатнымі польскімі школамі.

Банк і кааператывы

Пры аўтарытарным польскім рэжыме, калі многія праявы культуры і палітыкі былі пад забаронай, асноўнай сферай нацыянальнага жыцця стала эканамічная — кааператывы. Гэта недаацэненая частка гісторыі.

У 1920—1930-я гады ў сціплым зялёным дамку на вуліцы 17 Верасня, 39 размяшчаўся Украінбанк, які спецыялізаваўся на абслугоўванні сялян-кааператараў. Цяпер будыначак на рэстаўрацыі. Фота Уладзіслава Чаховіча.

Сяляне, аб’яднаныя ў кааператывы, бралі крэдыты, куплялі інвентар. Частка прыбыткаў ішла на культурную справу ў іх вёсках. У перыяд росквіту ва ўкраінскія кааператывы на Берасцейшчыне ўваходзілі 3,8 тысячы чалавек.

Пасля кааператыўных курсаў селянін станавіўся іншым чалавекам: ён не проста багацеў, а пачынаў па-новаму мысліць, успрымаў сябе гаспадаром і часткай сеткі.

Псеўданім Воран

На другім паверсе дома па Пушкінскай, 35, насупраць цэнтральнага рынку, у 1942—1943 гадах была яўка ўкраінскіх партызан. Ячэйку ўзначальваў чалавек пад псеўданімам Воран.

Мікола Казлоўскі, вучань украінскай Тэхнічнай школы (цяпер на тым месцы каледж і ліцэй чыгуначнага транспарту па Папаніна, 4), атрымліваў тут украінскую літаратуру, якую спрабаваў распаўсюджваць у горадзе і наваколлі. А хаваў яе пад страхой. Ён пазбег расстрэлу, бо гестапа не знайшло яго надзейную схованку.

У вайну ў гэтым дамку з дыхтоўнай аркай была канспіратыўная кватэра. Фота Рыгора Купрыяновіча.

Непадалёк, на скрыжаванні Гогаля і Савецкай, у часы акупацыі дзейнічаў Клуб украінскай моладзі, а пры ім — украінскае падполле. Як успамінала ў 1990- я кіраўніца клуба, піяністка Наталля Шыйко (у пачатку вайны ёй было 21), «прыйшлі хлопцы і сказалі: Наталка, ты грай, а мы будзем рабіць тое, што трэба». Адным з членаў падполля быў берасцеец Дмытро Лівай. Ён уцёк ад гестапа і перайшоў на нелегальнае становішча — стаў заўгаспам партызанскага атрада Украінскай паўстанцкай арміі «Помста Палесся», які здзейсніў адну з самых удалых аперацый украінскіх паўстанцаў: вясной 1943 года на дарозе Ковель — Роўна быў забіты нямецкі генерал, шэф спецаддзелаў СА Віктар Люцэ.

У канцы жыцця Лівай жыў у доўгім доме з блакітнымі балконамі па Маскоўскай, 340. Гэта быў чалавек з традыцыямі: кожную вечарыну ён пачынаў з песні «Реве та стогне Дніпр широкий», як тое было ў яго партызанскім атрадзе.

Мадэрнісцкія сядзібы

Фішка Берасця — яшчэ і дыхтоўныя міжваенныя сядзібы ў стылі канструктывізму.

Сапраўдным грамадскім цэнтрам быў двухпавярховы дамок па Гогаля, 19. Тут жыў Васіль Дмытрыюк — вядомы лекар, які працаваў у некалькіх бальніцах Берасця, у прыватнасці ў сучаснай бальніцы №1 на Граеўцы.

Гэты мілы дамок ледзь не ўзарваў польскі падпаручнік, якога раскватаравалі да Дмытрыюкоў у 1920 годзе. 

Сын селяніна з-пад Берасця (ягоная радзіма — Кастамалоты на левым беразе Буга, цяпер у Польшчы) Васіль Дмытрыюк стаў не толькі доктарам, але і палітыкам: у 1922 годзе ён атрымаў мандат дэпутата ў польскі сейм ад Берасцейшчыны.

Жонка Васіля Дмытрыюка Аляксандра была праваслаўнай актывісткай і першай кіраўніцай берасцейскага Саюза ўкраінак. Яе браты Васіль і Уладзімір Крыніцкія, вядомыя адвакаты, жылі побач, на плошчы Свабоды, 3, цяпер там паліклініка. Крыніцкія абаранялі ў польскім судзе шматлікіх палітычных актывістаў, у прыватнасці членаў Кампартыі Заходняй Беларусі.

