Знайсці
25.11.2009 / 12:003РусŁacБел

Кулінковіч: Калі ты забаронены, ты не развіваешся

Вечна маладому гурту «Нейра Дзюбель» споўнілася дваццаць гадоў. Карэспандэнт «НН» гутарыць з яго лідэрам Аляксандрам Кулінковічам.

Вечна маладому гурту «Нейра Дзюбель» споўнілася дваццаць гадоў. Карэспандэнт «НН» гутарыць з яго лідэрам Аляксандрам Кулінковічам.

«Наша Ніва»: Аляксандр, як акрэсліце гэтыя гады ў року адным словам?

Аляксандр Кулінковіч: Раздзяўбайства. Гэтак, па‑раздзяўбайску, мы і канцэрты ладзілі, гэтак з выгаднымі прапановамі без прадусараў абыходзіліся, гэтак жа і альбомы пісалі… Але з іншага боку, за раздзяўбайства нас і любяць. Бо ў нашым раздзяўбайстве, на маю думку, ёсць трохі шчырасці.

«НН»: Вас па‑ранейшаму слухаюць?

АК: Сусветнай папулярнасці, аб якой марылася раней, ужо не хочацца. Мяне задавальняе стабільная павага да нашых песняў. Мы зрабіліся больш унутраным гуртом, чым нават N.R.M. Тыя калі‑нікалі адведваюць Польшчу, мы ж у Расіі апошні раз былі гадоў пяць таму. У нас усё засталося на ўзроўні «паклікалі». Паклікалі ў Наваполацк — прыехалі, у Гомель— прыехалі. Хіба прэса стала пра нас менш пісаць. Але інтарэс слухачоў, дзякаваць Богу, быў заўсёды.

Рок сёння пад полем

«НН»: Можа, проста мінула цікавасць да рок‑музыкі? Бо на дварэ даўно ўжо не канец 1980‑х.

АК: Параўноўваць рок‑музыку ўзору 1989‑га і 2009‑га — тое самае, што параўноўваць прэсу гэтых перыядаў ці тэлебачанне. З сярэдзіны 90‑х у нас ідзе масіраваная прапаганда попа. Усё папсее і ацэнзурваецца. Людзей прывучылі думаць па‑іншаму, ім сталі прапагандаваць іншую, легкаважкую музыку.

У краіне стараюцца не заўважаць рок, асабліва нераскручаны. Мас‑медыя, асабліва дзяржаўныя, каго не могуць ігнараваць — напрыклад, J‑Mopc — неяк прапускаюць, а каго могуць не заўважаць — не заўважаюць. Балазе ёсць выключэнні, як канал СТВ, якія не патураюць гледачу, а працуюць для яго.

«НН»: Але ж тэндэнцыя ўціскання ў рамкі фармату па ўсім свеце…

АК: Не зусім так. Сапраўды, у Расіі ўсё тое самае. Дзе ўсе тыя каманды, што не злазілі з тэлебачання, дзе «Ва‑БанкЪ» і «Агата Кристи»? А вось ва Украіне, дарэчы, не збочылі на гэты шлях: і цяпер там, маючы з Расіяй аднолькавыя стартавыя дадзеныя, прыйшлі да абсалютна іншых вынікаў. Паглядзіце, колькі там рока і вартых тэлеперадач.

Рок — усё ж не мода, гэта рэч больш аб’ёмістая і шматпланавая. І як былі людзі, што цягнуцца да больш змястоўнай музыкі (аналітычнай прэсы ці тэлебачання), так яны і засталіся. Нічога страшнага ў сённяшняй сітуацыі няма. Проста цяпер рок вярнуўся туды, адкуль выходзіў: калі не ў падполле, дык пад поле.

З Праляскоўскім мы сабе не здрадзілі

«НН»: Мінула больш года пасля вашага паходу з Алегам Хаменкам і Лявонам Вольскім да дзяржідэолага Праляскоўскага. Ці палепшылася становішча «забароненых гуртоў»?

АК: Вядома. Цяпер забароны няма, можна спакойна ладзіць канцэрты. Адно выявіўся парадокс: калі мы былі забароненыя, нас запрашалі не менш. Але нас запрашалі не як музыкаў, а як «забаронены гурт з Беларусі».

Цяпер людзі ідуць толькі на нашу творчасць, што мне больш да сэрца. Мне падабаецца, калі мяне любяць ці не любяць за мае песні, а не за тое, які сцяг мне падабаецца больш. Так што да Праляскоўскага мы пайшлі не па грошы, як гаварылі навокал, — наадварот, у грашах мы нават страцілі. Проста калі ты забаронены гурт, табе не трэба нічога рабіць, развівацца. Дастаткова быць забароненым. З іншага боку, гэтым учынкам мы сабе не здрадзілі: як гралі — так і граем, што спявалі — тое і спяваем. Без цэнзуры.

