Знайсці
19.02.2001 / 13:00РусŁacБел

Сяргей Максімовіч. Лукашэнка праводзіў Дубка

№ 7 (216), 12 — 19 лютага 2001 г.


 Лукашэнка праводзіў Дубка

Аляксандар Дубко, старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму, памёр увечары 4 лютага. Спачатку перадалі, што ў 22.25, пасьля — у 22.32, але канчаткова спыніліся на сярэднім часе: 22 гадзіны 30 хвілінаў. Стрэлкі гадзіньніка ў ягоным кабінэце былі спынены менавіта на гэтых лічбах. Як і гарадзкі гадзіньнік на званіцы Фарнага касьцёлу.

 

У вобласьці абвесьцілі трохдзённую жалобу. Сьцягі з чорнай стужкай былі разьвешаныя на розных, нават неабавязковых установах — на мастацкай школе, напрыклад. На гар- і аблвыканкамах на даху сьцягі спусьцілі ніжэй, чым звычайна. Канцэрт маскоўскай сьпявачкі Валерыі, якая распачынала свае беларускія гастролі з Горадні, перанесьлі з 5 на 11 лютага. У кавярні ў старасьвецкім стылі «Кранон» атрымалі тэлефанаграму — не ўключаць тры дні радыё.

У першы дзень БТ паведаміла, што сьмерць «ускалыхнула ўсіх супрацоўнікаў аблвыканкаму». Нябожчыка ў тэлевізары пачалі называць «чалавекам-волатам», «вялікім чалавекам». Абласныя тэленавіны раптам перайшлі цалкам на расейскую мову. За ўвесь жалобны час не прагучала ніводнага беларускага слова. Гэтая акалічнасьць папросту кідалася у вочы. Можна падумаць, што беларуская мова не надаецца для падобных выпадкаў альбо што нябожчык быў небеларусам.

Гарадзенскага кіраўніка пахавалі няхрышчаным

У архіўных тэлекадрах Дубко — побач з Алексіем, Філарэтам. Адзначаецца, што ён дапамагаў у рэстаўрацыі Жыровіцкай манастырска-сэмінарскай забудовы. Настаяцелька жаночага манастыра хваліць нябожчыка за спрыяньне праваслаўю. І раптам высьвятляецца, што Дубко ня быў хрышчаны, а таму яго ня будуць адпяваць у царкве. Паўстае адразу пытаньне: чаму царкоўнікаў цікавіў толькі матэрыяльна-практычны бок дачыненьняў з Дубком? Здавалася, натуральна было б прапанаваць чалавеку, які прыхільна ставіўся да царквы, пахрысьціцца. Пагатоў што незадоўга да сьмерці, у свой апошні дзень нараджэньня, ён прызнаўся, што хацеў бы пахрысьціцца.

Абласное радыё ва ўсе жалобныя дні зрабіла беспрэцэдэнтную акцыю — жывы этэр, прысьвечаны нябожчыку. Гараджане тэлефанавалі, прапануючы назваць яго імем вуліцу і пасадзіць на ёй дубкі — «зь ягонай сілай, сугучна ягонаму прозьвішчу». Адна жанчына прачытала верш пра «дуб тысячалетні», сказаўшы, што памяць аб Дубку будзе жыць у народзе, як памяць пра Машэрава. Прапаноўвалася назваць яго імем таксама школу, Гарадзенскі аграрны ўнівэрсытэт, калгас «Прагрэс», якім нябожчык доўгі час кіраваў. Яго пачалі называць «вялікім сынам беларускага народу».

Напачатку ўпэўнена паведамлялася, што на пахаваньне прыедзе Сам. Потым зьявіліся ноткі дапушчальнасьці: магчыма, што прыедзе... Напэўна, у адміністрацыі крыху завагаліся, пачалі ўзважваць, як будзе выгадней для іміджу бацькі беларускага народу. Першым разам ён выступіў на пахаваньні застрэленага Мікалуцкага ў Магілёве: гняўліва ссунутыя бровы, жорсткі голас, пагрозы... Зараз можна было б зьмякчыць уласны вобраз, і Лукашэнка вырашыў зьезьдзіць у Горадню.

Па тэлебачаньні, тым болей, штораз паказваліся кадры: Лукашэнка і Дубко побач. Праўда, Рыгоравіч амаль заўжды са змрочным тварам. Ня выключана, што ён зайздросьціў калісьці нябожчыку. Адзін — учорашні старшыня калгасу-мільянэра, другі — дырэктар жабрацкага саўгасу. Розьніца істотная. Праўда, электарату ўрэшце спадабаўся «бяссрэбранік». Дубко на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. набраў толькі 6% галасоў. Прадстаўляючы Аграрную партыю, ён выглядаў тады на «чырвонага дырэктара».