У 1940 годзе братоў як кіраўнікоў «Просвіты» і Украінбанка арыштавала НКВД. Іх сем’і выслалі, а Васіль і Уладзімір, якім было 52 і 57 гадоў, апынуліся ў турме. 22 чэрвеня 1941 года ахова разбеглася, і людзі выйшлі на свабоду. А праз паўтара года браты трапілі ўжо ў нямецкую турму. Яны выжылі, і ў 1944-м змаглі выехаць у Польшчу.

Украінскі камітэт

Украінскі камітэт у час вайны знаходзіўся па Камсамольскай, 30. Члены камітэта займаліся справамі пачатковых школ, курыравалі Рамесную і Тэхнічную школы…

Тут у час апошняй вайны размяшчаўся Украінскі камітэт. Фота Рыгора Купрыяновіча.

Пры гэтым любыя палітычныя арганізацыі былі пад забаронай. За сувязь з украінскім падполлем каралі расстрэлам.

Быў такі Леанід Перавяртайла. Украінец-усходнік, у 1939-м яго сям’я прыехала ў Берасце з Канатопа на Сумшчыне. У 1941 годзе ён прасякнуўся ідэяй адраджэння ўкраінскай дзяржавы. Устанавіў сувязь з падполлем, распаўсюджваў улёткі. Немцы яго арыштавалі і забілі, а цела павесілі ў памяшканні Украінскага камітэта. Гэта быў знак мясцовым украінцам: вось, глядзіце, што бывае з тымі, хто ідзе супраць немцаў.

Крэпасць

Гід па Брэсцкай крэпасці налічвае 12 пунктаў. Крэпасць збудаваная на месцы старога горада. Там ёсць унікальны музей, дзе археолагі раскапалі тры вуліцы, 220 пабудоў ХІІІ стагоддзя, часоў Галіцка-Валынскага княства.

У Беларусі мала вядома, што і яно разам з Полацкім і Тураўскім з’яўляецца часткай нашай старажытнай гісторыі.

Галіцка-валынскі князь Уладзімір Васількавіч стаў самым значным кіраўніком Берасця за ўсю гісторыю. Ён пабудаваў не толькі Камянецкую вежу на мяжы з Вялікім Княствам Літоўскім, але і вежу ў Берасці (побач з музеем), і першы берасцейскі каменны храм.

Летапісец паказаў яго суперменам: «лицем красен, рукы же име красны и ногы» — з прыгожым тварам, рукамі, нагамі… Праўда, даў і рэалістычныя дэталі: нізкі голас і тоўстая ніжняя губа. Князь пражыў усяго 40 гадоў і памёр ад раку ніжняй сківіцы і гартані.

Украінская праваслаўная царква абвясціла яго святым благаверным князем. Ініцыятарам кананізацыі выступіў наш зямляк, берасцейскі ўкраінец Георгій Мусевіч, чэмпіён Беларусі па плаванні і заслужаны трэнер.

Крэпасць — яшчэ і месца стварэння Грэка-каталіцкай царквы. Побач са скульптурнай кампазіцыяй «Смага» ў 1596 годзе прайшоў сабор, які зацвердзіў унію Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў Рэчы Паспалітай. А яшчэ тут, пры Свята-Мікалаеўскай царкве, настаўнік са Львова Лаўрэнцій Зізаній напісаў знакавыя кнігі: першы царкоўна-славянскі буквар і першы слоўнік з перакладам царкоўна-славянскіх слоў на мову «рускую», гэта значыць беларускую і ўкраінскую (нашы мовы і цяпер маюць 80% агульнай лексікі, а ў XVI стагоддзі яе было больш). Кнігі выйшлі ў Вільні ў 1596 годзе.

У крэпасці месцілася і турма, у якой пры Польшчы адбываў пажыццёвае зняволенне Сцяпан Бандэра. «Брыгіткі» — у мурах былога манастыра ордэна брыгітак — сучаснікі жартам называлі «элітным курортам для вельмі важных персон».

Бандэра і іншыя зняволеныя ўцяклі 13 верасня 1939 года, калі пасля чатырохдзённай абароны ад нямецкіх войскаў палякі пакінулі ўмацаванні. Будынак былога манастыра, ацалелы ў вайну, быў падарваны ў 1955 годзе.