«НН»: А з’едлівыя тэксты — гэта пазіцыя?

АК: Тое, што мы спяваем, гэта — эмоцыі. Перажыванні. Нейкія штукі, які адбываюцца ў грамадстве, вядома, уплываюць на нас. Але мы не пішам песні пратэсту, песні ў лоб. Нават песня «ППРБ». Гэта жартаўлівы твор. Мяне торкнула гучанне абрэвіятуры, што была ва ўсіх на вуснах, «пэпээрбэ». Якая тут палітыка? Проста ёсць рэчы навокал, якія мяне як творцу торкаюць. Спадабаецца — напішу пра адронны калайдэр.

Саладуха не крыўдуе

«НН»: Адкуль вашая фішка, маем на ўвазе перапрацоўкі ў панк‑стылі поп‑шлягераў («Чужая мілая», «Вологда», «Черные Глаза»…)?

АК: У рэміксавыкананні ёсць нешта дзіцячае: як дамаляваць хвацкія вусы Леніну ў падручніку. Мне даспадобы перапяваць чужыя песні. Новага я не перапяваю, люблю настоеныя на гадах хіты, якія перадаюць эпоху. І песням карысць: ім даецца другое жыццё. А першыя выканаўцы? Прынамсі, Саладуха і Ханок, што спрычыніліся да «Чужой мілай», не крыўдуюць.

«НН»: Плятуць, што вы пад «Рамштайн» косіце?

АК: Мы гэтага не хаваем. Разумееце, у альбоме ў адной ці двух песнях мы проста да зарэзу павінны закасіць пад нейкі гурт і яшчэ выканаць якісьці слязлівы шлягер у стылі амерыканскага рок‑попа. Дзеля нашай і вашай радасці.

Караткевіч натхніў спяваць па‑беларуску

«НН»: А як маюцца вашыя супольныя праекты пасля супрацоўніцтва з Вольскім у «Крамбамбулі»?

АК: Ды супольна неяк апошнім часам не зрастаецца. Быў супольнік на вершы Караткевіча, песня «Скры¬пка дрыгвы». Хоць альбом не выйшаў, але трыб’ют меў свой плён, бо дзякуючы яму я пачаў спяваць па‑беларуску.

У песні ж як? Або ты спяваеш на мове, на якой думаеш, або песні выйдуць мертваватыя. Дык вось, хоць я расійскамоўны, але настолькі прасякнуўся паэзіяй Караткевіча, што папрасіў у Вольскага яшчэ колькі беларускіх кніг пачытаць. І так захапіўся, што калі‑нікалі пачаў думаць па‑беларуску. І паляцела, не спыніць‑не стрымаць: пачаў складаць і гуляцца словамі…

«НН»: Як будзеце святкаваць 20‑годдзе?

АК:Запрашаю: 25 лістапада, у сераду, клуб «Рэактар», 19.00. Будзе трохгадзінны юбілейны канцэрт «Нейра Дзюбеля» з усімі выцякаючымі: зайграем самае забойчае, што было за апошнія дваццаць гадоў. Спецыяльна на гэты вечар мы запрасілі старых сяброў: Макса Івашына, нашага колішняга клавішніка, Вольгу Самусік і Алега Хаменку. І можа, можа быць (калі будзе мець час) да нашых святочных спеваў далучыцца Лявон Вольскі.

***

Гурт «Нейра Дзюбель»

заснаваны ў 1989. Выпусціў 17 альбомаў, сярод якіх класіка белрока: «Умные вещи» ды «Охотник и Сайгак». У 1999 «НД» атрымаў званне найлепшага гурта Беларусі — «Рок‑карону». На «Рок‑каранацыі‑2005» першы беларускамоўны альбом «НД» «Танкі» быў прызнаны альбомам года. А ў 2008 тое ж адбылося з альбомам «STASI».

Граюць нервова, апантана. У музыцы дрэйфуюць ад постпанка да хардкора. З фірмовых страў — перапеўкі шлягераў у панк‑ і метал‑апрацоўках.

***

«Нейра Дзюбель» у «Рэактары»

25 лістапада ў клубе «Рэактар» (вул.Харужай, 29) пройдзе трохгадзінны канцэрт «Нейра Дзюбеля». Гурт выканае найлепшыя хіты за дваццаць гадоў. Чакаецца ўдзел Лявона Вольскага, Алега Хаменкі, Макса Івашына, Вольгі Самусік.

Пачатак а 19‑й.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера