Знайсці
13.12.2002 / 13:00РусŁacБел

Хутка вам есьці

Шэсьць гадоў таму ў Беларусі зьявіўся першы “Макдональдз”. A першы сэндвіч, калі верыць амэрыканскаму фальклёру, згатаваў сабе міталягічны асілак-дрывасек Поль Баньян. Маці дала яму ў лес лусту — булкі ды добры кавалак мяса. Поль заглядзеўся на прыгажуноў-ласёў ды сам не заўважыў, як сеў на кайстру й расьціснуў ссабойку ў блін. Нічога іншага не засталося, як укласьці мяса між булак ды гэтак спажыць.

фота Андрэя Лянкевіча
Гісторыя “Макдональдзу” пачалася ў 1940 г. у Каліфорніі, калі браты Макдональды адчынілі невялічкую рэстарацыю каля шашы, каб абслугоўваць тых, хто жадае хуценька падсілкавацца.

Славуты сэндвіч бiгмак зьявiўся ў 1968 г. У 1972 г. пачаўся сапраўдны бум: у сьвеце штодня адчыняўся новы “Макдональдз”. 30 тыс. рэстарацыяў абслугоўваюць штодзённа 46 млн. чалавек у 121 краіне. Больш за ўсё “Макдональдзаў” у Амэрыцы —13 тыс., у Эўропе іх 5800.

Кормяць расейскім

У нашай краіне “Макдональдз” зьявiўся 10 сьнежня 1996 г. Тады адчынiлi тры рэстарацыі — на праспэкце Скарыны, ля плошчы Бангалор ды на скрыжаваньні праспэкту Дзяржынскага й вуліцы Голубева. Сёньня iх ужо шэсьць. Новыя рэстарацыі зьявіліся на плошчы Прытыцкага, ля вакзалу ды на Нямізе. Самая вялiкая — на праспэкце Скарыны каля ГУМу. Яна разьлiчаная на 245 месцаў. Праўда, рэстарацыю каля вакзалу закансэрвавалі сама меней на два гады праз тое, што БДУ будуе побач новы 12-павярховы корпус факультэту міжнародных зносінаў. Штодня ў “Макдональдзе” ядуць 25 тыс. беларусаў. Вядома, праверыць гэтую інфармацыю магчымасьці няма.

На адкрыцьцё кожнай рэстарацыі iдзе 1,2 млн. даляраў, а ўвогуле за шэсьць год працы ў краіне “Макдональдз” уклаў у справу ўжо 14 млн. даляраў. На дабрачыннасьць беларускi “Макдональдз” выдаткаваў каля мільёна даляраў.

У шасьці менскiх фаст-фудах працуюць 860 чалавек: 790 — абслугоўваюць, 45 — мэнэджэры і асыстэнты мэнэджэраў, 25 — адмiнiстратары. Апошніх школяць у замежных “Макдональдзах”, у першую чаргу ў Маскве, Варшаве ды Празе.

фота Андрэя Лянкевіча
Абслуга амэрыканскай кампаніі “Макдональдз” у Беларусі гаворыць толькі па-расейску і толькі па-расейску адгукаецца на беларускую мову кліентаў, чым прыўносіць у справу русіфікацыі і этнацыду індустрыйны пачатак.

Беларускі “Макдональдз” робіць свае стравы ў асноўным з прывазных прадуктаў: 70% паўфабрыкатаў прыходзіць з “Маккомплексу” — харчова-перапрацоўчага цэнтру ў Маскве, які набывае сыравіну ў расейскіх вытворцаў. 18% сыравіны даюць беларускія кампаніі. Гэта соль, цукар, вяршкі, кава, гарбата, сурвэткі й папяровая прадукцыя, аднаразовы посуд, сродкі для мыцьця, уніформа, абутак ды напоі ад “Кока-Колы”.

“Макдональдз” закупляў бы й болей айчынных прадуктаў, але дзеля гэтага замала мець 6 рэстарацыяў на краіну. Так, “айчынныя” малочныя кактэйлі акупяцца толькі тады, калі рэстарацыяў будзе ня меней за 20.

Бігмак як індыкатар

Ёсьць зручны спосаб вызначыць, наколькi дорага жыць у той цi iншай краiне: дастаткова параўнаць цэны на бігмак. У ЗША ён каштуе 2,44 даляра, у “эўразоне” — 2,64 даляра. У нас — 2450 руб., гэта прыкладна 1,3 даляра. У Беларусi праца ў “Макдональдзе” лiчыцца добрым варыянтам, асаблiва для студэнта: стабільны заробак, акуратная ўнiформа, кар’ерныя пэрспэктывы. Але гэта цяжкі хлеб: поўны працоўны дзень, а плацяць каля тысячы рублёў за гадзiну працы (афiцыйна — 1200, але насамрэч выходзiць меней). У Амэрыцы працаўнiк нiжэйшага зьвяна атрымлiвае ў “Макдональдзе” мала — каля 6 даляраў за гадзiну (паводле закону, нельга плацiць менш за 5,15 даляра). Калi параўнаць заробкi супрацоўнiкаў кампанiі ў адносiнах да даляра, выходзіць, што амэрыканцы за гадзiну зарабляюць амаль на два з паловаю сэндвiчы, а нашым ня хопiць i на палову.

Стратэгія заробкаў і цэнаў

Раней фаст-фуды сьвядома імкнуліся трымаць заробкі нізкімі. Апроч эканоміі гэта давала высокую “бягучасьць кадраў”: багата хто хутка губляў жаданьне напружана працаваць за малыя грошы. Заходнім працадаўцам гэта выгадна: можна эканоміць на пэўных сацыяльных адлічэньнях, якія кампаніі мусяць рабіць за сталых працаўнікоў. У 1994 г. брытанскі суд нават прызнаў “Макдональдз” адказным за наўмыснае заніжэньне заробкаў, што выклікала іх агульнае зьмяншэньне ў сфэры грамадзкага харчаваньня. Але цяпер тактыка мяняецца, бо маладых працаўнікоў на Захадзе не стае, дый навучаньне каштуе шмат. Фаст-фуды нават пачалі прапаноўваць супрацоўнікам сацыяльныя выгоды. У Амэрыцы, напрыклад, — мэдычную страхоўку (улучна са страхоўкай на лячэньне зубоў) ды харчаваньне ў рэстарацыі са зьнiжкай.

Супраць

“Макдональдз” любяць ня ўсе. Многія дактары кажуць, што тамтэйшае харчаваньне шкоднае для здароўя. Недагатаваныя стравы з “Макдональдзу” зрабіліся ў 1982 г. у ЗША ды ў 1991 г. у Ангельшчыне прычынай атручаньня дзясяткаў наведнікаў фаст-фуду. “Грынпіс” вінаваціць кампанію ў тым, што яна шкодзіць навакольлю (так, у 70-я “Макдональдз” у Коста-Рыцы прызнаў, што закупляў мяса кароваў, якіх пасьвілі там, дзе раней былі па-барбарску зьнішчаныя трапічныя лясы). “Макдональдз” быў замяшаны ва Ўотэргейцкi скандал: ён выдаткаваў Рычарду Нiксану 250 тыс. даляраў на прэзыдэнцкую кампанiю, наўзамен дамагаючыся адмены падвышэньня мiнiмальнага заробку.

фота Андрэя Лянкевіча
“Макдональдз”, у сваю чаргу, ня любiць прафсаюзаў — у 1974 г. у Сан-Францыска кампанiя выкарыстоўвала дэтэктары маны, каб даведацца пра прафсаюзныя сымпатыi працаўнiкоў. А ў 1980 г. Джэфры Джулiяна, выканаўца ролi блазна Рональда Макдональда, рэклямнага пэрсанажа кампаніі, зволiўся з працы са словамi: “Я прашу прабачэньня ў дзяцей сьвету за тое, што прадаўся канцэрну, якi зарабляе мiльёны, забiваючы жывёлаў”.