Калі Лукашэнка браў Дубка ў сваю вэртыкаль, ён сваім жэстам як бы намякаў: ты са мною дужаўся, але я дужэйшы. Я табе, маўляў, прабачаю, але памятай маю ласку. І Дубко памятаў, заўжды ведаў сваё месца, прытрымліваўся прапанаваных яму правілаў гульні. Неаднойчы публічна, пры ўзгадцы аб прэзыдэнцкай кампаніі, каяўся: ня варта мне было спрабаваць. Палітык у нас, дзякуй богу, ёсьць адзін і сапраўдны, а мы, астатнія, — выканаўцы, гаспадарнікі. Супярэчна гэтай ягонай пазыцыі ў жалобныя дні зрэдку гучала ацэнка нябожчыка як «мудрага палітыка»...

Апынуўся ў крэсьле старшыні аблвыканкаму А.Дубко ў пэўнай ступені выпадкова. Ён трывала сядзеў у сваім «Прагрэсе», маючы ўжо 56 гадоў. Хаця кароткі час пры канцы СССР пасьпеў пабыць старшынём аблсавету. Але сам адмовіўся ад пасады, якая была чыста «вясельна-маршалкоўскай».

Лукашэнка прыехаў, каб скінуць Домаша, а пасадзіў Дубка

13 сьнежня 1994 г. Лукашэнка прыехаў у Горадню, каб скінуць старшыню аблвыканкаму Сямёна Домаша. Памочнік Рыгоравіча Посахаў падрыхтаваў пэнсіянэраў, якія прыйшлі сустракаць «маладога прэзыдэнта» з крыкамі: Сямёнава, Сямёнава! Менавіта былы першы сакратар абкаму Сямёнаў мусіў замяніць Домаша. Але дэпутатам аблсавету, рукамі якіх мела ажыцьцявіцца замена, прапанавалі яшчэ і трэцюю кандыдатуру — нэўтральную. А менавіта было названа прозьвішча Дубка. Аднак ён адмовіўся ўдзельнічаць у выбарах — добраахвотна альбо па ўзгадненьні з прэзыдэнцкім бокам. Дэпутаты, аднак, не хацелі Сямёнава і двойчы ўпарта галасавалі за тое, каб пакінуць Домаша. На перапынку Лукашэнка прапанаваў Домашу выйсьці з гульні добраахвотна... Дэпутатам давялося выбіраць з адной-адзінай кандыдатуры. «Воля ваша, Аляксандру Рыгоравічу», — мовіў Дубко.

Можна паспрабаваць уявіць, што магло быць, каб прэзыдэнтам абралі не Лукашэнку, а Дубка. Па-першае, сельская гаспадарка перастала б быць каменем, прывязаным да ног Беларусі. Дубко рэфармаваў бы калгасы, пра што ён адкрыта і настойліва гаварыў раней, пакуль не атрымаў пасады ў вэртыкалі. У яго было яснае разуменьне, як гэта трэба рабіць. Такім чынам, можна дапусьціць, што вяскоўцы сталі б на ногі, фэрмэрства таксама не занікла б, як пры Лукашэнку, а ўмацавалася і пашырылася. Рэфармаваўшы сельскую гаспадарку, Дубко мусіў бы правесьці таксама пераўтварэньні ў прамысловасьці. Беларусь разьвівалася б больш-менш дэмакратычна, паступова ўваходзіла б у Эўропу, атрымлівала істотныя крэдыты. Зьявіліся б нарэшце сапраўдныя беларускія грошы. Вядома, каб новы прэзыдэнт здолеў стварыць нармальную каманду і не ператварыўся ў марыянэтку закулісных сілаў. У любым разе, краіна разьвівалася б у кебічаўскім рэчышчы і дыхаць было б лягчэй. Нацыянальныя школы масава не зачыняліся б, усё беларускае не аплёўвалася б з самых высокіх трыбунаў. Тэлевізар не лаяўся б прэзыдэнцкім голасам і не мянціў усякай лухты, не распальваў бы нянавісьці. І беларусы б ня ведалі, што такое «мазаічная псыхапатыя».

Здавалася б, выпадковыя супадзеньні. Абодва ўсходнікі з паходжаньня, абодва бязбацькавічы. Але розьніца была.

Бацьку Дубка расстралялі ў 1938-м

Бацьку Дубка (Дубко нарадзіўся ў 1938-м), у тым жа годзе расстралялі. Дубко з 17 год стаў заходнікам, прыехаўшы вучыцца ў Гарадзенскі сельгасінстытут. Сапраўды, гэта быў жыцьцёва мудры чалавек, ня злы да людзей, а прыхільны, памяркоўны, інтэлігентны. Але ў прэзыдэнцкую кампанію трэ было стаць неінтэлігентным, злосным, лямантаваць у тэлевізары, выкрываць, спрачацца, «наяжджаць», абяцаць малочныя рэкі і — абавязкова перасаджаць усіх ворагаў. Атрымліваецца, што Дубко ня меў шанцаў.

