Знайсці
24.07.2010 / 12:262РусŁacБел

Шпацыр мумій па Парыжы

Пра новую стужку Люка Бесона «Неверагодныя прыгоды Адэль» піша Ліза Кавальчык.

«Неверагодныя прыгоды Адэль», прыгодніцкая стужка, Францыя, 2010, 105 хв., рэж. Люк Бесон).

Аўтар «Нікіты», «Пятага элементу», «Падземкі» і «Леона» прачынаецца ў сябе на віле. Падыходзіць да серванта. Так, чым бы частаваць публіку гэтым летам? Марскімі рабаўнікамі? Но, но! Нядаўна ж былі «Піраты Карыбскага мора»… Забойцы-кібаргі? Летась хапіла: «Тэрмінатар-4» і «Трансформеры-2». Так, хто застаўся на запас? Муміі, дыназаўры і тэлепаты. Дык каго б ўзяць на ўзбраенне?

«О-ля-ля, — азарае раптам Люка Бесона, — у мяне ідэя: аб'яднаць усіх у адным фільме!»

Гэтым разам патрывожыць спакой муміяў французкамоўная Індыяна Джонс, якая амерыканскаму прафесару археалогіі ў маткі гадзіцца, бо шчыруе на ніве антыкварнага магілакапальніцтва ў дзясятыя гады ХХ ст. Але ў адрозненне ад іншых шукальнікаў адрэналіну, Адэль Блан-Сек ад мумій драпака не дае, хутчэй наадварот: хоча прывесці адзін пачарнелы ад часу экземплярчык у Парыж. Задума — ажывіць муміфікаванае цела, якое калісьці было лекарам, каб той дапамог вылекаваць спаралізаваную сястру. Ажыўляць медыка ў пялюшках Адэль хоча пры дапамозе прафесара-экстрасэнса. І ўсё бы ішло спраўным парадкам, пакуль прадстаўнік французскіх акадэмічных колаў не пачаў паралельна ажыўляць усялякае рознае, напрыклад птэрадактыля з мясцовага палеанталагічнага музея. Які пасаж!

Бесон кажа, што яго рэцэпт змагання з сусветным крызісам, гэта здымаць стужкі кшталту «Адэль», фільм «лёгкі і вясёлы». Што ж, пасля ўдара па галаве дубінай таксама робіцца лёгка і весела. І ў Бесона ідыётамі робяцца ўсе пагалоўна. Першым дасталося парыскім следчым. А яшчэ — бедуіны, якія мелі няшчасце нарадзіцца на радзіме муміяў, у Егіпце. Бесон нічога новага не прыдумаў — пайшоў услед за еўрапейскім стэрэатыпам. Як араб, дык двух гатункаў: паталагічны злыдзень з гнілымі зубамі ці наіўны хлопчык-званочак з шоўкавымі вачыма. І самае шкоднае — недаразвітым рэжысёр выставіў гледача.

Эн, дэ, труа! Адкрыўшы рот пасля «Падземкі» і «Пятага элемента», глядач чакаў нечага такога, бестурботнага і ўзнёслага ўвадначассе ад гэтага вечна ўскудлачанага дзядзькі і ад ягоных бунтарскіх міл ёвавіч і наталак портман, якія процьму гадоў таму наабяцалі марцыпанаў у смятане і новага-новага кіна. Вуаля! Фільм «Неверагодныя прыгоды Адэлі» нагадвае кашмары дзяцінства, калі разгортваеш на вуліцы стракаты фанцік знойдзенай цукеркі, а там другі ужо скамечаны, а за рогам чуваць здушанае хіхіканне. Стужка, зробленая паводле знакавага для французаў комікса Жака Тардзі, магла зрабіцца поспехам, а сталіся ламаннем камедыі. Бесон, вываліўшы россыпы прыгожых артэфактаў на пачатку, хутка іх згарнуў і, кінуўшы гледача пасярэдзіне свайго ж уласнага фільма, пайшоў па чырвоным дыване дапіваць фуршэтную шампань.

Адно суцяшэнне для нас — кадры з няспешным і адтуль кранальным шпацырам ажылых мумій па начным Парыжу, а таксама Адэль, якая сядае на «Тытанік» пад заслону.

Ліза Кавальчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930