Цяпер большую частку тэрыторыі старога горада займае велічны мемарыял савецкіх абаронцаў крэпасці ў 1941-м.

Берасцейскі мір

Крэпасць — гэта і Берасцейскі мір 1918 года, падпісаны ў Белым палацы. На жаль, ад палаца засталіся толькі руіны, яго пашкоджаныя сцены разабралі падчас пабудовы мемарыяла, каб стварыць маляўнічыя руіны на падыходзе да цэнтральнага манумента.

Гэты мір азначаў прызнанне Украінскай Народнай Рэспублікі вялікімі дзяржавамі, яна была адным з бакоў на перамовах. У гонар 75-годдзя Берасцейскага міру ў Кіеве назвалі станцыю метро — «Берестейська».

Цікава, што пры пасярэдніцтве УНР на перамовы трапілі і дзеячы БНР. Украінцы запрасілі паняволеныя народы імперыі ўзяць удзел у перамовах у складзе іх дэлегацыі. І беларусы даслалі Янку Сераду ды Сымона Рак-Міхайлоўскага. Апошні вядомы як аўтар музыкі да песні «Зорка Венера».

З мілага: захавалася меню вячэры ў дзень падпісання міру. На закуску дэлегатам падавалі халодны паштэт з печані з маслам і падсмажаным хлебам, потым суп з бычыным хвастом, на другое яечню з вяршковым соусам і запечаную гуску з чырвонай капустай і бульбай. На салодкае — шчарбет, каву і торт.

Калі УНР прайграла вайну бальшавікам, воіны арміі УНР аказаліся ў бязвыхадным становішчы. У савецкай Украіне іх чакала турма ці расстрэл. І Польшча дазволіла ім перайсці мяжу ды пасяліцца на польскай тэрыторыі. Так 41 тысяча чалавек, эліта ўкраінскага грамадства, апынулася на эміграцыі. Лагер для інтэрнаваных стральцоў УНР размясцілі ў Берасці, магілы памерлых у той час можна пабачыць на Гарнізонных могілках.

Атрымаўшы дакументы, многія эмігранты з УНР пасяліліся ў Берасці.

Два класікі: чэкіст і паляўнічы

Паэт і чэкіст Дмытро Фалькіўскі быў адным з першых расстраляных у перыяд сталінскіх рэпрэсій. Wikimedia Commons.

З Берасцем звязаныя і два ўкраінскія класікі. Паэзію Дмытра Фалькіўскага вывучаюць ва ўкраінскай школе, называюць адным з найлепшых баталістаў і экспрэсіяністаў. Але на радзіме яго найперш ведаюць па вершы «Очерет мені був за колиску», які стаў народным рамансам:

Очерет мені був за колиску;
В болотах я родився і зріс.
Я люблю свою хату поліську…
Я люблю свій зажурений ліс…

Що там тропіки, що там пампаси? —
Загляніть-но у пущу до нас!..
Я оддав би за неї одразу
Ι Тібет, i Урал, i Кавказ…

Сялянскі сын з-пад Кобрына Дмытро Ляўчук — гэта сапраўднае прозвішча пісьменніка — перад Першай сусветнай скончыў берасцейскую гімназію (цяпер тут філфак БрДУ на вул. Міцкевіча, 28). У 1918 годзе пасля курсаў украіназнаўства (яны праходзілі ў Белым палацы) працаваў настаўнікам у родным сяле Вялікія Лепясы. Калі прыйшлі польскія войскі, ён сышоў у партызаны, адступіў разам з бальшавікамі і тры гады адслужыў у мінскай ЧК.

Пасля Ляўчук пераехаў з Мінска ў Кіеў і ўзяў сабе псеўданім. Працаваў у часопісе «Кіно». Перакладаў, у прыватнасці, беларускага паэта Язэпа Пушчу. Пра службу ў ЧК успамінаць не любіў. Ён усвядоміў бессэнсоўнасць ахвяр рэвалюцыі, вершы канца 1920-х проста сочацца раскаяннем.

Як член Саюза пісьменнікаў, ён узяў удзел у будаўніцтве Дома Раліт (гэта значыць работнікаў літаратуры). Але перад засяленнем яго раптам пазбавілі права на кватэру. Фалькіўскі ўзяўся за апеляцыі, справа дайшла да першага сакратара КП(б)У Паўла Постышава. У яго прыёмнай пісьменніка арыштавалі і, абвінаваціўшы ў арганізацыі замаху на першага сакратара, расстралялі.