Кажуць, што літаральна на апошняй плянёрцы нябожчык папрасіў прабачыць яму тых, каму мо сказаў калі рэзкае слова... Кажуць, як адчуваў. У нядзелю быў у працоўным кабінэце, а ўвечары памёр. Праўда, у суботу не працаваў, быў за горадам. У чацьвер знаходзіўся ў сталіцы, «выбіваў» для вобласьці мільён даляраў. Што яго магло непакоіць? Паказчыкі! Па ўсіх вобласьць павінна была вярнуцца ва ўзорна-савецкі 1990 год! Не зважаючы на зьмену эканамічных рэаліяў, ня кажучы ўжо пра палітычныя. Рэжыму патрэбны былі лічбы «росту і росквіту». Лепшая вобласьць мусіла паказваць у гэтым прыклад. А вобласьцю гэтай кіраваў пэнсіянэр, хворы на сэрца.

На многіх прадпрыемствах вобласьці не было ні сыравіны, ні грошай на заробкі, а склады былі заваленыя непрададзенай прадукцыяй. Вымушана нямала прадпрыемстваў з 25 сьнежня да 9 студзеня не працавалі. На адной з апошніх плянёрак старшыня аблвыканкаму з гэтай нагоды ўчыніў праборку: вакацыі сабе калядныя зрабілі! Зьнізіць запасы гатовых тавараў, павялічыць адначасова дадатковыя аб’ёмы прадукцыі! Хто ня выканае, пазбудзецца пасады! Вось такая размова адбылася. Адзін з чыноўнікаў паіранізаваў: нават у савецкія часы ў эканамічных плянах побач зь лічбамі вытворчасьці быў паказчык яе рэалізацыі. Зрабіў — прадай, потым дакладай. Сёньня галоўнае — лічбы. Нарабіць чым болей. На абутковай фабрыцы чаравікаў нашылі на чатыры месяцы наперад. Што зь імі рабіць? Сёньняшняя ўлада загадвае: шыць новыя! Падобныя праблемы відавочна непакоілі нябожчыка ў апошнія дні. Нездарма ж, як кажуць, ён прасіў Лукашэнку адпусьціць яго з пасады. На сьцяне ў кабінэце абласнога галавы застаўся вісець партрэт Рыгоравіча зь непрыхільным выразам твару.

Для пахаваньня Дубка былі прысланыя жаўнеры прэзыдэнцкай роты, спэцаркестар. Некалькі гадзінаў не сканчалася чарга ў аблвыканкам, дзе была выстаўленая труна зь нябожчыкам. Сотні вянкоў, гурба кветак. Але ўсе чакаюць. Чакаюць аднаго чалавека, самага галоўнага ўдзельніка. Празь яго нават значна пазьней пачынаецца жалобны мітынг. Робіцца відавочным жаданьне ўладаў зрабіць мерапрыемства максымальна шырока грамадзкім, палітычным — з увагі на вялікі ўдзел кіраўніцтва дзяржавы і кульмінацыйнасьць выступу Лукашэнкі.

Побач зь вянком ад Лукашэнкі ляжаў яшчэ большы — самы вялікі — выразна бел-чырвона-белы вянок

Дыванамі засланыя прыступкі каля статуі Леніна. БРДМ — баявая разьведмашына з гарматным ляфэтам, на якім труна, накрытая Лукашэнкавым сьцягам. Вялікі чырвона-зялёны вянок ад Лукашэнкі, нечакана побач яшчэ большы — самы бадай вялікі — выразна бел-чырвона-белы вянок. Ня ведаю, ад каго ён быў. Старшыня абласной пахавальнай камісіі Ў.Саўчанка зачытвае тэкст сцэнару: тут сабраліся кіраўнікі, прадстаўнікі... і «тысячы благародных гродзенцаў». У сцэнары, між тым, было напісана «благадарных». Адчуўшы, напэўна, ненатуральнасьць гэтага слова, прамоўца замяніў яго ня менш ненатуральным. Наступны пасьля Лукашэнкі прамоўца пачынае: паважаны Аляксандру Рыгоравічу, дарагая — і называе імя ўдавы. Дык вось дзеля каго ўсё гэта рабілася?! Яшчэ адзін прамоўца неабачліва называе найлепшым тут — на пляцы — нябожчыка. Рыгоравіч пры гэтых словах пачынае прыкладаць насоўку да вачэй. «Сыходзіш прыгожа, годна, па-мужчынску», — ці пахваліў, ці пазайздросьціў нябожчыку вельмішаноўны сталічны госьць.

Калі на могілках адбывалася пахаваньне, у цэнтры гораду раптам зараўлі сырэны. Моцны гуд працягваўся некалькі хвілінаў, выклікаючы неўразуменьне гараджанаў...

Выконваць абавязкі старшыні аблвыканкаму прызначаны ягоны намесьнік У.Саўчанка. Ён жа ўзначальваў і камісію, створаную для пахаваньня А.Дубка. Калі летам 1999 г. Саўчанку зьнянацку прыслалі з Магілёва, дык усе казалі: каб замяніць Дубка. Але атрымалася — каб пахаваць.

Сяргей Максімовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930