Найноўшы скандал — судовая справа супраць “Макдональдзу”, якую распачалі восем дзяцей зь Нью-Ёрку. Яны вінавацяць кампанію ў тым, што яна не патлумачыла, што сыстэматычнае спажываньне сэндвічаў ды чыпсаў вядзе да атлусьценьня й дыябэту. Так, Грэгары Раймз, які з шасьці гадоў амаль штодня харчаваўся ў “Макдональдзе”, важыць 181 кг ды пакутуе на дыябэт.

Галоўныя канкурэнты

Галоўны канкурэнт “Макдональдзу” — кампанiя “Burger King” са сваiмi 11 тыс. рэстарацыяў ды сэндвiчам Whopper, аналягам бiгмаку. Крыху iншы кiрунак маюць кампанiі “Yum”, што валодае фаст-фудавымi сеткамi KFC (стравы са смажанага куранячага мяса), “Pizza Hut” (разнастайныя пiцы) ды “Taco Bell” (стравы мэксыканскае кухнi). Разам гэтыя тры гiганты фаст-фуд-iндустрыi маюць 60 тыс. рэстарацыяў, у якiх працуюць 3,7 млн. чалавек. Досыць папулярныя таксама фаст-фуды “Subway” (спэцыялiзуецца на доўгiх, сантымэтраў па трыццаць, сэндвiчах з шынкай) ды “Dunkin’ Donuts” (прадаюць салодкiя пончыкi). Сярод эўрапейскiх фаст-фудаў варта назваць нямецкую кампанiю “Nordsee”, якая прапануе сэндвічы з рыбай.

Цалкам наш фаст-фуд

Нашумелая рэстарацыя “Хуткае харчаваньне” на праспэкце Машэрава ў Менску, якая нагадвала фаст-фуд, ціха сканала, так і ня даўшы пачатку новай сетцы рэстарацыяў з нацыянальнымі стравамі. Але апрача “Макдональдзу” ў Менску працуюць ТАА “Экспрэс-сэрвіс” ды кампанія “Эбэрт-нарпіт”. Найбліжэй да статусу фаст-фудавае сеткі наблізіўся “Экспрэс-сэрвіс”. Год таму ён меў 45 шапікаў “Хутка, смачна”, якія штодня прадавалі 40 тыс. гот-догаў, прычым “Экспрэс-сэрвіс” не закупляе прадуктаў, а мае ўласную вытворчасьць. Гот-догі ад “Экспрэс-сэрвісу” застаюцца самымі таннымі — 710—730 рублёў. Гэтая кампанія вынайшла таксама гэткія стравы, як “гот-дог вясковы” з традыцыйнай беларускай кілбаскай (1270 р.) ды “піца беларуская” (670 р.). Але сёлета 15 студзеня Менгарвыканкам прыняў пастанову “Пра ўладкаваньне разьмяшчэньня і функцыянаваньня раздробнага гандлю на тэрыторыі гораду Менску” ды прымусіў прыбраць 23 шапікі. Давялося звольніць 300 супрацоўнікаў, продажы ўпалі да 5 тыс. гот-догаў у дзень.

Нямецка-беларуская кампанія “Эбэрт-нарпіт” пачала ставіць кіёскі з надпісам “Хутка, смачна, па-беларуску” ў 1992 г. У Менску іх 11. Тут большы выбар гот-догаў, але й цэны большыя (750—1385 рублёў). Прадаюць там і іншыя стравы, найбольш папулярная зь іх — кебаб (1270 рублёў).

Цэны ў фаст-фудавых шапіках меншыя, чым у “Макдональдзе”, — там сэндвіч каштуе 2,5 тыс. рублёў (праўда, нядаўна распачалася новая акцыя: гамбургер за 1000 рублёў і чызбургер за 1100 рублёў). Даводзіцца, аднак, выбіраць: ашчаджаць грошы ды есьці стоячы на вуліцы ці плаціць болей, але сядзець за столікам у цяпле. А кіроўцы, якія жадаюць пад’есьці, не выходзячы з аўто, увогуле пазбаўленыя выбару: сыстэма Drive-in ёсьць толькі ў “Макдональдзе”.

Алесь Кудрыцкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930