А ў прыгарадзе Трышын, які цяпер стаў адным з раёнаў Берасця (гл. пра яго ў артыкуле Антося Дацкевіча ў № 6/2019 «Нашай гісторыі»), пражыў апошнія гады іншы класік, аўтар гумарыстычных апавяданняў Алекса Старажэнка (1806—1874) — той самы, у гонар якога пры паляках звалася ўкраінская школа. Дом яго згарэў, на тым месцы цяпер санаторная школа-інтэрнат (вул. Трышынская, 20).

Пісьменнік і прадвадзіцель берасцейскага дваранства Алекса Старажэнка. Wikimedia Commons.

Пісьменнік пераехаў у Берасце на пенсіі, у 1868 годзе. Служыў на пасадзе прадвадзіцеля мясцовага дваранства. Новыя апавяданні ён апрабоўваў на суседскіх хлопчыках і сваіх сябрах — берасцейскіх святарах.

Відавочцы ўспаміналі, што з чыноўнікамі і дваранамі ён размаўляў па-расійску, а да сялян звяртаўся па-ўкраінску. Старажэнка шмат маляваў, займаўся разьбярствам і граў на віяланчэлі. Любіў паказаць сілу: як сам пісаў, «згінаў двухгрывенныя і падымаў дзесяць пудоў» — значыць, выціскаў па 160 кг.

На Мухавец пісьменнік хадзіў паляваць на качак. Аднойчы ў час палявання зваліўся ў ваду, прастудзіўся і памёр. Быў нежанаты, дзяцей не меў. Прыбіранне магілы пісьменніка на Трышынскіх могілках — рытуал мясцовых украінцаў, які выконваецца з 1905 года па цяперашні час.

Трышынскія могілкі

Трышынскія могілкі — найстарэйшыя ў Берасці і адны з найстарэйшых у Беларусі. Яны з’явіліся ў сярэднія вякі на месцы гоцкіх пахаванняў. Тут захаваліся і сялянскія крыжы на валунах, і манументальныя помнікі гараджан. Захаваліся тут і помнікі берасцейцаў-украінцаў і асоб, звязаных з украінскім рухам.

Сярод іх протаіерэй Канстанцін Зноска, святар Свята-Мікалаеўскай царквы ў цэнтры горада. У міжваенны час ён здаваў домік ля храма ўкраінскай арганізацыі «Просвіта», выкладаў Закон Божы ва ўкраінскай школе і дапамагаў у арганізацыі ўкраінскіх свят у актавай зале рускай гімназіі.

Тут жа знайшоў спачын любімы спявак і кампазітар берасцейцаў, рэгент той жа царквы Васіль Пантэлэвіч, які павесіўся ў турме гестапа.

Тут знаходзяцца пахаванні эмігрантаў з Украінскай Народнай Рэспублікі. На іх магілах характэрныя помнікі — так званыя казацкія крыжы.

У 1993 годзе на могілках адкрылі помнік ахвярам рэпрэсій. Гранітную пліту з надпісам «Вечная памяць ахвярам палітычных рэпрэсій, бязвінна загіблым у турмах, лагерах, рудніках, лесапавалах, прыісках ГУЛАГ» і выявай жанчыны ў жалобе зрабіў мясцовы ўкраінец, кіраўнік маларыцкага філіяла «Просвіты» Уладзімір Харсюк. Гэты актыўны і аптымістычны чалавек таксама зведаў рэпрэсіі: яму, акцёру драмтэатра, у 1950-я гады прапанавалі сысці, паколькі яго мясцовы акцэнт «не адпавядае рускаму тэатру».

Жыхары Берасця прыбіраюць магілы на Трышынскіх могілках. Фота: prosvit.org

У наш час валанцёры кожную вясну, напярэдадні Вялікадня, арганізуюць на Трышыне акцыю «Ясныя вочы» — прыбіраюць магілы ўкраінскіх дзеячаў.

«Ясныя вочы» — бо прыбраць на магілах значыць адкрыць вочы продкаў, якія там ляжаць.

Nashaniva.com

Хочешь поделиться важной информацией
анонимно и конфиденциально?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера
Чтобы воспользоваться календарем, пожалуйста, включите JavaScript в настройках вашего браузера